Кіраўнік дзяржавы нават аб самых «нерэспектабельных» выніках кажа прама, рэжа праўду. Тут нават аніякі TіkTok не зможа паспрачацца. Прыклад перад вачыма: нават правяраючы Узброеныя Сілы, гаварылі ў тым ліку і аб недахопах. Што нават не прынята ў іншых дзяржавах. Здавалася б, ваенная сфера. Гэта стала дзейсным метадам у арсенале кіраўніка дзяржавы. Мы не адмаўляемся ад ТГ, не блакіруем YouTube, не палюем на VPN. Беларусы — людзі разважлівыя — разбяруцца. А праўда ад Першага насамрэч больш карысная, чым канспіралогія з TіkTok. Хочаце ведаць праўду — калі ласка: «Час амаль ваенны. Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою».
А ў якім яна стане, урад даў справаздачу перад Прэзідэнтам і беларускім народам.
Сенсацыі няма. Гэта адбываецца кожны год. Але вось нерв мерапрыемства агаліў Першы: выразна, ёміста, адкрыта. Без эйфарыі і апладысментаў: Прэзідэнт ацаніў справаздачу Саўміна. Часцей за ўсё Першы звяртаўся да старшыні КДК Васіля Герасімава. Прычына вядомая — выяўленыя памылкі і промахі.
Зразумела, што наша эканоміка адкрытая, беларусы кормяцца са сваіх рук, а не за кошт багацця нетраў. Але, каб зарабіць, мала тавар вырабіць — трэба яшчэ і выгадна яго прадаць. А цяпер гэта вельмі складана. Нават на самым блізкім рынку — расійскім. Грошай усё меней, пазыкі становяцца даражэйшымі, ды і канкурэнцыя без еўрапейскай наменклатуры неймаверная. Вось што атрымліваецца: на самым родным рынку мы павінны канкурыраваць з самымі буйнымі і паспяховымі вытворцамі ў свеце — з кітайцамі. Таму і павінны захаваць дыферсіфікацыю рынкаў — тую класічную шматвектарнасць. Гэта жыццёва неабходныя паводзіны для Беларусі.
А ёсць яшчэ і выпрабаванні. Першае — санкцыі. Другое — эмбарга. Трэцяе — тарыфныя войны. Чацвёртае — валютныя атакі. Пятае — барацьба за тэхналогіі. Шостае — кантроль ланцужкоў паставак, то-бок спроба зрабіць іншыя краіны залежнымі ад лагістыкі і інфраструктуры. Ці не дзеля гэтага цяпер хістаюць той жа Іран? Краіна на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Таму працаваць з букетам «цывілізаваных правіл» ды яшчэ і адкасаўшы рукавы — немагчыма.
Што можа адбыцца — лёгка ўбачыць на прыкладзе паўднёвай краіны-суседкі. Вялікая па тэрыторыі з выхадам да мора, з багатымі глебамі і нетрамі, вялізным навукова-прамысловым патэнцыялам — суседняя Украіна — у агні. А наш фронт — гэта эканоміка. Дзякуючы мудраму знешнепалітычнаму курсу, нягледзячы на найскладанейшую сусветную турбулентнасць.
Камусьці здаецца, быццам усё, што адбываецца вакол, — не пра нас, мы іншыя. Вось вам прыклад, як можна страціць, здавалася б, самае беларускае — грамадскую бяспеку. На тыдні адбылося рэзананснае для Беларусі злачынства — узброены напад здзейсніла група замежнікаў. Усе затрыманы. На месца асабіста выязджаў міністр унутраных спраў. А сэнс просты: нават самую стабільную сітуацыю нам могуць падпсаваць. Так і ў палітыцы, якая з’яўляецца люстэркам эканомікі, неабходна быць гатовымі да ўсяго.
Нашым экспарцёрам прыйшлося спусціцца са звыклых і прэміяльных рынкаў і адправіцца на пошукі новых пляцовак. Дзеля гэтага задзейнічалі дыпламатычны корпус. Адкрываць новыя рынкі, вядома, складаней, чым працаваць на раўтах «інстытутаў развіцця». Але з улікам экспартнай арыентаванасці трэба старацца. І дыпламатам, і экспарцёрам, і вытворцам. У гэтым ланцужку ўсе павінны выкладвацца.
Прычым і кіраўніку прамысловага прадпрыемства, і інжынеру, і дызайнеру, і звычайнаму наладчыку. Бо толькі якасны тавар будзе цікавіць спажыўцоў нават пры самых добразычлівых палітычных стасунках. А без іх нават у краіну не пусцяць. Знешнепалітычны контур на плячах Прэзідэнта. У адной руцэ кіраўніка дзяржавы — дыпламатычны кейс, у другой — экспартны партфель. Але ж за эканоміку адказвае і ўвесь склад урада, рэгіянальная вертыкаль, дырэктарат прадпрыемстваў і кіраўніцтва ключавых канцэрнаў і ведамстваў. Смялей, працуйце!
Яшчэ адно важнае пытанне. Гэта эканомія выдаткаў. Самыя яркія лайфхакі «эканоміі» бюджэтных сродкаў агучыў кіраўнік Дзяржкантролю. Новыя аўтамабілі, незразумелыя экспертныя саветы і аддзелы ці нават упраўленні, створаныя пад добра знаёмага чалавека. Колькі тых пасрэднікаў і бюджэтных прысосак! Цягнуць сілы з дзяржсектара. А вынік дзе? Там, дзе і затраты. Адлюстраваны ў канечнай цане тавару. Прычым грэх той уласцівы і прамысловасці, і навуковым установам.
На знешнім рынку — аб’ектыўныя складанасці. Але ж унутраны патэнцыял не задзейнічаны. Кіраўнік дзяржавы агучыў цэлы «райдар» памылак, промахаў, недапрацовак. Напрыклад, пяцігадовы план па экспарце выкананы. Зарабілі 52 мільярды долараў, але заданні па экспарце канкрэтных тавараў асвоілі толькі напалову. Часам самі кіраўнікі паводзяць сябе як прадаўцы ў савецкіх крамах. Тавар на складах трымаюць. Чаго і ад каго чакаюць?
Прабуксоўвае прамысловасць, ёсць праблемы і ў сельскай гаспадарцы. Выніковыя лічбы дадатныя. Але маглі б спрацаваць яшчэ і больш рэнтабельна. Мякка кажучы, абыякавае стаўленне да жывёлагадоўлі — і сітуацыя не змяняецца. За адзін студзень памерла ажно 20 тысяч цялят. 20 тысяч!!! А мы «іскрым» у TіkTok наконт сэканомленых кілаватаў і не варушымся.
Як высветлілася, шмат хто ў камфортнай спячцы. А вось Прэзідэнт не страчвае форму — заўсёды займаецца асабістай інспекцыяй. Па дарозе на ваенны палігон — раптоўная праверка Узброеных Сіл — прымета часу — Галоўнакамандуючы заадно ўбачыў промахі ў цывільных. Ідэалагічныя банеры мінулагоднія, навалы снегу на шашы, пры пацяпленні можа і пакрыццё пашкодзіць.
Эканоміка — не толькі лічбы, гэта філасофія стаўлення да справы. Гэта без перабольшвання наш фронт. І тут «у акопах» проста не адседзецца. Усе мы на перадавой. Гэта варта дакладна разумець. І дзейнічаць!
Яўген ПУСТАВОЙ