Дэбютную кнігу вершаў паэтэсы са Шклоўшчыны Вольгі Данілавай прадставіў на нядаўняй сустрэчы ў Магілёве рэдактар аддзела літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя» Рагнед Малахоўскі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў таленавітых аўтараў заўсёды ёсць шанц знайсці сваё месца на старонках выдання.
Разам з Уладзімірам Мазго, намеснікам рэдактара часопіса «Нёман», Рагнед Малахоўскі прыняў удзел у семінары дырэктараў бібліятэчных сетак вобласці, які праходзіў на базе Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна. Прадстаўнікоў абодвух часопісаў сустрэлі, як добрых знаёмых, чыя творчасць на Магілёўшчыне вядома і запатрабавана. Пісьменнікі нагадалі пра тое, наколькі цесна выданні супрацоўнічаюць з пачынаючымі літаратарамі і музыкантамі, а таксама зачыталі некалькі кранальных вершаў са сваіх зборнікаў.
Як адзначыла намеснік дырэктара Магілёўскай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса Вольга Волкава, часопісы Выдавецкага дома «Звязда» карыстаюцца сярод чытачоў вялікім попытам. А на «Полымя» і «Маладосць», якія можна ўзяць на абанеменце, нават існуе чарга.
— Цікавасць да сучаснай беларускай літаратуры павялічваецца, — паведаміла Вольга Уладзіміраўна. — Прычым не толькі сярод мэтанакіраванай аўдыторыі, якая сочыць за літаратурнымі тэндэнцыямі з прычыны сваіх прафесійных абавязкаў. Дарэчы, калі мы некалькі год таму праводзілі літаратурны конкурс, у намінацыі «За чытанне беларускай літаратуры» перамог менавіта чытач «Полымя».
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura-0
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya-1