Вялікая асоба ў беларускім прыгожым пісьменстве, беларускай літаратуры. Стваральнік новых паэтычных формаў.
Руплівы абаронца роднай мовы. Яшчэ з часін свайго студэнцтва. За што ў свой час быў звольнены з філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта...
Адна з апошніх кніг Алеся Разанава — зборнік пераўвасабленняў тэкстаў першадрукара Францыска Скарыны на сучасную беларускую мову. Гэтая кніга, якая выйшла ў «Мастацкай літаратуры», разышлася надзіва хутка, стала падзеяй у беларускім кнігавыданні.
А газета «Літаратура і мастацтва» зусім нядаўна друкавала цыкл яго мовазнаўчых вышукаў. Таксама, лічы, асобная кніга... Будзем верыць, што з часам і яна пабачыць свет.
Наватар, культуролаг, філосаф, ён пэўны адрэзак свайго жыцця аддаў літаратурнаму часопісу «Крыніца», дзе працаваў намеснікам галоўнага рэдактара. І часопіс таго часу таксама застанецца бібліятэкай з асобных нумароў, бібліятэкай беларускай культуры, беларускай літаратуры...
Яго, Алеся Разанава, пункціры, квантэмы напрыканцы 1970-х — у пачатку 1980-х гадоў шмат каму падаліся маланкай, якая трушчыць літаратурныя традыцыі. Але сумленныя паэты старэйшага пакалення, і першы сярод іх — народны паэт Беларусі Пімен Панчанка, падтрымалі маладога творцу. Так выйшла яго кніга «Шлях-360»... А першая кніга шукальніка сапраўдных, вялікіх жыццёвых і мастацкіх сэнсаў — зборнік «Адраджэнне», выдадзены ў Мінску ў 1970 годзе.
І сёння Алеся Разанава добра ведаюць у многіх краінах Еўропы. Яго паэтычныя вышукі сталі прадметам увагі перакладчыкаў на розныя мовы народаў свету.
Максім ВЕЯНІС
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[2] https://zviazda.by/be/tags/ales-razanau
[3] https://zviazda.by/be/tags/nekralog