...Могiлкi ў гэтай вёсцы — чысценькiя, прыбраныя — знаходзяцца ў цэнтры. На iх (клопат энтузiястаў) ужо выбрана месца i прывезены гравiй для будучай каплiцы. Там жа, на кладах, на адным з помнiкаў — шчыры кранальны надпiс: «Любiце Сомiна, як я любiў».
I сапраўды, у гэтай вёсцы жыве свайго роду дух спаборнiцтва: маўляў, я для свайго Сомiна ўсё зраблю... А я — дык i яшчэ болей! Прычым стараюцца вось так, адзiн перад адным, найперш тыя, хто нарадзiўся тут i вырас, хто, як кажуць, стаў на крыло. Летась, напрыклад, яны «вярнулiся», каб разам з мясцовымi жыхарамi раскарчаваць пляжную пляцоўку, злучыць яе з тэрыторыяй мясцовага сельскага клуба. Таму сёлета святу вёскi было вельмi раздольна — як, мусiць, нiдзе.
I фармат быў новы. Фэст «Сомiнская юшка» стаў прызнаннем у любовi найперш да возера, на берагах якога вырасла так шмат заўзятых рыбакоў. Яны — i людзi сталыя, i каманда, можна сказаць, малых, пачаткоўцаў — спаборнiчалi не толькi ў тым, хто больш наловiць рыбы, але i ў тым, хто найлепш «распарадзiцца» гэтым уловам — зварыць смачнейшай юшкi. Адшукае, напрыклад, старажытны рэцэпт, дадасць ёй «прыправы» ўдалай назвай, адпаведным афармленнем пляцоўкi з вогнiшчам, замовiць майкi з назвай каманды, пачастуе ў дадатак грачанай кашай…
Парадавала гледачоў i канцэртная праграма: выступленнi ансамбля «Сяброўкi», салiстаў Iвацэвiцкага ГДК, мясцовых знакамiтасцяў...
Сярод такiх быў i «хлопчык» Сашка (яго мацi адна гадавала шасцёра дзяцей — бацька рана памёр...), якi некалi не меў нават добрага абутку, а цяпер купiў сабе цi не самы круты матацыкл i на свяце разам з сябрамi правёў парад байкераў... Прычым не проста, каб пакрасавацца, а прадоўжыць збор сродкаў на лячэнне хворай дзяўчынкi Сафii.
Гэтую ж скарбонку хацелi папоўнiць i мясцовыя жанчыны, гаспадары аграсядзiбы «Мядовыя канiкулы». Iх клопатам на свяце прадавалася свежая выпечка, сокi, глазураваныя пернiкi з надпiсам «Сомiна». Для дзятвы тут можна было купiць цацкi i ўпрыгожаннi, зробленыя рукамi майстрых. А пакуль дарослыя ацэньвалi смак юшак, працаваў батут, анiматар праводзiў гульнi…
Быў на свяце i яшчэ адзiн парад — машын, якiя штогод удзельнiчаюць у «Трофi-рэйдзе» да Дня Перамогi. Дарэчы, у апошнiя гады ў пераможцы мiжнароднага спаборнiцтва выходзiлi менавiта сомiнцы, якiя па балотах умеюць не толькi гойсаць, але сканструяваць для гэтага сваё аўто, што i зрабiлi браты Салонкi...
У свят вёскi былi, ёсць i, дасць бог, будуць пастаянныя спонсары — выхадцы з Сомiна. Iх прозвiшчы — Капыцiчы, Куцкi, Абрамчукi, Кармановiчы... То-бок, самыя распаўсюджаныя, вясковыя, дзе носьбiты iх даводзяцца адзiн аднаму то дзядзькамі, то братамі, то сватамі, то блiзкiмі сябрамі... На Новы год i Каляды яны прывозяць усiм тутэйшым дзецям падарункi, частуюць адзiнокiх, шматдзетных i проста жыхароў сталага ўзросту. Яны шануюць гiсторыю вёскi, паклапацiлiся, каб з суседнiмi яе злучала добрая асфальтаваная дарога, каб тут быў газ. Адных аграсядзiб у Сомiне, вёсцы, дзе жыве сотнi паўтары чалавек, цэлых тры i кожная — у сваiм непаўторным стылi...
Вось i гэтым разам спонсары падумалi пра сюрпрыз: свята завяршыў двуххвiлiнны салют i дыскатэка пад зорным небам. Бо як жа яшчэ, калi Сомiна, кажуць — як першае каханне: адно i ўжо назаўсёды.
Валянцiна БОБРЫК
Фота Валерыя МIСКЕВIЧА
Дэсантнікі Смаргонскага раёна ў дзень паветрана-дэсантных войскаў (гэта ўжо традыцыя) наведаліся ў дзіцячы прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра.
Выхаванцы яго, ну вядома ж, чакалі гасцей, загадзя разам з выхавацелямі падрыхтавалі віншаванні і паштоўкі.
З падарункамі, салодкім пачастункам і клоўнам Клёпам прыйшлі і «блакітныя берэты», адбылося сапраўднае свята, пасля якога дзецям, зразумела ж, не трэба казаць (бо яны ўжо ведаюць), што дэсантнік — гэта чалавек, які заўсёды знаходзіцца ў патрэбны час у патрэбным месцы, які дапаможа...
А таму — шчырая ўдзячнасць усім, хто прычыніўся да гэтага мерапрыемства.
Ларыса Татарынава, дырэктар Смаргонскага СПЦ
Размясцiўся ён на пляцоўцы раённага цэнтра рамёстваў, дзе роставыя драўляныя скульптуры суседнiчалi з яркiмi кнiжнымi стэлажамi, каляровымi лавачкамi i столiкамi з перыёдыкай. Пад лёгкае шамаценне кнiжных i часопiсных старонак, за кубачкам кавы цi гарбаты, пад гукi жывой музыкi там можна было шмат чаго пачуць i ўбачыць — змястоўна адпачыць... У аўтарскай апрацоўцы мясцовага фалькларыста Рамана Яраша гучалi кампазiцыi на словы Уладзiмiра Караткевiча, Янкi Купалы, Максiма Багдановiча, у добрыя рукi прасiлiся добрыя кнiгi, прэзентавалiся найлепшыя апавяданнi беларускiх аўтараў пра каханне, дзе зменлiвасць яго, самага першага (паводле апавядання Леанiда Маракова) «iлюстраваў» тэатр «Жывая кнiга».
У сатырычным ракурсе тэму кахання прадставiў тэатр iнтэрмедыi «Паралонавае сэрца», а ўсю вечарыну разнастаiлi конкурсы, гульнявыя экспромты, танцавальная размiнка i сумеснае выкананне маладзёжных хiтоў.
Тамара Круталевiч, г. Беразiно
У аграгарадку Крынкi, што ў Лёзненскiм раёне, мне пашчасцiла пазнаёмiцца з жанчынай, якая, жывучы ў шматкватэрным доме, захапляецца…
Зрэшты, па парадку.
Па адукацыi Галiна Леанiдаўна Папова — бухгалтар, больш за 30 гадоў адпрацавала ў гандлi. Яна маладжавая, стыльная, сочыць за сабой. А яшчэ даглядае... свiнак-парасят, козачак, курэй. У гэтым ёй дапамагае сям'я, iнтэрнэт i набыты з дзяцiнства вопыт.
Справа ў тым, што яе мацi — Марыя Якаўлеўна Iгнатава — Герой Сацыялiстычнай Працы, знакамiтая свiнарка саўгаса «Крынкi».
— Мы з сястрой — успамiнае Галiна Леанiдаўна, — дапамагалi ёй па гаспадарцы столькi, колькi помнiм сябе, любiлi ўсякую жывёлу... Я з сямi гадоў ездзiла конна, кiравала падводай... Аднойчы, помню, пачула, што ў вёсцы захварэла жанчына, i самавольна паехала па фельчарку, па «хуткую дапамогу»... I такi ж прывезла яе, хоць па дарозе мы перакулiлiся... Атрымала тады ад бацькi. Але шчасце, што ўсё было не дарэмна... А потым, калi падрасла, спакойна адпускала маму куды-небудзь схадзiць цi з'ездзiць, — з гаспадаркай спраўлялася сама.
Таму, вiдаць, не дзiва, што ў 18, толькi скончыўшы школу бухгалтараў ды ўладкаваўшыся на работу, дзяўчына выйшла замуж за мясцовага хлопца Васiля Галцеева — сама стала гаспадыняй, а ў хуткiм часе i мацi. У сям'i ўсё добра было — гадавалiся дзве дачушкi Святлана i Таццяна...
Гора, як лiчыць жанчына, iм прынёс Чарнобыль. Муж, саўгасны кіроўца, быў камандзiраваны ў небяспечную зону, перавозiў адтуль людзей у суседнiя Паловiкi, пасля чаго захварэў на лейкоз i памёр. Яго жонка ў 27 гадоў засталася ўдавой, дзецi — сiротамi. I добра яшчэ, што побач жылi бацькi — без iх падтрымкi куды цяжэй было б перажыць непапраўнае, выгадаваць дачок.
А потым лёс падарыў гэтай жанчыне сустрэчу з Аляксандрам Паповым, якi стаў для яе надзейнай апорай, а дзецям i наогул — замянiў бацьку. Клапатлiвы i працавiты, Аляксандр Аляксандравiч падтрымлiвае ўсе iдэi жонкi, адна з якiх ператварылася ў сапраўднае хобi: развядзенне свiней.
— Мне вельмi хацелася б атрымаць новыя пароды, — дзелiцца Галiна Леанiдаўна. — Я маю сувязi з племянным прадпрыемствам, бяру там бiялагiчны матэрыял, сама (так, як вучыла мама), раблю асемяненне, прымаю апаросы... I ведаеце, так прыемна трымаць на руцэ новае жыццё! Парасяткi нараджаюцца i меншанькiя, i большанькiя... Затым, пры добрым доглядзе, выраўноўваюцца, хутка растуць, набiраюць вагу. Вельмi важна «пракалоць» iх вiтамiнамi i жалезам, тады яны будуць здаровенькiя. У хляве ў нас ёсць спецыяльныя месцы з лямпамi для абагрэву — малыя спяць там... На дзясяты дзень даю iм прыкорм — смажанае зерне....
Усе свае назiраннi гаспадыня заносiць у спецыяльны сшытак, потым зазiрае ў яго, каб не пераблытаць, каму, што i калi, бо на падворку — тры свiнаматкi, а было i больш — такiх парод, як ландрас, вялiкая беларуская белая, п'етрэн, iаркшырская, кантор, дзюрок.
Сёлета гаспадары чакаюць прыплоду ад ландрасаў, пакрытых iаркшырскай i п'етрэнам. Галiна Леанiдаўна кажа, што такiя iм найбольш спадабалiся.
Кармы для свiней (камбiкорм для рознага ўзросту, муку) разводчыкi купляюць звычайна ў вiцебскiх крамах, бульбу, моркву, буракi ды гарбузы — у аднавяскоўцаў. З iмi, бывае, i разлiчваюцца не грашыма, а па так званым бартары — свiнiнай.
А вось малачко для парасят ёсць сваё — казiнае.
— Як жа, — пытаюся ў гаспадынi, — вам удаецца сумяшчаць клопат пра сям'ю і дом з клопатам пра такую колькасць жывёлы?
На гэта Галiна Леанiдаўна толькi ўсмiхаецца. Кажа, што прыкладам нястомнасцi ў працы ёй заўсёды служыла матуля... Да таго ж — ва ўсiм дапамагае муж, дзецi, неўпрыкмет падраслi ўнукi i таксама ўжо нешта робяць.
— Iлья i Наста цяпер штодзень у мяне, — гаворыць бабуля. — Так склалася, што дачка пасля разводу з мужам выхоўвае iх адна, жыве ў Крынках — шукае работу. Яна скончыла ўнiверсiтэт iмя Машэрава... А Святлана — медык, жыве ў Вiцебску, гадуе двух хлопчыкаў. Старэйшаму ўжо 20, працуе поварам, малодшаму — 9. Яны не часта прыязджаюць, але мы з мужам усiм бязмежна рады i, вядома ж, кожнаму хацелi б дапамагчы, зрабiць падарунак.
Таццяна Iгнаценка, Лёзненскi раён
Пошту чытала Валянцiна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/z-redakcyynay-poshty