Народная артыстка Расійскай Федэрацыі і прыма-балерына Вялікага тэатра Расіі прыехала ў Мінск з праграмай MODANSE, у межах якой былі паказаны два аднаактовыя балетныя спектаклі «Нібыта подых» і «Габрыэль Шанэль». Гэты праект з’явіўся ў 2019 годзе дзякуючы прадзюсарскай кампаніі MuzArts, яго паглядзелі ў многіх гарадах Расіі і за яе межамі.
А вось у Беларусі паказ адбыўся ўпершыню. Але Святлана Захарава не абмежавалася толькі сцэнічным выступленнем.
Яна з’яўляецца рэктарам Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі, шмат працуе з дзецьмі, пры гэтым застаецца прымай Вялікага тэатра Расіі. Святлана Захарава — прыклад таго, што значыць быць артыстам-зоркай: гэта калі свой талент гатовы дзяліць з іншымі дзеля развіцця мастацтва. Магчыма, са спадзяваннем на гэта прыйшлі на сустрэчу з выдатнай балерынай навучэнцы Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, профільнай навучальнай установы, якая выхоўвае будучых балерын і танцоўшчыкаў. А хто з іх не марыць пра сусветную сцэну — і што трэба для таго, каб яе скарыць?
Яна распавядала пра сакрэты майстэрства, рэпетыцыйны рэжым і сцэнічны досвед. Легенда балета натхніла юных артыстаў на ўпартую працу і самаўдасканаленне на шляху да вялікай сцэны: кожны, хто ідзе ў гэтую прафесію, павінен быць упэўнены ў тым, што гэта менавіта яго шлях. Настойлівасці нашым юным артыстам балета не займаць (па аўтограф стаяла чарга), і Захарава заахвоціла абсалютна ўсіх.
Святлана Захарава — адна з найлепшых балерын сучаснасці, якую віталі ў розных краінах і гарадах свету — Амстэрдаме, Берліне, Вене, Лондане, Мадрыдзе, Нью-Ёрку, Парыжы, Токіа... У 2008 годзе яна стала прымайбалерынай славутага тэатра «Ла Скала», што ў Мілане. На сцэне Вялікага тэатра Беларусі яна танцавала таксама, упершыню гэта здарылася ў 2009 годзе ў балеце «Лебядзінае возера». І вось чарговы візіт з праграмай MODANSE.
— Гэты праект адметны, ён павінен паказвацца на сцэне сапраўднага тэатра, — адзначыла Святлана Захарава. — Гэта два розныя балеты, не подобныя адзін на аднаго, але іх аб’ядноўвае стыль, мода, сучаснасць.
Спектакль «Нібыта подых» быў пастаўлены італьянскім харэографам Маура Біганцэці яшчэ ў 2017 годзе на музыку кампазітара эпохі барока Георга Фрыдрыха Гендэля. Гэта сучасны балет, але вельмі вытанчаны, дзе кожны танцоўшчык ці балерына (на сцэну разам з зоркай выходзілі выдатныя артысты Вялікага тэатра Расіі) уражваў сваім валоданнем целам. І за гэтым хацелася сачыць, затаіўшы дыханне.
Спектакль быў спецыяльна адаптаваны для Святланы Захаравай, яна атрымала дазвол пастаноўшчыка выконваць яго ў межах праекта «MODANSE».
Другі балет «Габрыэль Шанэль» — гэта эмацыянальнае прысвячэнне легендарнай заканадаўцы моды Коко Шанэль, над якім працавалі харэограф Юрый Пасохаў і кампазітар Ілья Дзямуцкі. Балет створаны ў супрацоўніцтве з модным домам CHANEL, які распрацаваў для яго больш за 85 касцюмаў, а таксама прадаставіў эксклюзіўныя архіўныя матэрыялы. І, вядома, Захарава ў вобразе Габрыэль была вельмі арганічная — само ўвасабленне элегантнасці, таленту і жыццёвай драмы вялікай куцюр’е. Для нас гэта прыклад таго, як драма і вобраз жанчыны могуць быць раскрыты ў сучасным балеце.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота даслана аўтарам