Гэта машына з істотнай грузападымальнасцю прашмыгне ў любую гарадскую кропку і дастане да 11-га паверха.
Мінскі аўтамабільны завод стварыў першы аўтакран з «тэлескапічнай» стралой (авоіднага профілю), які здольны хутка падымаць грузы на вышыню да 33 метраў. Навінка прадстаўлена на будаўнічай выстаўцы BUDEXPO-2021, якая праходзіць да 20 сакавіка ў Мінску.
Па мініяцюрных габарытах — гэта гарадская машына, здольная развярнуцца на «пятачку». Аўтакран базіруецца на поўнапрыводным шасі 6х6 і можа свабодна перамяшчацца па дарогах з нясучай здольнасцю 10 тон. У рух яго прыводзіць 330-сільны рухавік класа Еўра-5, а 9-ступеньчатая каробка перадач уключае ў сябе помпу пад аварыйны рулявы контур.
Галоўны канструктар ААТ «МАЗ», завода «Магілёўтрансмаш» Павел Каранкевіч адзначыў, што новая машына па сутнасці ўяўляе сабой кран-усюдыход, таму што яго можна выкарыстоўваць як у лёгкіх умовах, напрыклад на будаўнічых пляцоўках, так і ў цяжкіх — у кар'ерах, дзе складана перамяшчацца.
Аўтакран цяпер прайшоў увесь цыкл выпрабаванняў і атрымаў «дабро» разнастайных сертыфікацыйных дакументаў. А яго серыйная вытворчасць пачнецца з другога квартала гэтага года. Асноўная асаблівасць аўтакрана — магутная страла, здольная высоўвацца на 32,6 метра. На пачатковыя 10 метраў яна можа дастаўляць аб'ёмныя грузы вагой да 32 тон, а пры 11-метровым «вылеце» стралы — падняць больш за 4 тоны на вышыню да 33 метраў, што ўдвая больш, чым на аналагічных машынах, якія вырабляюцца ў краінах СНД.
Дарэчы, як расказаў начальнік упраўлення продажаў спецтэхнікі і шасі ААТ «МАЗ» Юрый Півавараў, першая ўнікальная машына ўжо практычна прададзена. Яна будзе працаваць на будоўлях Магілёва.
Сяргей КУРКАЧ
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/transpart
[5] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya