У Бялградзе ў Сербіі пачала сваю работу 61-я міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Аўтарытэтны кніжны форум Еўропы сабраў гасцей і ўдзельнікаў з дзясяткаў краін свету. Сёлета ганаровым госцем выстаўкі з'яўляецца Іран.
Вялікім стэндам, шматлікімі мерапрыемствамі прадстаўлена і Рэспубліка Беларусь. Адкрываючы работу беларускага стэнда, міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч расказала гасцям пра тыя дасягненні ў кнігавыданні, якія ажыццёўлены ў нашай краіне.
У Сербіі добра ведаюць і любяць Беларусь. Дзясяткі людзей, знаёмячыся з беларускай кнігай, успамінаюць і гавораць пра палітычную і духоўную падтрымку Сербіі з боку Беларусі, пра візіты нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Бялград, пра трывалае беларуска-сербскае сяброўства.
Сведчаннем дружбы нашых народаў з'яўляецца прэзентаваная на стэндзе кніга "Беларусы пра Сербію / Югаславію", выдадзеная ў Мінску ў выдавецтве "Белпрынт". Паўнамоцны і Надзвычайны Пасол Рэспублікі Беларусь у Сербіі Уладзімір Чушаў, расказваючы пра гэта выданне, адзначыў вялікую ролю ў складанні кнігі прафесара БДУ доктара філалагічных навук Івана Чароты.
Ён сабраў пад адной вокладкай мноства мастацкіх і публіцыстычных твораў беларускіх аўтараў, пачынаючы з верша Максіма Багдановіча.
На стэндзе быў прэзентаваны спецыяльны выпуск газеты "ЛіМ" [4], які расказвае пра беларуска-сербскую літаратурную дружбу. Расказалі беларускія ўдзельнікі выстаўкі і пра кнігу "Францыск Скарына на мовах народаў свету", дзе разам з іншымі перакладамі прадстаўлены тры пераўвасабленні вядомага тэксту беларускага першадрукара ("Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае..."). Аўтарамі перакладаў на сербскую з'яўляюцца Радміла Рысціч, Іван Чарота, Саманта Рыц.
Выстаўка працягваецца. Многія сустрэчы беларускай дэлегацыі, беларускіх кнігавыдаўцоў пройдуць і на іншых пляцоўках Бялграда. Акрамя таго, Сербія можа стаць ганаровым госцем [5] Мінскай кніжнай выстаўкі.
Кірыл Ладуцька, г. Бялград, Сербія.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kiryl-laducka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[5] http://zviazda.by/be/news/20161024/1477305672-serbiya-mozha-stac-ganarovym-goscem-minskay-knizhnay-vystauki
[6] https://zviazda.by/be/tags/serbiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-chushau
[8] https://zviazda.by/be/tags/liliya-ananich