Шэсце па вуліцах Бабруйска дэманструе шматаблічнасць свету
Горад святкуе 625-годдзе — гучна і прыгожа. Свята супала з правядзеннем Міжнароднага фестывалю народнай творчасці "Вянок дружбы", які адкрыўся ў горадзе ўчора. Госці з Азербайджана, Венесуэлы, Германіі, Латвіі, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Бельгіі, Эстоніі, Грузіі, Ізраіля, Казахстана, Малдовы, Кыргызстана пройдуць у адной калоне па вуліцах горада. Шэсце стартуе ў суботу ад будынка тэатра драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча.
Акрамя таго, што госці — людзі таленавітыя і крэатыўныя і за гэты час змогуць прадставіць адметнасці сваіх народаў, краін, культур, у іх яшчэ будзе на гэта магчымасць у канцэрце "Мы розныя — мы разам", які адбудзецца на плошчы горада.
Але ўжо ў пятніцу праца фестывалю пачалася з абмеркавання важных праблем, якія тычацца сёння існавання ўсіх нацыянальных культур. Міжнародная навуковая канферэнцыя сёлета прысвечана тэме "Народная мастацкая культура ў кантэксце працэсаў глабалізацыі". Асабліва важна тое, што абмеркаванні падмацоўваюцца на фестывалі рэальным уяўленнем пра багацце разнастайных культур у свеце. Да іх можна дакрануцца, можна паслухаць песні і пабачыць танцы, уразіцца адметнасцю нацыянальных строяў. Але ў той жа час і парадавацца: "І наша ёсць кветка ў дружбы вянку". Так называецца канцэрт, які прадстаўляе беларускую культуру — сіламі творчых калектываў устаноў культуры Бабруйскага раёна.
Наогул у гэтыя дні ў Бабруйску шмат розных мерапрыемстваў — спартыўных, ваенных (адзначаецца вызваленне горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Гараджанам ёсць што выбраць з праграмы. Аднак жа тое, што не заўсёды можам бачыць у сябе, асабліва прыцягвае. А нацыянальныя культуры ж вабяць яшчэ і сваім смакам: у дні фестывалю працуюць нацыянальныя падвор'і, і можна пазнаёміцца са стравамі розных народаў. А то і сувенір які прыдбаць. Але сярод багацця выбару заўсёды ёсць нешта сваё, на што ў звычайныя дні, можа, і не хапае часу, няма магчымасцяў шукаць адмыслова, каб упрыгожыць сабе жыццё вырабамі беларускіх майстроў, якія шмат чаго ўмеюць. І з задавальненнем дэманструюць у "Горадзе майстроў" — як аўтары з Беларускага саюза майстроў, так і мясцовых, бабруйскіх умельцаў, і тых, што прыехалі з Магілёўскай вобласці. А што яшчэ трэба народнай культуры і традыцыям, каб яны жылі: найперш увага і разуменне таго, што наша, непаўторнае, дагэтуль можа быць жывым і запатрабаваным.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[4] https://zviazda.by/be/tags/babruysk
[5] https://zviazda.by/be/tags/rasiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[7] https://zviazda.by/be/tags/belgiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/kazahstan
[9] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[10] https://zviazda.by/be/tags/francyya
[11] https://zviazda.by/be/tags/germaniya-0
[12] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc
[13] https://zviazda.by/be/tags/venesuela
[14] https://zviazda.by/be/tags/gruziya
[15] https://zviazda.by/be/tags/azerbaydzhan
[16] https://zviazda.by/be/tags/estoniya
[17] https://zviazda.by/be/tags/turcyya
[18] https://zviazda.by/be/tags/kyrgyzstan
[19] https://zviazda.by/be/tags/maldova
[20] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodny-festyval-narodnay-tvorchasci-vyanok-druzhby
[21] https://zviazda.by/be/tags/slavaki
[22] https://zviazda.by/be/tags/izrail
[23] https://zviazda.by/be/tags/teatr-dramy-i-kamedyi-imya-dunina-marcinkevicha
[24] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnaya-navukovaya-kanferencyya-narodnaya-mastackaya-kultura-u-kanteksce-pracesau
[25] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-sayuz-maystrou