Кожнае лета на канікулах я бываю ў вёсцы ў бабулі і дзядулі. І там я знайшла стары сіні сшытак, спісаны незнаёмым почыркам. У сшытку былі напісаны тэксты песень, якіх я ніколі не чула. Такія цікавыя, жыццёвыя. Аказалася, што песні запісала мая прабабуля. А пасля песень у сшытку былі занатаваныя яе мемуары. Я прачытала запісы, і кранулі яны мяне да глыбіні душы, да болю, да слёз.
У час вайны яна была толькі трохі старэйшая за мяне. А мне зараз пятнаццаць.
З успамінаў прабабулі: «Калі мне было няпоўных шаснаццаць гадоў, пачалася вайна... Аднойчы прыехалі да нас у вёску немцы, выгналі ўсіх жыхароў на вуліцу, забралі ўсю моладзь і пагналі нас на работу. Тады была ўведзена нейкая «гуж-праца». Кожны працаздольны павінен быў адпрацаваць на немцаў некалькі дзён. Але нас забралі перад самым адступленнем і больш дадому не пусцілі, прымушалі працаваць на іх дзень і ноч. Мяне з хаты забралі ў сакавіку 1944 года, а ў Германію нас прыгналі ў ліпені 1944 года. Прабыла я пад немцамі 10 месяцаў...
...Нас ганялі будаваць ім дарогі для адступлення і капаць акопы. Працавалі мы пад кулямі, пад снарадамі. Ніхто з нас не марыў застацца ў жывых, так было страшна. Уцячы не было ніякай магчымасці, немцы моцна ахоўвалі наш лагер. Некаторыя людзі спрабавалі гэта зрабіць, але іх тут жа лавілі і прыводзілі назад. І тады ўвесь лагер выганялі на пастраенне і перад намі ўцекачоў збівалі да паўсмерці, а потым расстрэльвалі. Неяк раз адзін пажылы немец нам сказаў: «Дзяўчаты, не спрабуйце ўцячы, ідзіце, куды вас гоняць, а вашы вас усюды знойдуць, нават у самой Германіі». Так яно і здарылася...
...Калі немцы адступалі з Беларусі, нас гналі наперадзе сябе, па абодвух баках дарог. Дарогі былі замініраваны нашымі партызанамі, і нас прымушалі ісці першымі. Некаторыя падрываліся на мінах...
...Прагналі пешшу праз усю Беларусь у Польшчу. Прывялі да ракі Вісла і там, на беразе, трымалі цэлы тыдзень. На другім беразе была пабудавана нейкая «перажарка», накшталт лазні. Нас перапраўлялі на той бок і ўсіх раздзявалі, як маці нарадзіла. І гналі ўсіх разам у лазню. Вопратку бралі і пяклі ледзь не на вуголле, а потым скідвалі ўсё ў кучу, і кожны шукаў сваю. Пасля гэтай лазні мы не пазнавалі самі сябе: многіх стрыглі, бо баяліся вошай... А потым усіх пасялілі ў лагер, там нас фатаграфавалі і бралі адбіткі пальцаў. Павесілі кожнаму на шыю дошчачкі з літарамі «ОСТ», іх нельга было здымаць...
...Падчас аднаго з пераездаў (нас тады везлі цягніком) мы спявалі такую песню: «Вагон хістаецца, усё апускаецца, усё апускаецца ў маркотны сон. Краіна родная ўсё аддаляецца, ідзе ў Германію наш эшалон. Бывайце, вуліцы роднага горада, бывайце, родныя бацька і маці. Вязуць у Нямеччыну на мукі голаду, вязуць у Германію нас паміраць».
Прывезлі нас у лагер у горадзе Гале. Кармілі вельмі дрэнна, варылі бручку. А аднойчы ў сваім кацялку я знайшла шэршняў, не стала есці і нікому не сказала. Сядзела і глядзела на астатніх. Думала — хай людзі ядуць, яны ж не бачылі. Але многія знайшлі «прыправу» ў баландзе і павылівалі яе. Нас за гэта пакаралі і не далі есці наогул нічога... Нямецкія жанчыны спачувалі нам (ці баяліся, таму што набліжаўся фронт). Часам немкі прыносілі ежу і вопратку, у асноўным дзецям. Нас, маладых, часта забіралі з лагера працаваць на палі. Аднойчы мы палолі гарох, трэба было па радзе два разы прайсціся «матыкай», а я так стамілася, што прайшла толькі раз. За гэта немец збіў мяне палкай. На працу нас вадзіў стары немец, здаецца, штурханула б яго, каб рассыпаўся. Але нельга — заб'юць...
...Аднойчы працавалі мы на цукровым заводзе. І раптам трывога, бамбёжка, і нас пагналі ў бамбасховішча, а калі мы вярнуліся, то завода не было. І лагер таксама разбамбілі: не пазнаць, дзе чый барак стаяў. Загінула шмат людзей. У маёй сяброўкі загінула маці, у адной жанчыны — двое дзяцей, іх не знайшлі, нават каб пахаваць. Нас прымушалі засыпаць варонкі і раскопваць бомбы, якія не разарваліся.
Пасля адсюль павезлі ў іншы лагер, у горад Пархім. Кармілі адной баландай, ды такой, што есці немагчыма было. Але паміраць галоднай смерцю не хацелася. Раніцай, калі выходзіш з барака, часта можна было ўбачыць мёртвых жанчын ці мужчын. А яшчэ часта жанчыны страчвалі розум. Пад раніцу ў лагеры толькі і чуеш крыкі, плач і песні. Такіх жанчын забіралі і вывозілі, казалі, што іх спальвалі ў спецыяльных печах...
А потым нас павезлі ў горад Людвігсбург. Пасялілі недалёка ад яго ў маёнтку нейкага багатага баварца. І зноў ганялі на работу: капаць буракі, малаціць гарох, вазіць салому, чысціць жывёльныя двары. Мы працавалі разам з ваеннапалоннымі. Конь, на якім перавозілі салому, зламаў нагу, і нашага палоннага за гэта збілі да паўсмерці... На працу хадзіць было далёка. Нам выдалі дзеравякі. Гэта такія чаравікі на тоўстай драўлянай падэшве. У іх было вельмі цяжка хадзіць. Снег наліпаў на падэшву. Мы здымалі дзеравякі і беглі на працу па снезе ў адных шкарпэтках. Былі мы ў Баварыі нядоўга, усе зімовыя работы скончыліся, і нас пагналі далей... У новым лагеры проста трымалі, не было куды ганяць. Трэба было нешта есці, тады я стала варажыць на картах, дакладней, казала, што прыйдзе мне ў галаву. У нашай лагерфюрыхі (начальніца лагера) было тры дачкі, яны мелі стасункі з намі, і я ім нешта там «наваражыла», гэтыя дзяўчаткі расказалі знаёмым, і да мяне сталі хадзіць немкі. У адной муж на вайне, у другой — сын, жаніх ці брат. Усе яны плакалі, як і мы. Яны прыносілі нам ежу, і гэта было вялікай падтрымкай...
...Набліжалася вясна 1945 года, набліжаўся фронт. Немцы пачалі ўсіх эвакуяваць. Перадалі калоны эсэсаўцам. Гналі пешшу, а за намі цягнуліся нямецкія абозы. Ішлі цэлымі днямі, без адпачынку. Шмат нашых падала ад знясілення, эсэсаўцы іх расстрэльвалі. Ідзеш і глядзіш па баках: людзі ляжаць уздоўж дарогі, як дровы. Так крыўдна было, бо набліжаўся канец вайны.
...Немцы здаліся амерыканскім салдатам. Нас амерыканцы павезлі ў свой тыл, зноў у лагер. Там проста трымалі, мы нават не ведалі, што 9 мая скончылася вайна. Пазней нам абвясцілі: хто хоча, можа збірацца... І нас перадалі рускім, сваім. Нам здавалася, што мы ўжо дома, так было радасна на душы. Але дом быў далёка. Было вельмі шмат народу — 9 тысяч чалавек, усіх адразу адправіць дадому немагчыма, не хапала транспарту, чыгунка была разбурана. Мы чакалі сваёй чаргі цэлых два месяцы. І аднойчы згаварыліся з дзяўчатамі і вырашылі схадзіць у ягады на кінутыя нямецкія дачы. Сабралася нас чалавек 20. І нас злавілі немцы з чырвонымі павязкамі на рукавах і са зброяй у руках. Такіх, як мы, паляўнічых за ягадамі, было шмат. Усіх пагналі ў горад і замкнулі ў нейкую турму. Мы плакалі, думалі, што нашы не знойдуць нас. Але знайшлі. Пастроілі перад усім лагерам і прачыталі такую «мараль», што мы тыдзень не выходзілі са сваіх баракаў. Нам сказалі, што наша войска прыйшло ў Германію не рабаваць, а вызваляць і абараняць народ ад прыгнёту. Але мы не разумелі гэтага. Мы думалі, што гэта мы пацярпелыя, якія ўбачылі столькі страху, вытрымалі столькі болю, голаду і холаду. Было так крыўдна і сорамна, што за жменю нікому не патрэбных ягад ледзь не трапілі пад расстрэл...
...Вось прыйшла і наша чарга адпраўляцца на радзіму. Колькі было радасці — не выказаць словамі. Гэта трэба перажыць. Пагрузіліся ў эшалон і адправіліся. І заспявалі песню: «Вагон хістаецца, усё апускаецца, усё апускаецца ў вясёлы сон. Краіна злосная ўсё аддаляецца, ідзе на радзіму наш эшалон...»
Маю прабабулю звалі Ганна Арцёмаўна Шчэрбін. Яна вярнулася дадому з Германіі, выйшла замуж, нарадзіла чацвярых дзяцей, доўга і шчасліва жыла ў мястэчку Парычы Гомельскай вобласці. Дачакалася ўнукаў і праўнукаў. На жаль, прабабулі ўжо няма побач з намі. Маю маму таксама назвалі Ганнай, а мяне прабабуля называла Катрынкай.
Нам пашанцавала: мы жывём у мірны час. Мы вучымся, ездзім на экскурсіі, ходзім у паходы, адпачываем на летніх канікулах у аздараўленчых лагерах. Кожны займаецца тым, што яму падабаецца: спортам, музыкай, маляваннем, танцамі. Сёння мы — такія. У нас шчаслівае дзяцінства!
Кацярына ГРЫНЬКО,
вучаніца 9 класа
гімназіі № 3 г. Магілёва.
Пра аўтара
Каця займаецца музыкай: сёлета закончыла музычную школу па класе фартэпіяна і сама спрабуе яе складаць. Цікавіцца бісерапляценнем, маляваннем, часам піша вершы. У гарадскім паэтычным конкурсе, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння М.Танка, заняла трэцяе месца. Была пераможцай гімназічнага паэтычнага конкурсу. Яшчэ Кацярына вядзе канцэрты ў гімназіі і ў музычнай школе, займаецца ў гуртку «Куфэрак творчасці». Удзельнічала ў адной з перадач «Перазагрузка» на тэлеканале «Магілёў-2» — на тэму барацьбы з наркотыкамі.
— У нас у горадзе ствараецца маладзёжны парламент, і я з'яўляюся кандыдаткай для ўключэння ў яго склад. У апошні час маім захапленнем стала журналістыка. Я наведвала гурток у гімназіі і зразумела, што мне гэта падабаецца, — распавяла 15-гадовая аўтарка.
Кацярына стала адной з пераможцаў конкурсу «Мы — такія!..», вынікі якога былі падведзены ў «ЧЗ» ад 26 чэрвеня.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/bez-rubriki
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/tags/pamyac-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/babulya
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanikuly
[6] https://zviazda.by/be/tags/uspaminy
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzyadulya
[8] https://zviazda.by/be/tags/sshytak
[9] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-grynko