1793 год — 220 гадоў з дня нараджэння (горад Шчучын) Ануфрыя Петрашкевiча, беларускага i польскага паэта, магiстра фiласофii. У 1822-1824 гг. працаваў у архiве Радзiвiлаў у Вiльнi. Адзiн з заснавальнiкаў таварыства фiламатаў. У «Вiленскiм штодзённiку» публiкаваў сентыментальныя вершы i гiстарычныя разважаннi ў духу рамантызму. Аўтар вершаванай фальклорна-этнаграфiчнай замалёўкi «Iдылiя Купала», заснаванай на беларускiх народных вераваннях i абрадах. Збiраў матэрыялы таварыства фiламатаў. Сябраваў з Янам Чачотам, падтрымлiваў сувязi з Адамам Мiцкевiчам. Памёр у 1863 годзе.
1925 год — пайшоў з жыцця старшыня Рэўваенсавета СССР i наркам па ваенных i марскiх справах Мiхаiл Фрунзэ. У 20-гадовым узросце Фрунзэ быў асуджаны царскiмi ўладамi да смяротнага пакарання за рэвалюцыйную дзейнасць, але пасля яго памiлавалi. А ў сорак гадоў Фрунзэ, па ўсёй верагоднасцi, забiлi на аперацыйным стале паплечнiкi па гэтай самай рэвалюцыйнай дзейнасцi. На пахаваннi Мiхаiла Васiльевiча Сталiн сказаў: «Можа, так i трэба, каб старыя таварышы так лёгка i проста сыходзiлi ў магiлу...» Гiсторыю знiшчэння Фрунзэ, так, як ён яе бачыў, распавёў, не называючы iмёнаў, пiсьменнiк Барыс Пiльняк у «Аповесцi непагашанай поўнi». I за гэта таксама паплацiўся жыццём. Асiрацелых дзяцей Мiхаiла Фрунзэ, Цiмура i Таццяну, усынавiў Клiмент Варашылаў.
1936 год — нарадзiўся (вёска Папаротнае Жлобiнскага раёна Гомельскай вобласцi) Уладзiмiр Васiльевiч Бабкоў, беларускi вучоны ў галiне вылiчальнай матэматыкi, доктар фiзiка-матэматычных навук, прафесар. Аўтар навуковых прац па вылiчальных метадах вырашэння звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў. Распрацаваў прыярытэтны падыход да пабудовы многаэтапных вылiчальных алгарытмаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi.
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/10/5c8ff4b9d722a66bbb1e1b9de83.jpg
[2] https://zviazda.by/be/etot-den-v-istorii