Тым больш што іх колькасць у крамах хутка павялічыцца
Пра гэта заявіў кіраўнік ведамства Валянцін Чаканаў, размаўляючы з журналістамі з нагоды 90‑годдзя міністэрства і Дня работнікаў гандлю. Міністр паведаміў і некалькі іншых навін, цікавых для спажыўцоў.
Не болей за 2 літры
«Рэалізацыя піва ў пластыкавых бутэльках з часам будзе спынена, — сказаў міністр. — У многіх развітых краінах якасная алкагольная прадукцыя, у тым ліку піва, прадаецца толькі ў шкляных бутэльках, мы таксама будзем да гэтага імкнуцца». Гэтую думку ён выказаў, каментуючы забарону на продаж з 22 ліпеня піва ў тары звыш 2 літраў. Валянцін Чаканаў сказаў, што забарона на рэалізацыю піва ў тары вялікага аб'ёму была ўведзена ў мэтах паступовага скарачэння спажывання насельніцтвам алкаголю.
Чакаецца, што падобны захад будзе эфектыўным. «Да ўступлення ў сілу забароны на распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах, у парках і скверах маладыя людзі паўсюдна распівалі іх, што было вельмі непрыгожа. Пагадзіцеся, цяпер гэтага няма, у парках наведзены парадак», — падкрэсліў Валянцін Чаканаў.
Аднак ёсць і яшчэ адна прычына ўвядзення забароны на рэалізацыю піва ў вялікіх бутэльках — абарона ўнутранага рынку. «З‑за мяжы да нас ішоў тавар менавіта ў тары звыш 2 літраў», — сказаў міністр гандлю. Дарэчы, піва, якое ўвозіцца на тэрыторыю Беларусі, часам каштуе танней з‑за дэмпінгавага цэнаўтварэння, калі тавар свядома прадаецца па ніжэйшых коштах. «Гэта падрывае працу айчынных вытворцаў, перашкаджае ім развівацца».
Навошта прадаваць незразумела што?
Валянцін Чаканаў асабліва вылучыў тэму прасоўвання беларускай прадукцыі замест імпартнай: «Мы не павінны саромецца айчынных тавараў — яны выраблены годна. На жаль, часам мы не ўмеем іх прасоўваць і прадаваць. Вось у чым асноўная наша праблема. Калі нармальна айчынную прадукцыю паказаць, адвесці пад яе добрыя месцы ў крамах, попыт павялічыцца».
Міністр лічыць важным крокам у гэтым напрамку ўвядзенне патрабаванняў увозіць у краіну толькі тыя тавары, на якія ёсць дакументы аб іх якасці і бяспецы. «Мы не дазволім прадаваць на нашым рынку незразумела што, калі ёсць айчынны тавар належнай якасці. Таму індывідуальным прадпрымальнікам і прыватным унітарным прадпрыемствам неабходна развіваць дыялог з беларускімі вытворцамі», — падкрэсліў Валянцін Чаканаў, дадаўшы, што гэты дыялог будзе ўзаемавыгадным. «З часам прадпрымальнікі, многія з якіх сёння гавораць аб спыненні сваёй дзейнасці (з‑за ўвядзення патрабаванняў аб наяўнасці дакументаў), пяройдуць на беларускія тавары, паколькі яны якасныя і маюць усе неабходныя дакументы», — упэўнены кіраўнік ведамства.
Беларускае — абавязкова, імпарту — колькі хочаш
Яшчэ адна добрая навіна для нашых прадпрыемстваў — асартымент тавараў айчыннай вытворчасці ў крамах будзе пашыраны ў адпаведнасці з Законам «Аб дзяржаўным рэгуляванні аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання ў Рэспубліцы Беларусь», які ўступіў у сілу 22 ліпеня. «Асартыментны пералік распрацаваны для таго, каб спажывец у краме мог знайсці ўсё неабходнае — малако, хлеб, капусту, каўбасу, мяса добрай якасці і па прымальным кошце», — растлумачыў міністр. Ён удакладніў, што дакумент распрацаваны таксама зыходзячы з таго, якія тавары выпускаюцца айчыннымі вытворцамі, а якія не вырабляюцца і не вырошчваюцца ў Беларусі (напрыклад, кава і цытрусавыя).
Асартыментны пералік тавараў, які дзейнічае сёння, рэкамендаваны да выканання. Пасля ўступлення ў сілу новага дакумента яго выкананне стане для суб'ектаў гандлю абавязковым. «Загадчыкі крам і кіраўнікі гандлёвых сетак абавязаны будуць мець у наяўнасці ўсе прадугледжаныя асартыментным пералікам тавары беларускай вытворчасці. Пры гэтым імпартныя тавары не будуць забаронены да рэалізацыі ў любых колькасцях», — падкрэсліў Валянцін Чаканаў. «Цяпер доля айчынных тавараў, што паступаюць у продаж, складае ў агульным аб'ёме больш за 70%, — дадаў міністр. — З такім паказчыкам ніякія забароны нам не патрэбны».
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/gandal
[3] https://zviazda.by/be/tags/tavary
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyagcin-chakanau
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-rabotnikau-gandlyu
[6] https://zviazda.by/be/tags/spazhyucy
[7] https://zviazda.by/be/tags/aychynnyya-tavary