Нарадзіўся будучы пісьменнік у мястэчку Карпілаўка (з 1905 г. у складзе мястэчка Жлобін) у сям’і Ізраіля і Хаі Добіных. Сям’я была шматдзетнай. Яе галава ледзь зводзіў канцы з канцамі, прадаваўшы садавіну і хатнюю выпечку на базары.
На атрыманне добрай адукацыі маленькі Гірш разлічваць не мог. Трэба было дапамагаць бацьку. Заставалася самаадукацыя. Хлопчык шмат чытаў, асабліва яго цікавіла гісторыя старажытнага Ізраіля. Так у Гірша Добіна і яго сяброў узнікла ідэя перасяліцца ў Палесціну. У 1922 г. хлопцы заснавалі ў Жлобіне філіял сіянісцкага руху «Гехалуц». Гэта ішло ўразрэз з савецкай палітыкай. Часта сустрэчы мясцовых сіяністаў заканчваліся налётам камсамольцаў. У 1924 г. Гірш Добін у першы раз быў арыштаваны. Некалькі дзён давялося яму правесці ў Бабруйскай турме, дзе следчыя спрабавалі вывудзіць з хлопца інфармацыю пра сіянісцкую ячэйку, якой ужо не было. Праз некалькі месяцаў сітуацыя паўтарылася. Тады наш зямляк вырашыў пераехаць у вялікі горад — Харкаў, першую сталіцу савецкай Украіны. Ішоў 1925 год.
Там ён закахаўся і збіраўся ажаніцца. Але яго каханая трапіла пад трамвай. Пасля смерці нявесты Гірш Добін вярнуўся ў Жлобін. У 1927-м ён зноў прыехаў у Харкаў, дзе ў наступным годзе ў мясцовай яўрэйскай газеце з’явілася яго першая літаратурная публікацыя. А ў 1931-м выйшаў зборнік «Арум а мілы» («Каля млына»). На рускай мове свае творы публікаваў як Георгій (Рыгор) Добін. У тым жа годзе стаў бацькам. У 1934 г. быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР.
У хуткім часе Гірш Добін з сям’ёй зноў вярнуўся ў Жлобін. І тут яму паступіла прапанова перабрацца ў Бірабіджан. На Далёкім Усходзе будавалася аўтаномная яўрэйская нацыянальная вобласць у складзе СССР. Гірш Добін стаў працаваць у газеце «Бірабіджанер Штэрн». У 1935 г. выдаў аповесць «На Амуры». Свае ўражанні ад камандзіровак выклаў у кнізе «Між вулляў». Напісаў п’есу «Бірабіджан». Але ў 1936 г. Гірш Добін быў выключаны з кампартыі, членам якой з’яўляўся. У 1938-м яго разам з калегамі па творчым цэху, у тым ліку з рэдактарам газеты «Бірабіджанер Штэрн» С. Гольдэнбергам, арыштавалі. Але ў 1940 г. групавая справа ў дачыненні да Гірша Добіна і яго калег была спынена, і пісьменнік зноў вярнуўся ў Беларусь. Хутка быў запрошаны працаваць спецыяльным карэспандэнтам яўрэйскай газеты «Кастрычнік» у Беластоку.
22 чэрвеня 1941 г. Гірш Добін знаходзіўся з рэдакцыйным заданнем у Ваўкавыску. Каля двух тыдняў дабіраўся да беларускай сталіцы. Ды Мінск ужо быў захоплены фашыстамі. Пісьменніка арыштавалі, і з цягам часу ён трапіў у створанае ў горадзе гета. Там уключыўся ў падпольную барацьбу. Пасля пагрому 2 сакавіка 1942 года стала зразумела: фашысты нікога ў жывых пакідаць не збіраюцца. Адпраўка ў партызанскія атрады, з якімі яўрэям удалося да таго часу наладзіць сувязь, пайшла больш інтэнсіўна. 14 сакавіка 1942 г. Гірш Добін стаў байцом партызанскай брыгады «Дзядзькі Васі», на чале якой стаяў адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў БССР Васіль Варанянскі. Працягваў і пісаць...
Пасля вызвалення Беларусі пісьменнік быў накіраваны ў распараджэнне Саюза пісьменнікаў СССР у Маскву. Адтуль яго мабілізавалі ў шэрагі Чырвонай арміі. Быў узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені, інш.
Падчас вайны яго жонка Клара і маленькі сын Ізя загінулі ў Беластоку. У Жлобіне былі забіты і яго сястра Сара з мужам, у Харкаве — сястра Зэлдэ з сям’ёй, на фронце загінуў брат Зяма. Дэмабілізаваўшыся, Гірш Добін паехаў у падмаскоўныя Люберцы, дзе ажаніўся другі раз. Працягваў актыўна пісаць. У 1947 г. выдаў кнігу апавяданняў «На беларускай зямлі», у якой распавядаў пра сваё знаходжанне ў гета і барацьбу з нацыстамі ў скла-дзе партызанскага атрада. Аднак неўзабаве яму, як і многім калегам, творчасць прыйшлося спыніць. Пачалася барацьба з касмапалітызмам.
Пахаваўшы другую жонку, Гірш Добін застаўся без пастаяннай працы з двума дзецьмі на руках. Аднойчы на станцыі ў Харкаве ён сустрэўся з сястрой першай жонкі Тубай і яе дачкой Леяй Сулькінай, якая стала маці для яго дзяцей.
Пасля смерці Сталіна Гірш Добін зноў пачаў зарабляць пяром. У 1958 г. Добіны пераехалі ў Маскву. Свае творы пісьменнік публікаваў у часопісе «Советиш Геймланд» і ў замежнай яўрэйскай прэсе. Выйшлі чарговыя кнігі... У 1992 г. Гірш Добін з роднымі пераехаў у Ізраіль. Быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Ізраіля. Там і памёр.
У Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музейным комплексе захоўваецца адна з кніг Рыгора Добіна — зборнік «Рассказы», які ўбачыў свет у 1977 г. у выдавецтве «Художественная литература» ў перакладзе на рускую мову. У адным з апавяданняў зборніка — «Наперадзе — усё жыццё» — распавядаецца пра трагічны лёс жлобінскіх яўрэяў у гады акупацыі. Падзеі ў творы разгортваюцца ранняй вясной 1945 г., калі яшчэ ішла вайна. Жлобін ляжаў у руінах. Дэмабілізаваны з дзеючай арміі па раненні старшына танкавай роты Зэлік Фундатэр вяртаецца ў родны горад. Тут ён, нягледзячы на безвыніковыя пошукавыя запыты, спадзяецца ўсё ж адшукаць сваю сям’ю. Але гэтым надзеям не суджана было збыцца. Што ж рабіць далей? Як жыць? Гэтыя пытанні нібы распаленым жалезам апякаюць душу Зэліка. Аднак за цяжкай штодзённай працай у Зэліка пакрысе душэўныя раны пачалі загойвацца. Неўзабаве лёс зводзіць яго з маладой настаўніцай Нехамай, якая выхоўвала сірату Лілію. Дзяўчына ад перажытага ў вайну перастала верыць у жыццё. Зэліку і Нехаме давялося прыкласці шмат намаганняў, каб дапамагчы ёй зноў адчуць радасць жыцця. На гэтай ноце і заканчваеццца апавяданне, што стала своеасаблівым сімвалам перамогі жыцця над смерцю.
Мікалай ШУКАНАЎ
Фота даслана аўтарам