Міхал Францавіч Кусцінскі (1829–1905) — асоба даволі вядомая. Артыкулы пра гаспадара маёнтка ў Завідзічах Лепельскага павета змешчаны на старонках беларускіх энцыклапедый. Пра Міхала Кусцінскага неаднойчы пісалі ў рэгіянальным краязнаўчым друку. Варта згадаць артыкулы Аркадзя Падліпскага, Іллі Януша, Мікалая Півавара, Алеся Марціновіча. Кусцінскі стаў больш вядомым, калі пра яго загаварылі на Лепельскіх краязнаўчых чытаннях у пачатку 2000-х гг. Увагу да археолага і фатографа праявілі такія вучоныя, як Вольга Лабачэўская, Людміла Дучыц і іншыя даследчыкі. І ўсё ж цэласнага ўяўлення пра жыццё, маштабы прыўнесенага Міхалам Францавічам «у навуковую скарбонку краю» няма. Людміла Хмяльніцкая робіць спробу вырашыць гэтую задачу, паказаць тую арыгінальную дарогу, па якой ішоў ураджэнец Лепельскага краю. Аўтар кнігі выкарыстоўвае мноства адкрытых, знойдзеных ёй асабіста крыніц, таму да раскрытага ёю вобраза Кусцінскага ўзнікае давер, што робіць кнігу вартай увагі. І пры гэтым Людміла Хмяльніцкая піша разняволена, даступна расказвае пра яго жыццё, імкнучыся прыцягнуць да асобы археолага, фатографа, краязнаўцы ўвагу шырокага чытача.
Ужо назвы раздзелаў аповеда паказваюць, як аўтар імкнецца рэльефна адлюстраваць маштаб асобы: «Старонкі радаводу», «Уражанні малалецтва», «У шляхецкім інстытуце», «Годна правесці жыццё ў ролі вясковага гаспадара і грамадзяніна...», «Пачатак заняткаў археалогіяй. Віленская археалагічная камісія», «Віцебскі губернскі статкамітэт. Этнаграфічная выстава 1867 г.», «Па слядах XVI стагоддзя», «Маскоўскае археалагічнае таварыства», «Антрапалагічная выстава 1879 г.», «Нумізмат», «Я занимаюсь фотографиею как любитель...», «Краязнаўца», «Прыватны музей», «Сельскі гаспадар і яго нашчадкі», «Нарыс пра Аўгуста Кусцінскага». У «Дадатку» — «Дакументы і матэрыялы». Дапаўняе кнігу «Бібліяграфія», у якой аўтар сабрала звесткі пра публікацыі артыкулаў Міхала Кусцінскага і нават пра яго рукапісы. Уражвае і збор ілюстрацыйнага матэрыялу, асабліва — рэпрадукцыі фотаздымкаў, зробленыя самім археолагам, края-знаўцам.
Якім жа быў пачатак?.. «У Завідзічах, — піша Людміла Хмяльніцкая, — да гістарычнага мінулага краю ставіліся з пашанай. У сямейным архіве захоўваліся гаспадарчыя дакументы з пачатку XVII ст., калі маёнтак належаў яшчэ нават не Кусцінскім, а папярэднім гаспадарам — Збаркоўскім, Гушчам, Корсакам, Свяцкім. Падчас земляных і сельскагаспадарчых работ сяляне знаходзілі на палях косткі, старажытныя прылады працы і зброю. Гэтымі знаходкамі ўсё больш пачаў цікавіцца малады гаспадар Завідзіч. Потым сам мэтанакіравана заняўся раскопкамі.
Найперш Міхал Кусцінскі звярнуў увагу на курганы. Першыя раскопкі ён зрабіў у 1853 годзе „в лесной даче имения Завидичи Вороньской волости Лепельского уезда“.
Натуральна, што былі яны дылетанцкімі, зробленымі па ўласным разуменні, бо вучыцца рамяству археолага не было дзе.
Метадычная дапамога ў гэтай справе прыйшла з Вільні. Добра разумеючы, што для аматараў даўніны гэта было агульнай праблемай, граф
Яўстафій Тышкевіч, які яшчэ з 1830-х гадоў займаўся раскопкамі ў Віленскай і Мінскай губернях і назапасіў у гэтай справе вялікі досвед, вырашыў стварыць у Вільні музей старажытнасцей і Археалагаічную камісію. Задума гэтая была рэалізавана ў 1855 годзе 29 красавіка імператар Аляксандр II зацвердзіў „Положение о музеуме древностей и временной Археологической комиссии в Вильне“.
Археалагічная камісія і музей былі створаны галоўным чынам на ўласныя сродкі Яўстафія Тышкевіча. Ядро музейнай калекцыі склалі яго асабістыя вялікія зборы старажытнасцей, сабраныя за дзесяцігоддзі археалагічнай практыкі. Распрацаваная графам „Программа действий Виленской Архео-логической комиссии“ была вельмі шырокай і прадугледжвала рознага кшталту дапамогу аматарам у занятках археалогіяй...»
У кнізе робіцца ўдалая спроба паказаць атмасферу, якая акружала галоўнага героя ў яго штодзённых клопатах і памкненнях.
Надзвычай цікавым падаецца раздзел «Па слядах XVI стагоддзя», у якім расказваецца пра зварот Міхала Кусцінскага да па-дзей на Іванаўскім полі (размова пра Іванск паблізу Чашнікаў, дзе ў 1564 годзе адбылася жорсткая бітва паміж войскамі князя Мікалая Радзівіла і Пятра Шуйскага). Пра гэтае сутыкненне войскаў было нават паведамленне ў «заходнееўрапейскай прэсе» — нямецкім «лятучым лістку». Тэкст дапаўняла выява бітвы каля Чашнікаў. Археолаг нават знайшоў каменны крыж, што стаяў на ворных землях маёнтка Сокарава непадалёку ад возера Полы, каля самай дарогі з Улы да Сушы. Адкапаў яго і прачытаў надпіс, з якога вынікала, што гэта надмагільны помнік, пастаўлены ў 1569 годзе ў гонар 200 жаўнераў, якія загінулі тут. Знаходцы Кусцінскі прысвяціў тры публікацыі. У дадатку аўтар кнігі прыводзіць дзве з іх — тыя, што выйшлі ў Маскве і Варшаве.
Кастусь ЛЕШНІЦА