Семдзесят гадоў у адным населеным пункце — у вёсцы Покрашава Слуцкага раёна, у адным і тым жа будынку (даваенным), у адным кабінеце, а галоўнае, на адной пасадзе, а менавіта — фельчарам працуе найстарэйшы жыхар вёскі Сяргей Шклярэўскі. Ці магчыма такое ў наш час?
Сёлета Сяргею Іванавічу «стукнула» дзевяноста два гады. Можна без перабольшвання сказаць, што медык не проста працуе, а аддана служыць сваёй дакладна абранай прафесіі, свайму прызванню, і, вядома, сваім аднавяскоўцам і землякам. Шклярэўскі паказаў і паказвае, што такое характар і стыль жыцця вясковага лекара — сапраўднага, народнага. Паверце, такія прыклады сярод вясковых медыкаў яшчэ трэба пашукаць! Радзіма ацаніла шчырую працу фельчара, прысвоіўшы яму ў свой час званне Героя Сацыялістычнай Працы.
— Не ўяўляю сябе без справы і пакуль адчуваю ў сабе здароўе і цікавасць да жыцця з задавальненнем выконваю свае працоўныя абавязкі — праводжу прыёмы ды лячу хворых, гляджу немаўлят і старэйшых дзяцей, у ранейшыя часы сам і роды прымаў, — прыгадвае Сяргей Іванавіч.
Калі малады фельчар уладкаваўся на покрашаўскі ўрачэбны ўчастак (а гэта было ў далёкім 1949-м), ён абслугоўваў шмат вёсак, сярод якіх была і мая малая радзіма — вёска Вынісцы. І, калі я нарадзіўся, першым педыятрам у маім жыцці быў менавіта Сяргей Шклярэўскі.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya