Яшчэ і новага сябра
Быў час, калі мая знаёмая (назавём яе Тоняй) працавала ў заводскай кацельнай. Зімой там, вядома ж, складана было, бо працавала ўсёабсталяванне, а вось летам яны часцяком дзяжурылі па адным. І тады, каб весялей было, каб час хутчэй пралятаў, Тоня даставала пруткі і з рознакаляровых нітак вязала сабе жакет. І няшмат ужо заставалася — адно рукаво...
Факт, што, чарговы раз ідучы на работу, жанчына несла з сабой велікаватую сумку. На дне яе ляжала пачатае рукаво, невялікі пакунак з ежай, зверху — асобны пакет з маточкам патрэбных нітак.
Разлажыць гэта ўсё Антаніна не паспела: пакінуўшы сумку на стале, яна пайшла на дзяжурны агляд, а калі вярнулася, аж аслупянела. Каля сумкі, відаць, знюхаўшы катлету, стаяў вялізны кацяра і трымаў у зубах... мяшэчак з матком.
Нейкі час яны моўчкі глядзелі адно на аднаго. Тоня думала, як адабраць свае ніткі, кот — як скрасці здабычу...
Зрэшты, з гэтым праблем не было, бо на шчытавой зазваніў тэлефон (начальства!) — Тоня паспяшалася адказаць, а кот (жанчына чула) цяжка скочыў на падлогу і з пакетам у зубах сігануў за дзверы. «Ну і ўцякай, — услед яму падумала жанчына. — Усё роўна нідзе не дзенешся: дзверы-вокны зачынены»...
Яна дарэмна на іх спадзявалася, бо потым, пасля размовы па тэлефоне, абышла ўсе лесвіцы, агледзела, як здавалася, усе куткі паміж катламі, — ні ката, ні патрэбнага матка анідзе не было.
Стаміўшыся (аніколі раней яна столькі не хадзіла), Тоня села за стол і падумала, як добра было б зараз выцягнуць ногі, дастаць пруткі, давязаць рукаво, а дома сшыць жакет...
Шанцы прыбрацца ў яго, падобна, адкладваліся, і нават надоўга: пакуль яшчэ купіш патрэбныя ніткі... Калі яны ёсць дзе ў продажы.
Настрой быў канчаткова сапсаваны. Тоня ледзь дачакалася раніцы, каб яшчэ раз абысці ўсе памяшканні, каб пашукаць прапажу на вуліцы і...
Не, цуды ўсё-ткі здараюцца: на задворках кацельнай яна ўбачыла свае ніткі. Кот, падобна, упэўніўся, што нічога ядомага ў пакеце няма, і пакінуў яго на сцежцы, а сам «нырнуў» у разбітую фортку — вярнуўся ў будынак лавіць мышэй.
Так ці іначай, Тоня рада была знаходцы і на тым месцы стала пакідаць кату нейкія пачастункі. Што здзіўляла, знікалі яны заўсёды, а вось ката Антаніна не бачыла... Хіба неяк знайшла дохлую мыш, якую той пакінуў у знак удзячнасці.
Таццяна Чэкед,
г. Гомель.
Кажуць, старога вучыць, што мёртвага лячыць — безнадзейная справа, але ж бярэцца за яе амаль кожны. Нехта з меншым поспехам, нехта з большым...
Сцёпка працаваў у калгасе механізатарам, жонка яго — даяркай. І не толькі на ферме: дома таксама была карова, а то і дзве, пара-тройка свіней, куры, гусі... Хапала працы, бо муж з дому сыходзіў рана, вяртаўся позна, зрэдку хіба забягаў на абед. Але ж і зарабляў... Асабліва на пасяўной, на ўборачнай... Прыемна было распісацца ў ведамасці.
Вось і ў той дзень Сцёпа завітаў у праўленне, атрымаў зарплату — і сваю, і жончыну — паклаў у кішэню, парадаваўся, што добрая капейка. «У абед, — падумаў, — трэба схадзіць дахаты, аддаць гаспадыні».
І, вядома ж, прыйшоў, а той, як на ліха, дома няма: збегла кудысьці. І не, каб дзверы за сабой замкнуць — венікам падперла і панеслася. А тут — хто хочаш хадзі, што можаш вынось...
Сцяпан даўно ўжо нервы парваў, пра гэта гаворачы! Ды ўсё ўпустую: не адумалася жонка нават пасля таго, як у суседняй вёсцы хаты «пачысцілі»...
«Ну я ж цябе правучу!» — падумаў муж: збольшага падсілкаваўся, адчыніў шафу, параскідаў па хаце зложанае там багацце, на стале (тэлефонаў, вядома ж, не было) пакінуў сваёй запіску, што зарплату атрымаў і палажыў пад дыванок, што сёння прыйдзе пазней... Дзверы па прыкладзе жонкі падпёр тым самым венікам і рушыў да трактара.
Колькі там часу прайшло, дамоў вярнулася Наста і ледзь не самлела: «Каравул! Абакралі!..»
Гэта была першая рэакцыя, другая — «Што ж канкрэтна панеслі?»
Давай яна глядзець, перабіраць свае хованкі, давай складаць ды вешаць у шафу параскіданыя рэчы, давай урэшце падымаць дываны і дыванкі (нават на сценах) у пошуках зарплаты.
Яе, апошняй і чакана вялікай, анідзе не было!
Расстроеная, заплаканая жанчына пашыбавала на ферму, праўда, дзверы ўжо замкнула — ключ палажыла ў схованку над вушаком, вядомую толькі сваім.
...Сярод іх, гэтых сваіх, была і Сцёпкава маці. Праходзячы міма, яна ўбачыла вялікі замок і здзівілася (дзеці карысталіся ім, хіба едучы ў госці альбо на базар). Глянула пад дыванок, ці няма ключа, убачыла пачак грошай. «Звар'яцелі, з глузду паз'язджалі!.. Прычым абое!» — падумала яна пра сына з нявесткай, забрала грошы і пайшла да сябе дамоў.
А бліжэй да вечара Сцёпку сустрэла жонка.
— Прабач, даражэнькі! — стала прасіцца ў мужа. — Гэта ж я пад абед на пяць мінут выскачыла да суседкі, а нехта ў гэты час прачытаў тваю пісаніну і грошы забраў... Хай бы ж ты іх з сабой панасіў, хай бы пазней аддаў... А так... Прапалі. Ды ты сам іх злодзею ў кішэнь палажыў: запіску на стале пакінуў!
Сцёпка слухаў і маўчаў — чакаў, пакуль жонка наплачацца, каб потым нарэшце супакоіць яе лагодным:
— Ну хопіць... Ну кінь... Нідзе не дзеліся нашы грошы. Пачакай — зараз прынясу.
Рушыў на ганак, сагнуўся, падняў дыванок, а несці... няма чаго.
— Дурань, бязмен стары! — закрычала на Сцёпку жонка. — Мяне за венік поедам ясі, а сам што — лепшы? Знайшоў куды грошы пакласці...
На разборкі (а яны ў гэтай хаце рэдка здараліся) прыбегла свякроў: насварылася на нявестку, надавала кухталёў свайму ёлупню-сыну і вярнула грошы.
З той пары як адрэзала: Наста больш ніколі не падпірала дзверы венікам, Сцёпка не клаў зарплату пад дыванок, свекрыві, адпаведна, не было чаго забіраць. Добра ўсё, што добра канчаецца, калі вучаць свае...
І сваіх.
Мікалай Багданаў,
в. Новы Пагост, Мёрскі раён.
Для пачатку трохі лінгвістыкі: калі недзе Вялікдзень, то ў нас Вяліканне (націск на і), калі недзе валачобнікі, то ў нас алалоўнікі (вытворнае, відаць, ад «алілуя...»). Трэцяе мясцовае слова патлумачыць складаней... Мо чытач здагадаецца сам?
Пасля вайны прайшло тады гадоў з дзесяць. Спаленыя прылесныя вёсачкі неяк з горам папалам адбудаваліся, аднак людзі ў іх жылі вельмі бедна. Да таго ж досыць строга трымалі саракадзённы пост, калі і гэтае нельга, і тое не еш, бо прыйдзецца сядзець пад карытам...
Факт, што згаладалыя маладыя мужчыны і хлопцы як манны нябеснай чакалі велікоднай ночы, каб пайсці па хатах, каб разжыцца нечым з выпіўкі ды закускі.
Найчасцей гэтым «хадакам» давалі сырыя ці вараныя ў шалупінні яйкі. Але ж больш заможныя маглі ахвяраваць і колца так званай пальцам пханай кілбасы, і кавалачак сала, і паўлітэрак гарэлкі... Нічога не даць лічылася ганьбай.
У той раз у гурт алалоўнікаў уваходзіла пяцёра хлопцаў і нават гарманіст. Словы велікодных песень яны трохі ведалі, ігралі і спявалі, мякка кажучы, так сабе, аднак што-нішто з харчоў у кош ім трапляла. А насіў яго Юзік, хлопец з вельмі беднай сям'і. З раніцы ён амаль нічога не еў і таму па дарозе ад адной вёскі да другой не ўтрымаўся: праглынуў кольца кілбасы, праглынуў у цемры, крадком, на хаду, магчыма, амаль не жуючы...
Не дзіва, што яна, свежавэнджаная, з жывым яшчэ водарам ядлоўца, колам стала ў галодных вантробах і прычыніла гэтакі боль, што хлопец скруціўся ў абаранак і нема завыў...
Сябры з яго спачатку парагаталі, але ж убачылі, што справы дрэнь і, падхапіўшы пад пахі, ледзь не волакам пацягнулі ў родную вёску.
Хату яго там, праўда, абмінулі, — прывалаклі да цётачкі Мані. Хата яе была нечым накшталт медпункта, бо сам ён (ды і тэлефон...) быў за добры дзясятак вёрст. А тая цётка загаворанай вадой ды разумным словам і вялікіх, і малых лячыла ад сурокаў ды перапуду, ведала толк у травах.
Карацей, пабудзілі яе алалоўнікі (прычым не песнямі), расказалі пра Юзікаву хваробу. Цётка з хвіліну паглядзела-падумала ды прынесла бутэлечку нейкай вадкасці — загадала небараку выпіць, калі хоча жыць...
Паміраць хлапцу, вядома ж, не хацелася, таму ён паслухаўся, каб потым...
Ледзь дабег, бядак, да вядомай «шпакоўні»...
Назаўтра (ведама, вёска і свята) пра гэту прыгоду гаманілі многія. «Малайчына, — казалі пра Юзіка. — Апраўдаў «пасаду».
А назва яе (сінонім дыярэі) пайшла, відаць, ад таго, што ў хлопца з кашом былі такія ж папярэднікі — ласыя на чужыя каўбасы — галодныя альбо хітрыя.
Іван Сіманёнак,
г. Паставы.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.
Прэв’ю — pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou