Мастак Алег Гуцол актыўна супрацоўнічае з часопісам «Вожык» [4], які падтрымаў з'яўленне экспазіцыі яго карыкатур на другім паверсе Дома прэсы. Арганізатарамі выстаўкі выступілі таксама Міністэрства інфармацыі Беларусі і Выдавецкі дом «Звязда».
Мастак праілюстраваў больш за 60 кніг, прыняў удзел у больш чым 600 міжнародных выстаўках і конкурсах карыкатуры, а яго работы, што з'яўляюцца на старонках часопіса «Вожык», імпануюць чытачу. Бо гэта заўсёды шчыра, з гумарам і пра жыццё.
— Адзін блазан пераўзыдзе ўсіх каралёў і ўсіх прыдворных. Гэта тое, пра што ўсе ведаюць, але маўчаць. — адзначыў мастак Сяргей Волкаў на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі. — Алег Гуцол — унікальная з'ява, чалавек-сонца. Усе яго работы выклікаюць усмешку і здаровы смех. І ўзровень яго прафесіяналізму надзвычай высокі — ён мае свой твар і ўласны мастацкі стыль, яго ні з кім не пераблытаеш. Думаю, такія работы трэба часцей змяшчаць на вокладцы «Вожыка», а не толькі на ўнутраных старонках.
Варта адзначыць, што карыкатурай мастак прафесійна займаецца з 1987 года. У свой час ён друкаваўся ў часопісах «Перець», «Крокодил», «Чаян», «Tapіr» «Fenamіzah» і іншых. Супрацоўніцтва з «Вожыкам» таксама аказалася надзвычай плённым. Літаратурны рэдактар часопіса Вераніка Мандзік акцэнтавала:
— Хацелася б звярнуць увагу на назву выстаўкі — «Антрапалогія». Я задумалася, чаму менавіта яна?.. Але калі прыйшла ў Дом прэсы і зірнула на малюнкі, усё стала відавочна. Антрапалогія — навука пра чалавека. Чалавек — істота разумная. А найпершая прыкмета інтэлекту і розуму — тонкае пачуццё гумару. Гэта тое, чым валодае спадар Гуцол, які дае нам магчымасць зірнуць на жыццё праз яго выдатны мастакоўскі густ і талент.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [5]
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] http://zviazda.by/be/edition/vozhyk
[5] mailto:nina@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/vozhyk-2
[7] https://zviazda.by/be/tags/aleg-gucol
[8] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda
[9] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya