Пасля таго як у 1597 годзе Віцебск атрымаў Магдэбургскае права, пачалося будаўніцтва драўлянай ратушы — сімвала гарадскога самакіравання. Але ж пасля паўстання віцяблян у 1623 годзе яе разабралі. Другі раз ратушу пабудавалі ў 1644-м, калі гораду былі вернуты прывілеі... У ХVІІІ стагоддзі яна тройчы была знішчана пажарамі. І пасля чарговага пачалі ўзводзіць мураваны будынак. Будаўніцтва завяршылася ў 1775 годзе.
У 1833-м на вежы ўсталявалі гадзіннік. А замест высокага шатровага даху была зроблена назіральная пляцоўка з невялікай ратондай.
Тыя, хто цікавіцца гісторыяй Віцебска, ведаюць, што да 1911 года ніжняя частка ратушы была двухпавярховай. Тады ж надбудавалі трэці паверх.
З 1924 года ў ратушы знаходзіцца Віцебскі абласны краязнаўчы музей.
— У наш час тут можна пабачыць не толькі цікавыя экспазіцыі і выстаўкі або заказаць экскурсію. Вельмі папулярныя розныя квэсты. Дзеці могуць адсвяткаваць дзень нараджэння, а дарослыя — зарэгістраваць шлюб, — расказвае Валерый ШЫШАНАЎ, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Шмат людзей купляюць білеты для таго, каб трапіць на назіральную пляцоўку. Адтуль,
з вышыні птушынага палёту, горад адкрывае па-новаму сваю прыгажосць.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Віктара Нікалаева
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-ratusha
[6] https://zviazda.by/be/tags/budynak