Заўсёды любіла паслухаць Алеся Камоцкага: прыгожыя спевы, лірычная, вельмі праніклівая мелодыя. Але словы!.. Слухаеш — і ўсё нібыта пра цябе. Уся сутнасць, усе думкі, і ўвесь боль, які носіш у сабе, — адкуль жа ён усё гэта ведае, што так піша? Ды перажыў: сёлета адзначыў 55 гадоў. Ёсць што сказаць чалавеку. І тое, што ён кажа і як, заўсёды напоўнена сэнсам. Таму што спяваць ён можа як свае песні (і тады зразумела, што і чаму), так і вельмі вядомыя старыя шлягеры — савецкія і сусветныя па-беларуску (і яны заўсёды абрастаюць нейкім дадатковым сэнсам дзякуючы чалавеку, які стварыў іх пераклад). Гэта цудоўнае ўменне песню ператварыць у Песню. Калі яна не толькі прыносіць задавальненне на вечар, а пачынае жыць з табой разам — раптам пасярод працоўнага дня ўзгадваеш словы ды мелодыю (а яны ўзгадваюцца, бывае, у залежнасці ад сітуацыі самі сабой). Проста калі дакладна і трапна — дык і жыва. Таму, калі ёсць магчымасць паслухаць канцэрт Камоцкага, імкнуся яе выкарыстаць — ён час ад часу робіць "канцэрты для сяброў". Сапраўды, усе, хто ходзіць яго слухаць, ужо самім гэтым фактам трапляюць у шэрагі сяброў: ён жа размаўляе з табой, як з добрым знаёмым. А калі няма магчымасці ісці на "жывы" канцэрт, то і пра гэта ён думае: альбом, напрыклад, выпускае, які адпавядае канцэртнаму варыянту выканання: музыканты сыгралі адну кампазіцыю за другой, і гэта запісана. Зноў набліжэнне да рэальнага канцэрта, дзе да месца самыя розныя песні: і таго хочацца, і гэтага. Між іншым, чарговы альбом так і называецца "Час. Канцэрты з сябрамі". Сябры тут і музыканты, якія прасякнуліся ідэяй. І слухачы. Бо ёсць уражанне "жывой" музыкі. Якая неназойлівая. Не вычышчаная тэхнікай. Але па-чалавечы кранальная. І ты адчуваеш сябе жывым... Я б назвала гэта феноменам Камоцкага.
І вельмі шчыра не разумею тых, хто спрабуе давесці пра феномен Міхайлава. Расійскі спявак сёння ва ўсіх на слыху. Яго імя называюць у ліку самых паспяховых шансанье на расійскай эстрадзе. Пішуць пра яго каласальныя ганарары, якія нібыта ўдалося нажыць дзякуючы песням, якія кранаюць так, што за іх хочацца плаціць. Таму што лірык і, кажуць, нібыта тонка адчувае душу. А яшчэ кажуць, каб зачапіць тую самую душу, ён нібыта ўжывае розныя хітрыкі падчас канцэртаў так, што жанчыны ледзь не шалеюць ад захаплення і закаханасці.
Чаму гэта я пра яго? Не люблю, не слухаю (толькі выпадкова ў транспарце ці іншых месцах агульнага карыстання). І не разумею, чаму ў нас у Беларусі трэба круціць Міхайлава, калі ў нас ёсць свой Камоцкі — не параўнаць! Таму што Алесь перасягае Стаса, на мой погляд шмат у чым. І дасць яму форы. Напрыклад:
1:0. Сэнс і мастацтва
Гэта галоўнае, у чым яны розныя. Камоцкі — філосаф. Не толькі таму, што скончыў філасофскі факультэт БДУ. Ён філосаф па жыцці. Напрыклад, ён як філосаф складае вершы, якія потым становяцца песнямі: у кожнай не проста перажыванні, а думкі, пададзеныя праз перажыванні. Глыбіня, нават калі гаворыцца пра тое, пра што ўжо ўсе ведаюць. Але не банальна — па-мастацку тонка. У адрозненне ад Міхайлава, які спявае, у прынцыпе, банальныя словы. Камоцкі спявае паэзію. І тады, калі піша песні на вершы выдатных беларускіх паэтаў, як, напрыклад, Рыгор Барадулін. Вось у новым альбоме 2 песні на вершы народнага паэта Беларусі. Небанальнымі і няпошлымі ў Алеся Камоцкага атрымліваюцца нават вядомыя з савецкага часу песні. І нават "блатны" шансон ён здольны ператварыць у мастацтва. Паслухаць у яго беларускім перакладзе "Мурку", якую спявае гітарыст Алег Змушка, — дык адчуваеш за гэтым эпоху, асобны свет, жыццё, у якім пульсуе нерв. І хоць не наша, хоць далёка, але, слухаючы гэтую песню, разумееш: чым далей ад такой гісторыі, тым лепш... Проста так працуе добрае мастацтва: у ім заўсёды адчуваецца больш, чым на паверхні. Відаць жа нездарма Камоцкі ўзяўся за гэты пераклад. Ён нічога не робіць без сэнсу.
2:0. Публіка і папулярнасць
Камоцкі — самы лірычны з беларускіх аўтараў-выканаўцаў. Міхайлаў таксама прапаноўвае лірычны шансон, на які асабліва "западае" жаночая аўдыторыя. Вось у гэтым сэнс яго працы: ашчаслівіць падчас канкрэтнага канцэрта нейкую партыю жанчын праз песні, у якіх чуюцца надзеі. Жаночая аўдыторыя вельмі чуллівая і гатова плаціць за свае надзеі і мары. Міхайлаў гэтым карыстаецца, збіраючы залы. Разлік. Прагматызм. Затое заробкі.
Камоцкі, калі прапаноўвае сваю творчасць для іншых, не ставіць мэты зарабіць. Інакш ён бы ў Беларусі рабіў гэта іначай. Іншымі словамі, на тым, што робіць Камоцкі, асабліва не заробіш у нас. Таму ён хутчэй ідэаліст, які працуе не за грошы. Рамантык песні ў чыстым выглядзе: не можа не спяваць, калі хочацца спяваць. І можа, гэта каму-небудзь трэба?
І гэта трэба. У такую шчырасць верыш. Публіка, якую збірае Алесь на канцэртах і якая набывае яго альбомы — самая розная. Сталыя жанчыны і зусім маладыя дзяўчаты. Мужчыны — інтэлігентныя і ва ўзросце, а таксама юнакі. Што іх усіх яднае? Здаецца, любоў не толькі да творчасці Камоцкага...
3:0. Для сяброў і з сябрамі
Камоцкі — камандны гелец. А ў камандзе Міхайлава заўсёды будзе адна зорка, адзін галоўны чалавек — ён сам. Камоцкі не цягне коўдру на сябе. Не рвецца спяваць усё ў канцэрце ці ў альбоме, калі нехта можа праспяваць гэта лепш. Калі, напрыклад, песня кладзецца на голас Анатоля Лабанка, то яе менавіта ён і будзе спяваць. Калі жаночы раманс на словы Бэлы Ахмадулінай — значыць, трэба шукаць жанчыну... Дзве цудоўныя спявачкі — Іна Перасецкая і Алеся Сівохіна — выступілі ў канцэрце, калі аўтар перакладаў песень стаяў убаку. За што і варта паважаць Камоцкага: яму не шкада падзяліцца, абы для справы было лепш.
Таму цяпер Камоцкі спявае не адзін пад гітару, як раней. Вакол яго сабраліся іншыя музыканты. Фактычна ўтварыўся аркестрык. Пры неабходнасці ўсе заспяваюць: хто Гершвіна, хто цыганскую песню, хто шансон, хто раманс... Тут яшчэ сыходзяцца і стылі розныя, і жанры. Што робіць канцэрты больш разнастайнымі. Гэта вам не адна песня з адным сэнсам...
Пераклад А. Камоцкага
Раніца, смак пацалунка (Bеsаmе Muсhо)
Раніца, смак пацалунка —
Помніш, як гэта калісьці было ўпершыню?
Хочацца заўтра прачнуцца
І, як учора, у вочы табе зазірнуць.
Памяць і мроя паціху яднаюцца,
Мары знаходзяць спакой,
Новыя дні як заўжды пачынаюцца,
Але ужо не з табой.
Апошніх словаў марны шэпт "А напоследок я скажу"
Апошніх словаў марны шэпт:
Бывай, кахаць ужо ня трэба.
Знікае свет,
За ім услед
і цемру забірае неба.
Як ты кахаў?
Ты наклікаў
няіснае
На нашы мары.
Ты так кахаў,
Як уцякаў,
Хаця цябе я не трымала.
Апошніх словаў марны шэпт...
Пачуццям думак нестае,
Пяшчотны сэнс згубілі рукі,
Цябе не бачаць сны мае,
Знікаюць пахі, моўкнуць гукі.
Апошніх словаў марны шэпт.
Апошніх словаў марны шэпт:
Бывай, кахаць ужо не трэба.
Знікае свет,
За ім услед
і цемру забірае неба.
Апошніх словаў марны шэпт...
4:0. Высокае і шчырае
Наогул самі песні — гэта асобная гаворка. Камоцкі — чалавек, які ніколі не зводзіць свайго слухача да прымітыву. Ён уздымае яго душу, выводзіць яе з плоскасці ў прастору, дзе ёсць іншыя сусветы. Таму што вельмі душэўна прамаўляе словы "Якою дарогай патрапіць у рай?" Вельмі пранікнёна спявае: "Зорка босая ішла па вадзе, і сляды яе не астывалі..." Ён ідзе па словах, як па зорках. Нават па тых словах, якія нібыта зразумелыя і вядомыя — паводле мелодыі.
Міхайлаў, наадварот, мае сваю плоскасць, ён дзвюма нагамі стаіць на зямлі. Не значыць, што гэта дрэнна — ён жа стаіць трывала. Але ж чалавеку часам трэба адарвацца ад зямлі, каб паглядзець на яе і на сябе ў гэтым свеце з вышыні і ўбачыць, што можна паправіць. Песні Міхайлава не скіраваны на папраўнасць. Яны скіраваны на чалавека з гатовым светапоглядам, на таго, які ўжо такім і будзе.
Камоцкі заўсёды імкнецца паляпшаць — як чалавека, так і песні. Вось захапіўся ён перакладамі савецкіх песень калісьці — кожную ператварыў фактычна ў новы твор. Некаторыя з "новых старых" мне асабіста падабаюцца нават болей, чым арыгіналы. Вось што значыць, калі за справу бярэцца чалавек таленавіты. Алесь вядзе такую працу з таго часу, як склаўся і выйшаў альбом "З бацькоўскай кружэлкі". Цяпер да былой савецкай класікі дадаліся пераклады сусветных хітоў, якія ўжо дзякуючы Камоцкаму можна спяваць па-беларуску. І гэта таксама спосаб нешта палепшыць: паказаць, якая прыгожая наша мова.
5:0. Беларускае і беларуская
А яшчэ Камоцкі перакладае песні з рускай мовы на беларускую і спявае па-беларуску. А гэта не кожны можа.
Ларыса ЦІМОШЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/larysa-cimoshyk
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/rygor-baradulin
[6] https://zviazda.by/be/tags/ales-kamocki
[7] https://zviazda.by/be/tags/chas-kancerty-z-syabrami
[8] https://zviazda.by/be/tags/aleg-zmushka
[9] https://zviazda.by/be/tags/stas-mihaylau