Тэматычная змена «Ад захаплення да педагагічнай прафесіі» прайшла ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Яна сабрала амаль тры сотні вучняў (лідараў школьнага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў), якія хочуць звязаць свой лёс з няпростай, але вельмі цікавай і высакароднай прафесіяй. Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка вырашыў арганізаваць для сваіх патэнцыяльных абітурыентаў вялікае свята, таму ў «Зубраняці» высадзіўся сапраўдны «дэсант»: перад школьнікамі выступілі каманда КВЗ «Лепшыя сябры», народны ансамбль «РЭЙ», ансамбль скрыпачоў «Anno Domіnі» і танцавальны калектыў «O2».
23-12
...Рэктара БДПУ Аляксандра Жука вельмі цікавіла, якім уяўляюць сабе сучаснага педагога дзеці і адкуль у іх узнікла жаданне стаць настаўнікам. Хто паўплываў на іх выбар? Школьныя педагогі ці бацькі? Аказалася, што ў многіх сем'ях маці альбо бацька працуюць на «педагагічнай ніве», а некаторыя дзеці і ўвогуле паходзяць з настаўніцкіх дынастый. Але ж многія прымалі такое рашэнне самастойна. Пра свой выбар распявала дзесяцікласніца Таццяна АРДЗЮК з Ліды:
— Я вельмі люблю дзяцей. Зараз займаюся ў школьным тэатральным гуртку і ўжо маю досвед працы з малодшымі школьнікамі. У будучым хачу стаць выкладчыкам рускай мовы і літаратуры і англійскай мовы.
— Гэта магчыма, бо ў нас ёсць адпаведная спецыяльнасць, — падтрымаў школьніцу Аляксандр Іванавіч.
Рэктар адзначыў, што валоданне замежнай мовай на камунікатыўным узроўні стала абавязковым атрыбутам сучаснага чалавека. Але і ў сярэдняй, і ў вышэйшай школе праблемы з «моўным пытаннем» ёсць: не хапае вучэбных гадзін і размоўнай практыкі. Высветлілася, што сярод удзельнікаў «круглага стала» толькі некалькі школьнікаў добра валодаюць мовай і могуць свабодна камунікаваць з іншаземцамі — гэта, па меркаванні Аляксандра Жука, выразна ілюструе сітуацыю. Ён прапанаваў дырэктару «Зубраняці» Надзеі Ануфрыевай запрашаць у цэнтр гасцей з Англіі і іншых краін. Пры гэтым запэўніў школьнікаў, што на базе БДПУ ўжо ствараюцца ўмовы для засваення студэнтамі замежных моў.
Арцём УЛАСАЎ са слуцкай школы №6 пацікавіўся ў госця:
— А як заахвочваюць студэнтаў ва ўніверсітэце?
— Відаць па ўсім, гэты малады чалавек сур'ёзна зацікаўлены паступленнем да нас, — усміхнуўся рэктар. — Магу пахваліцца: БДПУ — адзіная беларуская ВНУ, якая сёлета забяспечыла ўсіх першакурснікаў жыллём. У нас дзейнічаюць розныя сістэмы заахвочвання: міжнародныя адукацыйныя гранты, універсітэцкія і прэзідэнцкія прэміі. Працуюць праграмы па абмене студэнтамі — самыя актыўныя навучэнцы БДПУ праходзяць стажыроўку ў Італіі, Фінляндыі і іншых краінах Еўропы.
Вучаніца брэсцкай сярэдняй школы №8 Кацярына РАЗАНОВІЧ вырашыла даведацца: ці дзейнічае ва ўніверсітэце дрэс-код? «Хлопцаў і дзяўчат з іракезамі я ў сценах нашага ўніверсітэта не заўважаў, — прызнаўся Аляксандр Жук. — Усе людзі — дарослыя і ведаюць, як трэба выглядаць, каб адпавядаць дзелавой абстаноўцы».
Ірына ЖУШМА з Іванава пацікаваліся, якая спецыяльнасць карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў БДПУ. Аляксандр Жук паведаміў, што на ўсе ўніверсітэцкія спецыяльнасці прахадныя балы сёлета павысіліся, і ўсё ж у фаварытах — камп'ютарная графіка, фізічная культура і сацыяльная псіхалогія.
Марыя Марцулевіч запыталася ў рэктара: якім ён бачыць ідэальнага педагога сучаснасці?
— Вобраз настаўніка XXІ стагоддзя амаль спісаны з пераможцы сёлетняга конкурсу «Настаўнік года—2014», выкладчыка гісторыі з Маладзечна Віктара Жука. Ён актыўна выкарыстоўвае новыя тэхналогіі — у сацыяльных сетках можа і пракансультаваць сваіх вучняў, і даць ім заданне, — падзяліўся сваім бачаннем кіраўнік педагагічнага ўніверсітэта. — Сёння інфармацыі вельмі шмат, і ў сувязі з гэтым задача настаўніка змянілася: у першую чаргу ён павінен арганізаваць працэс засваення ведаў, развіць у сваіх выхаванцаў уменне вучыцца. А навучанне павінна працягвацца праз усё жыццё.
Аляксандр Жук таксама падзяліўся са школьнікамі сваёй марай — адрадзіць у Мінску педагагічную гімназію. Але пачынаць трэба з педагагічных класаў. Да слова, першыя педагагічныя класы фізіка-матэматычнага і філалагічнага профіляў ужо адкрыліся на базе 20-й сталічнай гімназіі.
Падсумоўваючы, рэктар дадаў:
— Дзіцячы садок і школа закладваюць падмурак асобы. Напэўна, усе памятаюць сваю першую настаўніцу — гэты чалавек пакідае след у нашай душы на ўсё жыццё. Раней перад настаўнікам здымалі капелюшы. Сёння прывабнасць прафесіі знізілася ў немалой ступені з-за невысокіх заробкаў. Але зразумейце, што не ўсё вымяраецца грашыма: добры спецыяліст ведае сабе кошт. Дарэчы, БДПУ сумесна з Міністэрствам адукацыі ўжо працуюць над праграмай сацыяльнай падтрымкі настаўнікаў — ільготным крэдытаваннем, зніжкамі на інтэрнэт і мабільную сувязь. Мы зробім усё для таго, каб настаўнік адчуваў сябе ўпэўнена і прафесія педагога зноў стала прэстыжнай.
Завяршэннем дыялогу стала падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве БДПУ імя М. Танка і НДЦ «Зубраня». Цяпер яны будуць сябраваць: на летнюю практыку сюды будуць накіроўвацца студэнты, каб бліжэй пазнаёміцца з будучай прафесіяй і папрацаваць важатымі.
Кацярына РАДЗЮК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/23-12.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/kacyaryna-radzyuk-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/zubranya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/lepshyya-syabry