Дваццаць гадоў таму, пасля размеркавання з мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у Рагачоў прыехалі маладыя мастакі-выкладчыкі.
У тым жа 2001 годзе Андрэй і Кацярына Ляўковы сталі мужам і жонкай, былі залічаны выкладчыкамі Рагачоўскай дзіцячай мастацкай школы, дзе працуюць і цяпер. Тройчы юбілей! Як і раней, у вольны час Кацярына малюе алеем і гуашшу партрэты, нацюрморты і пейзажы, Андрэй любіць акварэль і разам з тым захапляецца рэканструкцыяй гістарычных ваенных баталій напалеонаўскіх часоў і марской тэматыкай. Робяць сумесныя выстаўкі ў абласных і раённых цэнтрах, наладжваюць дзіцячыя, у тым ліку і міжнародныя, пленэры. Іх кватэра ў нечым нагадвае і мастацкую галерэю (гэта відаць на фота), бо на сценах вісяць палотны Кацярыны, і музей: на паліцах «прышвартаваны» вялікія макеты караблёў пад ветразямі — цэлая армада. Гэта работы Андрэя. Падчас нашай сустрэчы Андрэй і Кацярына падзяліліся прыгожай гісторыяй пра сябе і пра рамантычныя адносіны. Справа ў тым, што дыпломнай працай Андрэй абраў мастацка-тэхнічнае мадэляванне і ў так званай студэнцкай «верфі» пабудаваў копію лінейнага фрэгата «Святая Кацярына». Пасля паспяховай абароны дыпломнік падарыў легендарны карабель сваёй абранніцы, чым канчаткова завалодаў яе сэрцам. Захапленне караблямі ў мастака з таго часу не прайшло. На адну такую мадэль Андрэй затрачвае амаль два гады, што яскрава сведчыць пра неверагодную прагу, працаздольнасць і цярпенне. І канешне, пра падтрымку каханай жонкі.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya