Top.Mail.Ru

«Ад Берасцейшчыны з любоўю і верай да людзей»

21.08.2026 | 19:37
Пра зборнік вершаў Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько і Анатоля Шушко

Беларуская літаратура, як вечна жывая крыніца, бярэ сваю магутную сілу з двух глыбокіх пластоў: з непаўторнай індывідуальнасці пісьменніка і з калектыўнай памяці яго роднай зямлі. Менавіта на скрыжаванні гэтых дарог нараджаецца тая самая «чыстая музыка», што робіць мастацкае слова нечым большым, чым проста тэкст. Зборнік «Чыстая музыка неба», які аб’ядноўвае творчасць трох выдатных сыноў Брэстчыны — Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько і Анатоля Шушко, — з’яўляецца яркім і сапраўдным сведчаннем гэтай вечнай сувязі.

Выданне зборніка «Чыстая музыка неба» — гэта значная падзея не толькі для Брэстчыны, але і для ўсёй беларускай літаратуры. Кніга ўяўляе сабой своеасаблівы музычны трыпціх. Гэта тры сольныя партыі, якія разам ствараюць шматгалосую сімфонію, прысвечаную роднаму краю.

У прадмове да зборніка Алесь Карлюкевіч піша, што Берасцейшчына з’яўляецца сапраўды паэтычным краем, дзе ў кожным яго куточку нараджаюцца яркія асобы. Мікола Антаноўскі, Мікола Бусько і Анатоль Шушко таксама знаходзяцца ў гэтым шэрагу.

Віктар Шніп — старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі — сабраў творы людзей, якія адрозніваюцца адзін ад аднаго сваім светапоглядам, па-свойму выказваюць пачуцці і думкі, жадаючы перадаць у слове тое, што адчуваюць самі. На маю думку, укладальнік аб’яднаў пад адной вокладкай творы такіх розных аўтараў, што ўсе ж такі яны падобныя ў сваёй любові да родных мясцін, уменні паказаць глыбіню чалавечых пачуццяў. 

У творчасці Мiкалая Антаноўскаго цесна знітаваны два паэтычныя пласты. З аднаго боку, ён лірык, які разумее не толькі душу чалавека, але і душу прыроды, а з іншага — у пэўнай меры і публіцыст, якому балюча назіраць, як марнеюць людскія душы, страчваюцца духоўныя каштоўнасці, хісткімі становяцца маральныя ўстоі. Паэзія Міколы Антаноўскага ўвабрала ў сябе цэлы свет пачуццяў, галоўныя з якіх — любоў да Радзімы, да людзей, да прыроды, да жыцця. Пейзажныя замалёўкі прысутнічаюць у большасці яго вершаў.

Мікола Бусько нарадзіўся на Карэліччыне, але пераехаў у Баранавічы, дзе жыў і працаваў. Аднак паэт не парываў сувязей з малой радзімай, часта там бываў, даследаваў гісторыю вёсак Карэліцкага раёна. Дапамагаў у аднаўленні каменнай царквы Узнясення Гасподняга ў в. Ярэмічы, пабудаванай у 1867 г. і зачыненай у савецкі час, напісаў для яе некалькі ікон. 

Вершы Анатоля Шушко, трэцяга аўтара зборніка, светлыя, узнёслыя і шчырыя, таксама натхнёныя роднымі мясцінамі, прыгажосцю беларускай прыроды.

Паэт быў вельмі патрабавальным да сябе, уважліва ставіўся да кожнага радка, кожнага слова ў паэтычнай страфе. Мабыць, таму першая кніга «Выток і прычасце» пабачыла свет толькі ў 1994 г. 

Назва зборніка — «Чыстая музыка неба» — задае тон усёй кнізе. Гэта музыка ў вершах: ад стрыманай, але эмацыянальна глыбокай лірыкі Антаноўскага, праз яркую вобразнасць і фальклорныя матывы Бусько да філасофскай шчырасці і грамадзянскага голасу Шушко. Аднак, нягледзячы на індывідуальныя адценні, праз творы ўсіх трох аўтараў праходзіць магутная аб’яднальная тэма: любоў да Брэстчыны, да яе прыроды, гісторыі і людзей.

Назва раздзела «Над высокім жытам», у які ўвайшлі творы Міколы Антаноўскага, невыпадковая: яна распачынае першую паэтычную стужку ў кнізе і задае найважнейшую для ўсяго зборніка вышыню. На маю думку, гэта і літаральная вышыня (птушкі, неба), і маральная (высокія ідэалы), і гістарычная (погляд з вышыні часу на лёс чалавека і краіны).

Глыбокае, філасофскае пазнанне прыроды прасочваецца ў вершах «Хутар», «Над высокім жытам — жаваранак», «А я заспеў яшчэ ў лугах стагі...». У прыродзе аўтар нібы шукае адказы на тыя пытанні, якія заўсёды хвалююць чалавека.

У творах «Кожны год Хрыстос уваскрасае», «Памяці Алеся Каско», «Дарога» — развагі пра мінулае, культурную памяць, лёс чалавека на фоне гісторыі, а таксама цікавасць да хрысціянскай і народнай сімволікі.

Унутраны свет чалавека, дыялектыка яго душы, пошук гармоніі і сэнсу жыцця — ўсё гэта часта адлюстроўваецца і раскрываецца праз дыялог з прыродай. 

Мікола Антаноўскі паўстае паэтам-філосафам і лірыкам. Яго свет — гэта свецкі манастыр, дзе жыта замяняе іканастас, а шлях праз поле становіцца духоўным шляхам. Ён не проста апісвае краявід, а выкарыстоўвае яго як метафару лёсу, памяці і веры:

Глядзі ў раку, 

часцей разводзь цяпельца

І слухай, як у храме, лесу спеў.

Тады табе тваё падкажа сэрца,

Як трэба жыць, 

адпрэчыўшы свой гнеў.

Назва другога раздзела імкліва пераносіць нас з жытняга поля да чалавечых адносін. «Кладка між сэрцаў» Міколы Бусько — гэта моцны, нацыянальна абумоўлены вобраз: часовае прыстасаванне, якое злучае, цяпер набывае метафарычнае значэнне — гэта повязь паміж людзьмі, пакаленнямі, чалавекам і гісторыяй.

Лірыка больш прыземленая, чым у Міколы Антаноўскага. Край — канкрэтная вёска, хатка, двор, дзе адбываюцца простыя, але важныя падзеі. Аб адраджэнні гістарычнай памяці сведчыць зварот аўтара да постаці Францыска Скарыны. Паэт звязвае гістарычную асобу з народным святам («Скарына на Купаллі»). Вобразы дарогі і лёсу таксама становяцца сімваламі жыццёвага выбару («Кладка», «Шлях»). 

Блізкасць да фальклору, яркая вобразнасць, пачуцці... Бусько — паэт-апавядальнік, рамантык. Яго творчасць грунтуецца на канкрэтных вобразах хатняга цяпла, вясковай дарогі, народнага свята. Ён будуе кладку паміж мінулым і сучаснасцю, паміж вялікай гісторыяй і штодзённым жыццём чалавека.

Анатоль Шушко выступае ў зборніку як найбольш складаны і інтэлектуальны аўтар. Ён паэт, якісмела імкнецца пашырыць межы лірыкі — як у форме, так і ў змесце, спалучаючы метафізічны пошук з дакладнай назіральнасцю. Яго «вечная прага» — імкненне не толькі да ідэалу, але і да поўнага, усвядомленага пражывання кожнага моманту быцця.

Шчырыя развагі пра каханне, час, творчасць, унутраны дыялог з самім сабой і мінулым — інтымная і філасофская лірыка паэта.

Паэты з дапамогай апісанняў разважаюць над вечнымі пытаннямі: пра сэнс жыцця, час і памяць, месца чалавека ў гэтым свеце. Іх разважанні часта маюць карані ў вясковай мудрасці, у цыклічнасці прыродных працэсаў, што надае ім асаблівую грунтоўнасць.

Асобнай, вельмі моцнай струной гучаць вершы, прысвечаныя бацькам, блізкім і сучаснікам. Людзі, якія пакінулі пэўны след у лёсах паэтаў, набываюць у вершах універсальны характар, становяцца вобразамі Садзейніка, Настаўніка, Носьбіта сапраўднай чалавечнасці.

Мова зборніка — багатая, звонкая, паэтычная. Аўтары па-майстэрску карыстаюцца магчымасцямі беларускай мовы, яе народнай асновай і музычнасцю. Вобразы часта матэрыяльныя, што набліжае верш да чытача, робіць яго адчувальным.

Зборнік «Чыстая музыка неба» стане каштоўным адкрыццём для ўсіх, хто цікавіцца беларускай паэзіяй ХХ—ХХІ стагоддзяў. Ён будзе блізкі тым, хто шукае ў літаратуры не толькі эстэтычнае, але і духоўнае. Для жыхароў Брэстчыны гэта — літаратурны помнік іх краю, які ўзвялі тры яркія індывідуальнасці.

Вікторыя ІЛЬІНА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю