Выданне пабачыла свет у Нацыянальнай бібліятэцы, у сценах якой і прайшла прэзентацыя. Урачыстасць была прымеркавана да 20-годдзя новага будынка галоўнай кніжніцы краіны — Уладзімір Дражын як намеснік прэм’ер-міністра Беларусі ў 2001–2005 гадах, куратар і адказная асоба будоўлі нагадаў пра падзеі таго перыяду.
Укнізе ж гаворка ідзе пра жыццё беларускай дзяржавы ў час, калі адно тысячагоддзе змяняла іншае. Што сабой уяўляла палітычнае ўладкаванне? З якімі эканамічнымі праблемамі давялося сутыкнуцца беларускаму народу? Якія недахопы і вартасці мелі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, культуры ды іншыя? Чым былі абумоўлены міжнацыянальныя і міжнародныя стасункі? Як пераасэнсоўвалася памяць пра Вялікую Айчынную вайну? Пра гэта і многае іншае Уладзімір Дражын, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, расказвае як назіральнік, удзельнік і той, хто ўплываў на хаду падзей. Аўтар успамінае пра гады працы ў Вярхоўным Савеце Беларусі, Мінскім аблвыканкаме, дзейнасці ў якасці намесніка прэм’ер-міністра і дыпламата, і розныя назіранні пераплятаюцца з развагамі пра мінулае і сучаснасць, пра сваю ролю ў жыцці краіны і тых людзей, якія сустракаліся на жыццёвай дарозе. Шэраг інтэрв’ю, дадзеных Уладзімірам Несцеравічам у свой час, падсумоўвае напісанае...
Ідэю для кнігі аўтару падказалі яго калегі, дэпутаты Вярхоўнага Савета XII склікання, якім было важна, каб хроніка адпаведнага перыяду была захавана на паперы.
— Магчыма, хтосьці зробіць заўвагу, што напісаў пра гэта не поўна. Не стаўлю перад сабой задачу стаць гісторыкам, палітолагам, але праз сябе я прапусціў усе тыя падзеі, і яны адклаліся ў памяці, — падкрэсліў Уладзімір Дражын. — Першае і галоўнае: нам, Вярхоўнаму Савету XII склікання, «выпаў» развал Савецкага Саюза: трэба было ратаваць эканоміку, фарміраваць вертыкаль улады, выбіраць лад праўлення... На гэты час прыпалі прыняцце Канстытуцыі, выбары Прэзідэнта, стварэнне першага ўрада, другога, у якім я працаваў... І мы выйшлі на той узровень жыцця, які называюць годным.
Укладальнікам выдання «Беларусь на рубяжы XX–XXI стагоддзяў. Пра тое, што помніцца...» стаў паэт і перакладчык Анатоль Аўруцін. Увогуле ж Уладзімір Дражын — аўтар васьмі кніг, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Старшыня творчай арганізацыі Аляксандр Карлюкевіч, разважаючы пра яго творчасць, звярнуў увагу на асаблівую з’яву ў гісторыка-публіцыстычнай прасторы краіны: пра жыццё свайго пакалення і лёсы папярэднікаў, пра мары і памкненні народа пішуць людзі з вялікім жыццёвым вопытам.
— Яны не толькі прымалі рашэнні, будавалі і праектавалі, але таксама ўплывалі і працягваюць уплываць на грамадства. Менавіта ад гэтых аўтараў кніг, публікацый у перыёдыцы залежыць фарміраванне светапогляду наступных пакаленняў, якім наканавана захоўваць традыцыі продкаў.
З 2014 года Уладзімір Дражын узначальвае Беларускую асацыяцыю гольфа, з’яўляецца старшынёй Савета старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме, а яшчэ кіруе Папячыцельскім саветам Храма-помніка святога князя Аляксандра Неўскага ў Мінску. На прэзентацыі ў Нацыянальнай бібліятэцы настаяцель храма протаіерэй Мікалай Коржыч зачытаў прывітанне Мітрапаліта Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у якім прагучала: «Публікацыя ўспамінаў — гэта адкрыты крок да таго, каб па-
дзяліцца сваім асабістым успрыманнем і замацаваць падзеі складанага перыяду на паперы. Праз гэтае выданне чытач атрымлівае не толькі асабісты, але і гістарычны дакумент, які ўяўляе сабой бясцэнны матэрыял для вывучэння цэлай эпохі».
Яўгенія ШЫЦЬКА