Чацьвёрты раз Гомельшчыне выпаў гонар прымаць удзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства. У розныя гады сталіцамі агунальнанацыянальнага свята беларускага друкаванага слова ў рэгіёне станавіліся Тураў, Хойнікі, Рагачоў. І вось цяпер Добруш —- малая радзіма народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, стаў цэнтрам культурнага прыцягнення, дзе можна было ацаніць усе знакавыя дасягненні нацыянальнай літаратуры, кнігадрукавання, гістарычнай навукі і асветніцкай дзейнасці, музейнай справы і нацыянальнай культуры ўвогуле.
Праграма свята была насычаная рознымі мерапрыемствамі. Нагадаем некаторыя з іх.
На стадыёне «Юнацтва» прайшоў фестываль футболу памяці Уладзіміра Рыжанкова. Удзельнікаў футбольных баталій прывітаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.
Падчас узнагароджання пераможцаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч уручыў арганізатарам спаборніцтва прызы — футбольныя мячы з аўтографам народнага пісьменніка Беларусі ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, удзельніка першынстваў СССР па футболе ў 50-х — 60-х гадах мінулага стагоддзя.
Фестываль кнігі і прэсы прыцягнуў увагу ўдзельнікаў і гасцей свята. На пляцоўцы «Слова пісьменніка» з поспехам прайшла выстава-прэзентацыя кніг членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэты і пісьменнікі з усіх куткоў краіны выступілі перад чытачамі.
У цэнтры Добруша быў адкрыты помнік народнаму пісьменніку Беларусі Івану Шамякіну.
На галоўнай пляцоўцы свята адбылося ўшанаванне пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія».
Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка зачытаў віншаванне ўдзельнікам і гасцям свята ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Уручалі ўзнагароды міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў і Аляксандр Карлюкевіч.
У намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў)» пераможцам прызнаны Алесь Бадак за кнігу «Уладар ветру».
Лепшым празаічным творам па выніках 2021 года названа кніга «А ён не вярнуўся з бою» Мікалая Чаргінца.
Атрымалі свае ўзнагароды пераможцы ў іншых намінацыях нацыянальнага конкурсу.
Завяршыўся насычаны ўражаннямі дзень відовішчным салютам.
На наступны дзень увагу ўдзельнікаў свята прыцягнула літаратурна-мастацкае мерапрыемства Саюза пісьменнікаў Беларусі «З любоўю ў сэрцы Беларусі».
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ўзнагародзіў паэтаў і пісьменнікаў вобласці, якія сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі Гомельскага аблвыканкама імя Кірылы Тураўскага.
Адным словам, у мінулыя выхадныя Добруш ператварыўся ў літаратурна-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі цэнтр, выбудаваўшы новы літаратурны маршрут.
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktar-ivanchykau
[2] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[3] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva-u-dobrushy
[5] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-petryshenka
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-pyarcou
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-karlyukevich
[9] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1
[10] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-litaraturnaya-premiya
[11] https://zviazda.by/be/tags/ivan-shamyakin-1