У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра тое, якая падзея «падсаладзіла» паражэнне Вікторыі Азаранкі ў фінале US ОРЕN, ці адчувае ціск Аляксей Калюжны, выступаючы за «Дынама», і дзе адбудзецца летняя Алімпіяда ў 2020 годзе.
1. Вікторыя Азаранка не здолела перамагчы Сірэну Уільямс у фінале Адкрытага першынства ЗША па тэнісе. У матчы за тытул беларуска прайграла з лікам 5:7 7:6 1:6.
Паядынак дзвюх лепшых тэнісістак планеты хутчэй нагадваў бітву характараў, а не звычайны тэнісны матч. У першым сэце спартсменкі вырашалі, хто будзе дамінаваць у сустрэчы. І ў апошні момант на свой бок «канат перацягнула» амерыканская тэнісістка.
У другой партыі Уільямс заканамерна хутка зарабіла перавагу і нават падавала на матч, але Вікторыя, дэманструючы фенаменальную хватку, зраўняла лік, а затым і вырвала перамогу ў другім сэце. Але такі марш-кідок не мог не адбіцца на стане беларускі. У ключавыя моманты вырашальнай партыі Вікторыя стала дапускаць памылкі, што дазволіла амерыканскай саперніцы ўпэўнена давесці матч да перамогі.
Пасля паядынку Вікторыя адзначыла: «Гэта цяжкае паражэнне, але выйсці ў фінал і гуляць супраць лепшай тэнісісткі свету было прыемна. Мы абедзве адчайна змагаліся і аддалі ўсе сілы на корце. Застаецца толькі павіншаваць Сірэну. Магу сказаць адно: я прайграла вялікай чэмпіёнцы, так што апускаць галаву не буду». Нагадаем, летась Вікторыя Азаранка таксама ў трох сэтах саступіла Сірэне Уільямс у фінале US ОРЕN.
Тым не менш у беларускіх прыхільнікаў тэніса ёсць падставы для радасці. Тытул у спаборніцтвах змешаных пар заваяваў Максім Мірны. У фінале US ОРЕN беларуска-чэшскі тандэм Максім Мірны/Андрэа Хлавачкава перайграў амерыканку Эбігейл Спірс і мексіканца Санцьяга Гансалеса. Для беларускага тэнісіста гэта чацвёртая перамога ў міксце на турнірах Вялікага шлема. Раней ён дамагаўся поспеху ў пары з Серэнай Уільямс і Вікторыяй Азаранкай.
2. Беларуская футбольная зборная ў таварыскім матчы перамагла каманду Кыргызстана 3:1.
Галамі адзначыліся Сяргей Балановіч, Віталь Радзівонаў і Раман Сітко. Пасля матча настаўнік беларускай каманды Георгій Кандарцьеў пракаментаваў дзеянні сваіх падапечных: «У другім тайме быў нейкі сумбур. Напэўна, усё ўпіраецца ў псіхалогію: вялі 2:0, падумалі, што перамога ўжо ў кішэні, — у выніку прапусцілі недарэчны гол. Спадзяюся, што ў матчы з французамі такога не паўторыцца». Нагадаем, матч адборачнага цыкла да чэмпіянату свету 2014 года супраць зборнай Францыі адбудзецца сёння на гомельскім стадыёне «Цэнтральны».
3. У першым хатнім матчы КХЛ «Дынама» (Мінск) у авертайме саступіў маскоўскаму ЦСКА — 1:2. Адзіная шайба, закінутая ў вароты Расціслава Станя, на рахунку Артура Гаўруса. У масквічоў вылучыліся Мікалай Прахоркін і Георгій Мішарын.
Дарэчы, у складзе бела-сініх на лёд выходзіў Аляксей Калюжны, які напярэдадні падпісаў кантракт з мінскім клубам. Апошняя «прапіска» беларускага хакеіста — яраслаўскі «Лакаматыў».
Пасля матча Калюжны адзначыў, што не адчувае дадатковага ціску з-за надзей, якія на яго ўскладаюцца. «Мне 36 гадоў. Толькі гэта можа мяне непакоіць, — іранічна пракаментаваў хакеіст. — Я прыехаў атрымліваць задавальненне і асалоду ад хакея. Акрамя іншага, у камандзе разлічваю добра падрыхтавацца да хатняга чэмпіянату свету».
Ужо сёння на «Мінск-Арэне» «Дынама» правядзе матч супраць славацкага «Слована».
4. У Буэнас-Айрасе выбралі сталіцу летняй Алімпіяды-2020. Гонар прыняць 32-я летнія Алімпійскія гульні выпаў Токіа. На правядзенне Алімпіяды таксама прэтэндавалі Мадрыд і Стамбул. Пасля першага тура галасавання з алімпійскай гонкі выбыла іспанская сталіца. У другім туры з абсалютнай перавагай у 24 галасы перамога дасталася Токіа. Апошні раз сталіца Японіі прымала летнія Алімпійскія гульні ў 1964 годзе. Дарэчы, на гэтай сесіі МАК прыняў яшчэ адно важнае рашэнне — у алімпійскую праграму вярнулі барацьбу.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport