...У Віцебск, на нядаўні «Славянскі базар», мы, расонцы (калектыў цэнтра культуры і народнай творчасці), выехалі на досвітку, а шостай раніцы, вядома ж, загадзя ўсё прадумаўшы і размеркаваўшы, у тым ліку ролі. Мне, напрыклад, дасталася досыць ганаровая — шляхціца Завальні.
Ён, той шляхціц, паводле пісьменніка Яна Баршчэўскага і арганізатаркі нашага клуба самадзейных паэтаў Надзеі Кожар, павінен быў насіць, па-першае, скураныя боты і норкавую шапку, упрыгожаную брошкай і пяром невядомай птушкі, па-другое, — жупан, падперазаны шырокім поясам, з якога на ланцужку звісаў адмысловы кінжал у срэбраных ножнах, па-трэцяе, накідку з лісы...
Усё, калі карацей, па-панску багата, прыгожа і, можа, нават зручна, але ж было б, калі б не надвор'е... А яно ў той дзень задалося з самага ранку: на небе — каб хоць адна аблачынка! І ля зямлі — хоць бы лёгенькі ветрык... Толькі сонейка прыпякала.
Шляхціц Завальня (на тое ж і шляхціц!) стараўся трымацца з форсам і гадзін да дванаццаці сіл на гэта яшчэ хапала: ён забаўляў размовамі сваю спадарожніцу (панну — у адпаведным убранні), фатаграфаваўся з гаспадарамі і гасцямі фестывалю на фоне вялікай карціны старажытнага замка, адказваў на пытанні, нават даваў інтэрв'ю, а вось далей...
Пад цёплай норкавай шапкай узмакрэла галава, па спіне пабеглі ручаінкі. І нідзе ж не дзенешся: не распранешся да лёгкай сарочкі, не пастаіш у цяньку за слупам, як, напрыклад, супрацоўнік ДАІ, што сачыў за парадкам на давераным участку дарогі...
З зайздрасцю і ўсё часцей і часцей «шляхціц» пазіраў на даішніка ды ўспамінаў не менш вядомага пана Быкоўскага з «Паўлінкі», які лічыў, што за падобныя мукі «панну», якая стварыла вось гэткі вобраз шляхціца, не было б злачынствам «пшыдусіць»...
...Але ж вось, недзе а сямнаццатай дайшла чарга да агляду раённых пляцовак, што размясціліся на адной з плошчаў у цэнтры Віцебска, і я, можна сказаць, па-шляхетнаму прадставіў нарэшце сваю спадарожніцу, а затым і сябе. Сказаў высокай камісіі:
Я —
шляхціц Завальня
з мінулых часоў.
Магчыма, для вас нечакана
У сённяшні дзень
аж з саміх Мурагоў
Прыйшоў
ад Баршчэўскага Яна...
Божухна, якім жа доўгім і пакутным быў гэты шлях! Як ні круці (і ля скроні таксама), а ўдзел у «базары» (нават такі) патрабуе ахвяр: не ведаю, колькі патоў з мяне сышло, колькі кілаграмаў...
Ведаю, што ачуняць ад так званай «Славянкі» мне ўдалося толькі назаўтра і бліжэй да вечара.
Аляксандр Матошка, Расонскі раён
Для пачатку — анекдот. Адзін стары халасцяк у рэстаран схадзіў, з жанчынай пазнаёміўся, вечар прабавіў... Раніцой яе ў ложку сваім знайшоў і вельмі здзівіўся: што за птушка, маўляў, і як сюды заляцела? «Мілы, ты ж мяне сам прывёў, — напомніла тая. — Увесь вечар казаў, што любіш, абяцаў ажаніцца...» — «А табе колькі гадоў?» — «У жанчын пра гэта не пытаюцца, — «зашчабятала» птушка. — Ім столькі, на колькі выглядаюць». — «Дык столькі ж не жывуць!» — прызнаў халасцяк.
У кожным жарце ёсць доля жарту. Многія і сапраўды непрыгожыя ў старасці. Але ж шмат хто і ў 80-90 гадоў выглядае — дай бог.
Мая мама (светлай памяці!) якраз з такіх. Яна вельмі сачыла за сабой: купляла дзіцячы крэм для твару і рук, унуччыным алоўкам падводзіла бровы, хораша адзявалася — нават дома і ў будныя дні. А ўжо калі ў госці ці да доктара...
Аднойчы перад паходам у паліклініку перабрала ўвесь свой гардэроб і, на жаль, нічога не знайшла (у жанчын такое бывае...). Затое ўспомніла, што літаральна ўчора ўнучка зганьбавала прыгожую белую блузку з аборкамі і чорную спадніцу: «Не модна, — сказала, — болей насіць не буду». — «Ну і дарэмна», — прызнала тады бабуля. А сёння дастала тую «двойку», прымерала... Дык жа любата! Больш нічога не скажаш! Такой і фрэйліны не мелі ў царскім двары!
Падумала так і, прыбраўшыся, пайшла ў паліклініку — у знаёмы кабінет.
Вось толькі знаёмай доктаркі Зінаіды Яфімаўны там чамусьці не аказалася — быў іншы ўрач, зусім маладзенькі... Але таксама ўважлівы: пра здароўе распытаў, з увагай выслухаў, таблеткі выпісаў. А напаследак акінуў вокам з галавы да ног і з хітрынкай спытаў:
— А колькі ж вам гадоў?
Мама тут жа ручкі на талію, ножку наперад і з форсам:
— Васямнаццаць. Хіба не бачыш? Можна спатканні прызначаць.
...На гэта, аднак, доктар не адважыўся. «Мусіць, ён жанаты ўжо?» — вярнуўшыся дамоў, «пашкадавала» мама.
Зоя Наваенка, г. п. Падсвілле, Глыбоцкі раён
Некалі даўно я працаваў настаўнікам. І мусіць жа, нядрэнна, калі вучні і сёння рады павітацца, расказаць пра сябе.
...У школе пра гэтых дзяўчынак казалі, што яны сяброўкі — не разліць вадой. І сапраўды, калі ўбачыў дзе Галю, значыць, блізка Лена, і наадварот.
Праўда, было так да дзясятага класа, потым — нешта пайшло не так. Можа, таму, што ўвагу самага вясёлага троечніка Федзі заваявала Лена, можа, таму, што вучыліся дзяўчаткі аднолькава добра, але ж «пяцёрак» болей было ў Галі (маці яе таксама працавала настаўніцай)...
У педінстытут пасля школы паступіла і дачка. А вось Лена...
Тады, у другой палове 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калгаснікам пачалі плаціць хоць мізэрныя, але ж грошы (датуль былі палачкі-працадні). Адпаведна, у глыбінцы сталі вышукваць нейкія памяшканні, адкрываць невялічкія крамы.
У Ленінай вёсцы пустых пабудоў не было, была напалову пустая — іхняя хата: бацька паспеў паставіць новую, ды не паспеў пажыць — загінуў, калі дачушка зусім малая была... Маці яшчэ раз замуж не выйшла, дзяцей не нарадзіла, жыла з Аленай удзвюх...
І таму не дзіва, што менавіта да іх неяк завітаў старшыня сельсавета з нейкай раённай начальніцай, якая і прапанавала матулі ў адной палове іх дома адкрыць магазін, дзе Лена (калі, вядома ж, захоча) можа гандляваць усім: ад іголак да ботаў-гумовікаў і ад хлеба да гарэлкі...
Ну куды ж без яе — хадавы тавар (на аматараў). І з рознымі цэнамі: пасля «Маскоўскай» па два рублі восемдзесят сем капеек, якая закаркоўвалася так званай бесказыркай, помню, з'явілася яшчэ «Расійская» па тры нуль сем ды «Сталічная» па тры дванаццаць — ужо з вінтавой закруткай. Для хлопцаў гэта зручна было: хлыкнуў для храбрасці, паставіў бутэльку ў снег ці ў траву і запрасіў дзяўчыну на танец, потым вярнуўся — кульнуў дзеля смеласці, каб палезці цалавацца...
Такім чынам адразу пасля школы Лена стала заўмагам. А калі ўжо выйшла замуж за Федзю і калі менавіта ў краме з'явіўся першы тэлефон, форсу мела — без фігі не да носа, як той казаў!
Адно яе засмучала: былая сяброўка Галя ў вёску прыязджала на ўласным «Масквічы», а ў іх нават «Запарожца» не было. Грошай на яго — таксама... Як і законных спосабаў зарабіць.
Быў хіба незаконны — гнаць і прадаваць самагонку. А што — з мукой праблем аніякіх, апарат можна ўзяць у свёкра, ён жа Федзю гнаць навучыў...
І працэс пайшоў, як сказалі б потым: гарэлка прадавалася — і дома, і ў краме — па рублі за паўлітра. Чысты прыбытак за тыдзень складаў 40—50 рублёў, якія Лена хавала пад матрац і, засынаючы на ім, думала, што сяброўку такі пераплюне — купіць «Жыгулі».
Так бы, відаць, і выйшла, калі б гэты новы Ленін занятак не дапякаў вясковых жанчын, мужы якіх сталі напівацца нават сярод ночы і без грошай.
А таму не дзіва, што нехта напісаў ананімку: маўляў, так і так — крамшчыца спойвае вёску, труціць людзей няякасным прадуктам...
Каб праверыць гэты сігнал, з райцэнтра на УАЗіку (сяржант — за рулём) прыехала міліцыя. На месцы, у суседняй вёсцы, узяла з сабой участковага. Яго жонка тут жа пазваніла Лене... А ў той у запечку, у бутэльках ад «Сталічнай» (з вінтавымі коркамі) — дзве скрынкі самагону. Крамніца ледзь паспела перанесці іх у магазін, зачыніць яго на абед і ўжо дома сустрэць правяральшчыкаў...
Тыя (людзі потым расказвалі) ператрэслі ў хаце ўсё і... нічога не знайшлі. Хіба адыходзячы, сяржант папрасіў прадаць яму пляшку гарэлкі. Лена, вядома ж, з радасцю: адчыніла краму, паставіла на прылавак аж чатыры бутэлькі «Маскоўскай» — бяры, без грошай. Той ні ў якую: «Мне, — кажа, — трэба адну... «Сталічнай». І што было рабіць? Давялося прадаць.
...Не ведаю, як цяпер, а некалі можна было сустрэць міліцыянераў, якія не грэбавалі «кропляй-другой» гарэлкі. Вось і гэтыя пасля ператрусу прыпыніліся за вёскай, узялі па чарцы той куплёнай «Сталічнай» і пераглянуліся: пра якасць самагонкі ў даносе быў яўны паклёп, але ж каб яна прадавалася ў краме... Ды гэта ж сапраўдная дыверсія, падрыў дзяржаўных устояў (той жа манаполіі на продаж алкаголю)!.. Ды за гэта ж...
Крамніцы, карацей, свяцілі ну вельмі вялікія непрыемнасці. Таму Лена ў той жа дзень напісала заяву на звальненне.
...Як і варта было чакаць, без работы яна не засталася: пабыла і бухгалтаркай, і паштальёнкай, і загадчыцай фермы, але ж казала, што ўсё гэта «не тое», «не яе».
Яе — была крама, дома, пад бокам... І, відаць, засталася б, калі б не дурная зайздрасць, не жаданне «фарсануць» перад Галяй.
І. Буйко, г. Ліда
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou