Калі месцазнаходжанне цэнтра Еўропы неадназначнае і выклікае спрэчкі (граніцы Еўропы да вядомай ступені ўмоўныя, і па розных сістэмах вылічэнняў яе цэнтр прыпадае на Беларусь, Украіну, Літву, Польшчу, Венгрыю, Чэхію, Славакію і г. д. — на права «валодаць» цэнтрам Еўропы зараз прэтэндуе 11 краін), то з цэнтрам Беларусі ўсё прасцей. Хоць і тут не абышлося без спрэчак.
Вылічыць геаграфічны цэнтр рэспублікі ў 1995 годзе ўзяліся спецыялісты 82-й экспедыцыі аб'яднання «Белгеадэзія» і кампаніі «Аэрагеакарт». Вылічэнні вяліся па карце маштабу 1: 200 000, атрыманай са штучнага спадарожніка Зямлі. Па выніках вымярэнняў першапачатковых варыянтаў было 18. Але ў рэшце рэшт навукоўцы сышліся на тым, што цэнтр нашай краіны знаходзіцца ў вёсцы Антанова Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна, усяго толькі за 67 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Мінска, зусім недалёка ад Мар'інай Горкі.
Антанова
У вёсачку Антанова — менавіта так, націск на перадапошнім складзе — вядзе траская грунтоўка. З'язджаеш з трасы і трапляеш на «пральную дошку» працягласцю кіламетраў сем-восем. На ўездзе стаіць указальнік, на якім напісана «Антонава».
— Так, там няправільна напісана. Правільна — Антанова. Трэба знак памяняць, — кажа мне па тэлефоне в. а. старшыні Навасёлкаўскага сельсавета Вольга Камароўская. — Вы прыехалі туды, куды вам трэба.
Навігатар згодны з Вольгай. Ён пацвердзіў «Вы прыехалі» якраз пасярод вясковай вуліцы. На гук матора з брамкі выходзіць мясцовы жыхар Аляксандр — даведацца, з чым завіталі. Аляксандр рады пагутарыць з новым чалавекам.
— Сельсавет у Навасёлках, вунь там вёска. А гэта Антанова, цэнтр Беларусі, — кажа ён. — А знак ву-унь стаіць, гэта трэба круг аб'язджаць і па полі піліць.
— Ну, як жыццё ў цэнтры Беларусі?
— Ды так... — разводзіць рукамі суразмоўца.
Геаграфічны цэнтр Беларусі — гэта кропка з канкрэтнымі каардынатамі: шырата 53°31 '50,76»; даўгата 28°2 '38,00». Прыходзіцца гэтая кропка на адзін з дамоў гаспадыні, праўда, ужо няма ў жывых.
— Бабулька была трактарысткай у калгасе, чацвёра дзяцей выгадавала. Такая была цудоўная бабулечка — акуратніца, вышывальшчыца! Госця ніколі нікуды не выпусціць, пакуль не накорміць і чарку не налье. Гадоў шэсць, як памерла, — узгадваюць пра яе мясцовыя жанчыны.
Геадэзічны знак аднеслі ад дома метраў на пяцьсот і паставілі ў чыстым полі. Устаноўка знака адбылася 31 мая 1996 года.
Турысты любяць прыгожыя краявіды, архітэктурныя незвычайнасці і «абломкі даўніны». Але ёсць і яшчэ «заманухі»: напрыклад, цікавыя геаграфічныя кропкі (усялякія нулявыя кіламетры, межы мацерыкоў, цэнтры таго ці іншага). Там ставяць адпаведныя знакі, каля якіх зручна фатаграфавацца, і вакол, па ідэі, павінны ўзнікнуць аб'екты турыстычнага сэрвісу. Гэтага ў вёсцы Антанова не адбылося. Хоць знак стаіць. Стандартны геадэзічны знак: піраміда з чатырох металічных брусоў вышынёй у некалькі метраў. А ўнутры полай канструкцыі — каменная пліта, дзе, уласна, і напісана пра цэнтр Беларусі.
Мінулае і сучаснасць
Антанова нельга назваць старажытным населеным пунктам: вёсцы крыху больш за 90 гадоў. Дакладней ніхто не скажа.
— У мінулым годзе мы рабілі свята вёскі Хацешава, — распавядае дырэктар Борскага сельскага Дома культуры Таццяна Мазанік. — Хацешава летась 90 гадоў было. А Антанова крыху старэйшае.
Вёска Бор — за паўтара кіламетра ад Антанова. Там і дарога лепшая (ёсць нават участак асфальту), і выгоды цывілізацыі — крама, лазня, Дом культуры. Хто быў у Антанове маладзейшы і не з'ехаў у горад, перабраліся ў Бор.
— Прапісана ў Антанове шмат, але людзі там не жывуць. Аджывае вёска, — кажа Таццяна.
Па ўспамінах старажылаў, калісьці ў гэтых мясцінах быў вялікі пасёлак. Жылі вельмі шчыльна: усе пабудовы, зразумела, былі драўлянымі, і калі здараўся пажар, агонь хутка перакідваўся на суседнія дамы. Перад калгасамі пасёлак вырашылі рассяляць. Нарабілі ажно дзевяць новых паселішчаў, адно з якіх атрымала назваю Антанова.
Версій паходжання назвы дзве. Паводле адной, даўней гэтымі землямі валодаў пан Антаноўскі — адсюль і назва. Па іншай, назва вёскі паходзіць ад назвы яблыкаў — антонаўкі. Тут заўсёды быў яблычны край — дом без саду ўявіць было немагчыма. Па дарозе з Мінска ў Антанова пераязджаеш рэчку Цітаўка — таксама названую ў гонар знакамітага народнага сорту яблыкаў. А ў гэтых месцах асабліва добра пладаносіць якраз антонаўка. У 1940-х насупраць вёскі студэнты Мар'інагорскага тэхнікума высадзілі 40 саджанцаў яблынь, распавядаюць мясцовыя жыхары. Асабліва смачным урадзіўся не белы наліў, а антонаўка.
Яшчэ гадоў 10—15 таму восенню вёска патанала ў сакавітых вялізарных яблыках. Зараз яблыні пастарэлі разам з гаспадарамі. А ў вёсцы, дзе на 1.01.2002 было 32 двары і 60 жыхароў, у 2009 — 43 жыхары, сёння наўрад ці набярэцца 20 чалавек.
Росквіт вёсачка перажывала ў складзе калгаса «Іскра», распавялі мне. Была тут свінаферма і малочна-таварная ферма. Свінаферма засталася, яна цяпер «у прыватніка».
— Зараз гэта свінакомплекс, там амаль усе мясцовыя працуюць.
Сёй-той з жыхароў навакольных вёсак працуе і «ў сірыйцаў». Ёсць тут непадалёк маленькая вытворчасць — пячэнне пякуць. Уласнікі — грамадзяне Сірыі, а работнікі — мясцовыя.
— Чалавек сем нашых там працуе, з навакольных вёсак. Большасць работнікаў прыязджаюць з Мар'інай Горкі. Там патрэбны маладыя работнікі, а ў нас моладзі мала, не хоча заставацца. Пячэнне смачнае, калі ў каго здаровы страўнік. Прадаецца і ў Мар'інай горцы ў магазінах.
У вёсцы Бор ёсць школа-дзевяцігодка, дзе вучыцца дзятва з усіх навакольных вёсак, — усяго 65 чалавек.
— Дзеці з'язджаюць паступаць і не вяртаюцца. Калі б была нейкая вытворчасць... Людзям работа патрэбна. Гаварылі: геаграфічны цэнтр Беларусі зробяць — санаторый пабудуюць, вось была б людзям работа.
Зрэшты, хтосьці ў Антанова ўсё ж вяртаецца.
— Нават купляюць хаты, бо тут электрычка недалёка.
Але звычайна гэта людзі, якія ўступілі ў спадчыну і жывуць тут толькі ў цёплы сезон, а зімаваць з'язджаюць у горад. Іх тут называюць дачнікамі. Аляксандр таксама вярнуўся ў родныя мясціны з Мінска, але ён не дачнік — у Антанове жыве і зімой.
— Я ўжо пенсіянер, 66 гадоў мне. Працаваў у Мінску: дарожнік. Кальцавую мы рабілі, абслугоўвалі дарогі па ўсёй Беларусі. Гэта дом маёй цешчы. Выйшаў на пенсію — вырашыў тут жыць.
Падыходзіць сусед майго суразмоўцы і моўчкі працягвае мне пячэнне — частуе госця. Прадстаўляецца: «Віктар». Пячэнне, мабыць, мясцовай вытворчасці — тое самае, што «сірыйцы пякуць».
— Тут раней непадалёк ягаднік быў, з Мінска ў ягады людзі ехалі. А цяпер баяцца сюды і ехаць: як ехаць без дарог? Вы ў сельсавеце будзеце, я чуў, дык спытайце іх пра дарогу.
Дарога
Яна ў Антонаве і ваколіцах — боль мясцовых жыхароў.
— Да суседняй вёскі два кіламетры, ну, можа, тры, і не дабрацца ні восенню, ні вясной. Цэнтр Беларусі, а дарогу два кіламетры высыпаць не могуць. Калі трэба ехаць у тую вёску — трэба круг даваць, на Мар'іну Горку, на Рудзенск і сюды толькі ў вёску прыехаць. Калі каму дапамагчы ці што, «хуткая» не прыйшла б. У сельсавеце спыталі — яны кажуць, у вас гравійка ёсць...
Гравійка, як аказалася, ідзе ў бок, на Хацешава. А прамая дарога на вёску Горкі, на Дрычын ад Антанова была раней, але цяпер яе няма — з-за гэтага і праблема.
— Шляху ўжо няма гадоў трыццаць. Трыццаць гадоў мы пакутуем і пастаянна звяртаемся, і ўсё нам ідуць адмовы. Сказалі, гэта не па плане, гэта раней дарога была, а цяпер яе няма і не будзе, — распавядае Фаіна Рыгораўна.
Яе хата апошняя на вясковай вуліцы, і жанчына прапануе правесці і паказаць, дзе была дарога і дзе яе цяпер няма.
— Я тут замужам 43 гады і пастаянна езджу гэтым напрамкам. Вось глядзіце, зараз гравійка паверне на Хацешава, яна нам не цікавая. А тая дарога, што была раней, яна прама ішла, літаральна некалькі кіламетраў — і выязджаеш на трасу. Нам калі на Мінск ехаць, трэба аб'язджаць праз Навасёлкі, а так прамая дарога была на Дрычын.
— А калі яна была, гэтая дарога?
— Калі я замуж ішла, па ёй ездзіла. Гадоў 30, як яна зарасла. У 1980-я была, а ў 1990-я яе не стала. Мы з суседзямі подпісы збіралі, каб дарогу вярнуць, але нічога не выйшла. Так што цяпер мае дзеці, калі ездзяць да нас, аб'язджаюць лішнія кіламетры праз Мар'іну Горку.
— Па той дарозе ў 1990-я танкі прайшлі, — кажа Аляксандр. — Вучэнні былі, марш-кідок з Мар'інай Горкі на Печы. Засталіся адны ямы. Пасля таго дарогу так і закінулі.
Ускрай поля бягуць удалячынь каляіны ад колаў. Гэта самаробная дарога мясцовых жыхароў.
— Гаспадарка арэ і яе заворвае. Зімой і вясной мы тут не ездзім. Потым хтосьці адзін каляіну зробіць, тады і ўсе астатнія едуць. І так мучымся ўсё жыццё. Мая родная вёска — Маргі, і я толькі праз Навасёлкі, кругом, у яе трапляю, калі на машыне. Могілкі там, бацькі мае ляжаць, — тлумачыць Фаіна Рыгораўна.
— Гэта сельгасугоддзі, там не належыць быць дарозе, — каментуе сітуацыю в. а. старшыні Навасёлкаўскага сельсавета Вольга Камароўская. — Было пра гэта пытанне, паглядзелі, што не павінна быць там дарога. Ёсць межы сельгасугоддзяў, мы ж іх не пераскочым.
— Але ж людзі скардзяцца і на якасць гравійкі...
— Мы ж у вёсцы жывём. Робім заяўкі пастаянна, калі людзі звяртаюцца, пішам лісты ў ДРБУ альбо ЖКГ, на чыім балансе дарога, яны прыязджаюць, падсыпаюць, рамонт робяць. Вядома, зімой і калі паводка, такога хапае, нават у Мар'інай Горцы: асфальт жа ўсюды не пакладзеш, гэта ўсё фінансаванне. Я таксама падвеску раз на паўгода ў машыне мяняю.
Знак
— Ой, вы туды не даедзеце, ісці трэба. Унук на канікулы прыязджаў, хацеў знак гэты сфатаграфаваць, дык я забылася спытаць, ці дабраўся ён да яго.
Размова зноў зварочвае на тэму дарог. Але ў пытанні мэтазгоднасці дарогі да знака «Цэнтр Беларусі» ў мясцовых жыхароў няма аднадушнасці:
— Шлях зрабілі б да знака гэтага: кожны год усё роўна хто-небудзь прыязджае.
— Ой, ды хто там будзе ездзіць, аб чым ты кажаш...
Праводзіць да цэнтра Беларусі («Самі вы наўрад ці знойдзеце!») згаджаюцца дырэктар Борскага сельскага Дома культуры Таццяна Мазанік і мастацкі кіраўнік Наталля Крывашэй.
Каб дабрацца да знака, зварочваеш з гравійкі і ідзеш пешшу — доўга, хвілін дваццаць — наўпрост па засеяным полі. Узімку дайсці да знака праблематычна: перашкодзяць снежныя гурбы. Увесну — можна, калі не баішся выпэцкацца па калена. Лепш за ўсё для падарожжа ў цэнтр Беларусі выбіраць лета.
— Вы, вядома, не ў той час прыехалі. Тут летам добра.
— Але летам па жыце прыйшлося б ісці да знака — блыталіся б у каласках.
Далёка наперадзе з туману вынырваюць імклівыя цені. Аказалася, бадзяжныя сабакі. «Можа, ваўкі?» — узіраюцца жанчыны. «Не, сабакі».
Знак выглядае нявесела: чорная металічная канструкцыя і чорная гранітная пліта пад ёй, якая нагадвае надмагілле. Мясцовыя жыхары распавялі, што гэта ўжо трэцяя пліта — яе, у першыя гады як паставілі, два разы кралі...
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alyaksandra-ancelevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/antonava
[5] https://zviazda.by/be/tags/centr-belarusi
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya