Белтэлерадыёкампанія абвясціла аб пачатку прыёму заявак ад ахвотных прадставіць налета нашу краіну на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне».
Нагадаем, Украіна атрымала права правядзення песеннага шоу ў выніку перамогі спявачкі Джамалы, чыя песня «1944» пра дэпартацыю крымскіх татар набрала сёлета 534 балы ад міжнароднага журы і тэлегледачоў. У папярэднім спаборніцтве паміж шасцю ўкраінскімі гарадамі-кандыдатамі на прыём конкурсу першынство ўзяў Кіеў, дзе з 9 па 13 мая і пройдзе «Еўрабачанне-2017».
Выбар музычнага дэлегата ад Беларусі на будучым конкурсе будзе праходзіць па ўжо звыклай схеме. Ахвотным выканаўцам і аўтарам песень, якім на момант падачы заяўкі мусіць быць не менш за 16 гадоў, трэба ў тэрмін да 22 лістапада даслаць свае анкеты і музычныя матэрыялы на адрас Белтэлерадыёкампаніі: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай «Нацыянальны адборачны тур конкурсу песні «Еўрабачанне-2017».
Ужо да 30 лістапада прафесійнае журы па выніках адкрытага праслухоўвання ўсіх кандыдатаў вызначыць 15 фіналістаў — дарэчы, за працэсам адбору можна будзе сачыць падчас анлайн-трансляцыі на сайце www.tvr.by. Фінальны канцэрт запланаваны на 25 студзеня, калі ў прамым эфіры паводле класічнай формулы 50/50 (сума галасоў тэлегледачоў і суддзяў) і будзе афіцыйна названы пераможца праекта — беларускі ўдзельнік «Еўрабачання-2017».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/adbor-na-eurabachanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-1