Наш шлях — разора ад трактара, а не ад танка. Можа спачатку гэты шлях камусьці і здаваўся памылковы, але менавіта па ім павёў беларусаў Першы Прэзідэнт. Калі б родная ніва зарасла, то што было б з Беларуссю? Успомніце прыбалтыйскі прыклад знішчанай нацыянальнай эканомікі, украін-скі сцэнарый знішчанай краіны. Таму вёска — квінтэсэнцыя выбранага шляху. Беларусь — цывілізацыя хлеба.
У гэтым сутнасць павагі да простага чалавека. У гэтым сутнасць нашай самадастатковай эканомікі вытворчасці, працы, а не канфармізму, патрыятычнай справы, а не бадзяжніцтва і жабравання па чужых лакацыях. Усе, хто знітаваны з роднай зямлёй, — сапраўдныя героі нашай Айчыны. У цэнтры ўсяго просты чалавек.
Палітыка Лукашэнкі — гэта палітыка ўраджаяў. У радзільных дамах і на палях. А яшчэ ўраджаю палітычных сэнсаў. Краіна, якая выбрала шлях хлеба — заўсёды мудрая. Мінскія ініцыятывы прымаюць у СНД і ЕАЭС, ім апладзіруюць у ШАС і на кліматычных самітах. Мінск стаў прызнанай палітычнай пляцоўкай, дзе абмяркоўваюцца найважнейшыя стратэгічныя пытанні, у тым ліку і рэгіянальнай бяспекі. Але ўсё пачынаецца з прыхільнасці да роднай зямлі і ўсё трымаецца на ёй.
Высокія ўраджаі на беларускіх палях — драйвер росту для ўсёй краіны. Адзін селянін забяспечвае працай дзесяць гараджан. Аднак вёска — гэта не толькі эканоміка. Гэта наратывы беларускай нацыянальнай думкі. Ад поспехаў кожнага на сваім рабочым месцы залежыць агульнае развіццё. У кожнага свой фронт.
Мерч Першага — «не будзе вёскі — не будзе дзяржавы». Так сказаў Прэзідэнт, маючы на ўвазе наша багацце, якое ў зямлі, і паважлівыя да яе адносіны. Тады і ўраджаі будуць, і эканоміка, і зямля застанецца нашай. Неаднойчы ўжо вёска ратавала беларусаў. Не толькі ў харчовым сэнсе, яна дапамагае нам трымацца нашых сэнсаў.
Колькі разоў вёска чула у свой адрас агіднае — «дзярэўня». Нібы маці ад сына-грубіяна. Але калі чалавек разумнее, сталее, ён вяртаецца да роднай зямлі, да сябе. Там усё, з чаго пачынаецца наша жыццё, бо бадай што кожны цяперашні гараджанін з дзяцінства памятае падарожжа да бабулі ў вёску. Так, там бліжэй да сонца.
А ў цяперашнім свеце, дзе кожную хвіліну ставяць пад сумнеў усё самае важнае і каштоўнае, нават чалавека, надзейны арыенцір — наша вёска. Будзе яна — будзе і незалежная дзяржава Беларусь.
Яўген ПУСТАВОЙ