Прычым, нягледзячы на рэлігію, культуру, глабалізацыйныя стандарты дайшлі да ўсяго свету, а чалавек, які схіліўся над экранам гаджэта, — карціна не толькі з барэлеўскіх «джунгляў» і з тых сапраўдных — трапічных. Клімат глабалізацыі знішчае цывілізацыйныя адрозненні.
Уладарамі будуць тыя, хто валодае навукамі. Вось такія канцэпцыі ў роздумах заходніх эліт. І дзякуй богу, што ёсць яшчэ разважлівыя, смелыя, не падатлівыя палітыкі — сапраўдныя, нібыта калектыўны Спартак, яны ідуць супраць постгуманістычнага мэйнстрыму. Гэта пра нацыянальную самасвядомасць і пра «людзьмі звацца». Таму нястомна наш Прэзідэнт і шукае пункты апоры ў свеце для нашай адкрытай эканомікі. Экспарт тэхналогій дазволіць не толькі яе развіваць, але і знаходзіць сродкі для далейшага развіцця тэхналагічнага і навуковага суверэнітэту. Інакш — лічбавы рабаўладальніцкі лад. Трэцяга, як вы разумееце, не дадзена.
Дарэчы, дзяржавам глабальнага Поўдня свае інтарэсы неаднойчы даводзілася абараняць сілай зброі. І гісторыя гэтых краін — гэта гісторыя барацьбы. Устанавіць сцяг сваёй незалежнасці яны змаглі толькі пасля таго, як сцяг Перамогі ўзвіўся над зрынутым Рэйхстагам. Вынікі Другой сусветнай вайны дазволілі расставіць прыярытэты новага светапарадку, а для большасці краін глабальнага Поўдня сталі пропускам да незалежнасці. Таму нас аб’ядноўваюць больш чым проста гандлёва-эканамічныя стасункі. Раней Беларусь пабудавала апоры для ААН, а цяпер можа стаць краінай-апорай для дзяржаў з вялікім, але не задзейнічаным патэнцыялам. Зразумела, іх развіццё не ў інтарэсах сучасных мерытакратаў-каланіялістаў.
А вось для Беларусі гэта не проста раўнапраўныя партнёры, а сябры, якім важна дапамагчы стаць на крыло. Нездарма ж Першага так сустракаюць у многіх краінах глабальнага Поўдня. Адбіваюцца і палітычны аўтарытэт самога лідара, і дактрына эканамічнага супрацоўніцтва афіцыйнага Мінска — экспартуем кампетэнцыі і прапануем раўнапраўныя адносіны. З-за гэтага і паважаюць.
У М’янме суправаджэнне арганізавалі ўжо ў паветранай прасторы.
Потым былі дзясяткі матацыклістаў, якія суправаджалі картэж, на наступны дзень — конная гвардыя. А ў вечар прылёту зверху можна было ўбачыць ілюмінацыю ў колерах беларускага сцяга ў аэрапорце. Ганаровая варта, артысты, моладзь, ВІПы — усяго 300 чалавек. Каля борта Першага сустракаў асабіста прэм’ер-міністр краіны, ён і кіраваў усёй падрыхтоўкай візіту.
Сярод тытулаў тутэйшага кіраўніка дзяржавы — старшыня Камісіі нацыянальнай бяспекі і міру. М’янма — важны вузел геапалітыкі. І ёсць міжнародныя сілы, якім выгадна нестабільнасць у гэтай краіне. Ад яе ўсім нечага трэба, а даць гатовая толькі Беларусь.
Міжнародны вайб нашай краіны расце. Маем на гэта поўнае гістарычнае права. Палітычны аўтарытэт і палітыка эканамічнага раўнапраўнага супрацоўніцтва ўсё больш прыцягваюць на нашу арбіту дзяржавы глабальнага Поўдня.
Першы правёў сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам Амана — актуалізаваны пункты плённага супрацоўніцтва. Наступны пункт на карце вялікай камандзіроўкі — Афрыка. У Алжыры мы адчыняем новыя дзверы. Дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі ўстаноўлены ў кастрычніку 1995 года. Але гэта першы візіт на вышэйшым узроўні ў гісторыі палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва паміж Мінскам і Алжырам (тое самае і з М’янмай). Гэта новы напрамак вялікага маршруту і важны стратэгічны пункт на карце міжнародных адносін нашай краіны.
Унікальная шматвектарнасць. І нават — геапалітыка. Менавіта так заходнія аналітыкі ацанілі і праанансавалі паездку беларускага лідара. Беларусь не толькі задае тон у еўразійскай інтэграцыі, але і гуртуе краіны на розных кантынентах. Пакуль заходнія лідары зацягваюць вузлы канфліктаў, наш Прэзідэнт звоніць у званы прымірэння (прычым, і у літаральным сэнсе, як нядаўна ў М’янме), заклікаючы свет да супрацоўніцтва і адкрытасці. Гэта і ёсць надзея на лепшую будучыню для ўсіх нашых дзяцей і ўнукаў. Спадзяюся, што ўсё ж надзея, якая спраўдзіцца.
Яўген ПУСТАВОЙ