Top.Mail.Ru

Адкуль такая назва

Аўтар: Алесь Марціновіч
30.05.2025 | 07:00

Перафразуючы заканчэнне верша Уладзіміра Маякоўскага «Кім быць?»: «Книгу переворошив, намотай себе на ус — все работы хороши, выбирай на вкус!», можна сказаць, што гэта датычыцца і навук. Тапаніміка — не выключэнне. Хіба не цікава даведацца пра паходжанне тых ці іншых геаграфічных назваў? Балазе ў гэтым кірунку ў Беларусі ёсць аўтарытэтныя даследчыкі. Найперш Вадзім Жучкевіч з яго «Коротким топонимическим словарём Белоруссии», Аляксей Ненадавец — з кнігамі легендаў пра паходжанне асобных населеных пунктаў усіх абласцей нашай краіны. 


Ён выкарыстоўваў уласныя запісы, а Вадзім Жучкевіч, адштурхоўваючыся ад меркавання спецыялістаў у гэтай галіне, пасля даў гэтаму сваё тлумачэнне.

Ёсць яшчэ аўтар, які ў сваёй творчасці ўдала спалучае гэтыя два падыходы. Той, хто цікавіцца падобным пытаннем, не задумваючыся назаве яго прозвішча. Гэта Генадзь Аўласенка. Вытлумачваючы паходжанне той ці іншай геаграфічнай назвы з пункту гледжання навукоўцаў, ён пасля азначае ўласнае разуменне яе. Пры гэтым дае шырокую волю творчай фантазіі. У выніку з’яўляюцца яго тапанімічныя казкі. Яны прадстаўлены і ў яго новай кнізе «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў», якая нядаўна выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда».

Назву ёй дала казка з крыху змененай назвай — «Як Вадзянік ракі Жартайкі з людей жартаваць спрабаваў», прывязаная да канкрэтнага тапоніма. Дарэчы, гэтага прынцыпу Генадзь Аўласенка нязменна прытрымліваецца. У пачатку дае канкрэтны адрас таго ці іншага геаграфічнага паняцця. У дадзеным выпадку гэта выглядае так: «У Барысаўскім раёне, зусім непадалёку ад тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка, па суседстве знаходзяцца два населеныя пункты з вельмі падобнымі назвамі: Жортай і Жартайка. А побач з імі (найперш з Жартайкай) працякае рэчка Жартайка. Так што аніякіх сумненняў не выклікае той факт, што менавіта ад назвы ракі абодва населеныя пункты свае ўласныя імёны займелі».

Згадаўшы гэта, Генадзь Аўласенка звяртаецца да аўтарытэту Вадзіма Жучкевіча. Па яго меркаванні, «назва гэтая — балцкага паходжання і ў перакладзе азначае „блішчэць“ альбо „зіхацець“. Што ж, даволі праўдападобная версія, але мне чамусьці прыйшло на думку беларускае слова „жартаваць“». Калі прыйшло, то чаму б ім не скарыстацца: «Таму і вырашыў я менавіта на гэтым слове тапанімічную казку прыдумаць». 

Гэтая казка цікавая і тым, што ў ёй аўтар рассакрэчвае асобныя моманты сваёй творчасці. Паказвае, як ад мастакоўскай задумы ідзе да яе ўвасаблення. Магчыма, не кожны чытач зверне на гэта ўвагу. Ды хацелася, каб звярнуў. Зразумеў, як важна пісаць так, каб было цікава і дзецям, і дарослым. Кніга гэтая найперш адрасуецца дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Цікава з аўтарам падумаць-паразважаць: «Вось толькі не сама ж рэчка ў казцы жартамі займацца будзе! Няхай лепш жартуе хтосьці з тых, хто рэчку гэтую насяляе... Звычайнымі рачнымі насельнікамі з’яўляюцца рыбы. Яшчэ там ракі могуць вадзіцца, малюскі розныя... І вадзянік! Бо якая ж гэта казка пра рэчку ды без вадзяніка, адной з самых вядомых міфічных істот беларускага фальклору. Вось толькі як яго жартаваць прымусіць?»

Канешне, маючы талент, не так і цяжка. Пры ўмове, што Вадзянік, які стаў героем гэтай казкі, здатны такія ўрокі засвоіць. Ды сталася так, што ён, хоць і стараецца жартаваць, усё робіць неўпапад. Добра, што знайшоўся стары, які навучыў яго сапраўдным жартам: «За такія жарты не крыўдзіліся людзі на Вадзяніка, не пракліналі яго. Смяяліся проста з тых прасцякоў, якія на жарты гэтыя павяліся». Далей усё адбываецца як у казцы. Хай сабе і тапанімічнай. Выснова такая, дзеля чаго гэтая гісторыя і пададзена. З-за Вадзяніка-жартаўніка назвалі людзі рэчку Жартайкай. Потым далі такую назву і вёсцы. Яшчэ адна каля яе стала Жортай.

Творы Генадзя Аўласенкі тым і прывабліваюць, што яны з ярка выражанай аўтарскай індывідуальнасцю. Нават тады, калі сюжэты не сказаць, каб надта вызначаліся навізной. Як у казцы «Аб буслах і назве вёскі Гняздзін», якой кніга адкрываецца. Гаворка ў ёй ідзе пра аднайменную вёску, што ў Вішоўскім сельсавеце Бялыніцкага раёна. Ёсць падобная назва не толькі ў Беларусі, а і ў Расіі. Уладзімір Даль дае «некалькі значэнняў слова „гняздо“, у тым ліку гэта: любое жытло, паселішча, „гняздо хат“ — дзве і больш хат, стаяць побач, амаль усутыч». Паводле легенды жыхароў Гняздзіна, чорт пасварыў людзей з бусламі. Вярнуўшыся з выраю, тыя не захацелі жыць разам з імі: «Толькі іх гнёзды шматлікія пустыя засталіся ў вёсцы, таму і празвалі яе Гняздзін». Пра тое, як людзі і буслы памірыліся, і распавядае казка Генадзя Аўласенкі. 

Можна даведацца і аб тым, адкуль узялася назва Нізгалава. Гэтыя два населеныя пункты — вёска з аднайменнай назвай і аграгарадок Двор Нізгалава, а паміж імі і возера Нізгалаўе — знаходзяцца ў Бачэйкаўскім сельсавеце Бешанковіцкага раёна. Зазірнуўшы ж у Бярэзінскі раён, можна трапіць у вёску Якшыцы. «Казка ж пра рэчку Ганутку» — «не вельмі вясёлая яна, сумная нават, не ўсім жа казачным гісторыям шчаслівае заканчэнне мець. Тым больш калі гісторыі гэтыя не проста казачныя, а яшчэ і тапанімічныя...» Таксама Генадзь Аўласенка расказвае пра паходжанне вёсак Ліпавая Калода, Трыданы, возера Бяздоннае, горада Стоўбцы.

У кнізе змешчана дзевяць тапанімічных казак. Яны для чытача ўдумлівага і зацікаўленага. Для тых, хто хоча больш даведацца пра сваю родную Беларусь. Яна ж пачынаецца не толькі «с картинки в твоём букваре», а і з ведання паходжання свайго населенага пункта. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю