Сучасныя падарожнікі падчас планавання паездак і ў дарозе карыстаюцца рознымі мабільнымі прыладамі, якія не проста дапамагаюць пабудаваць маршрут, падлічыць працягласць шляху і ацаніць яго асаблівасці, улічыць усе неабходныя прыпынкі, але і знаёмяць са звесткамі пра выдатныя мясціны. Тым не менш друкаваныя даведнікі застаюцца запатрабаванымі —адпаведныя паліцы кніжных крам прапануюць выданні, якія працягваюць выходзіць у выдавецтвах Беларусі.
Сведчанне папулярнасці падобных дапаможнікаў — перавыданні. Такое якраз здзейсніла летась выдавецтва «Адукацыя і выхаванне». Кніга «Нацыянальны здабытак Беларусі» аўтарства Канстанціна Пекара і Аляксандра Сікстэля выйшла накладам 3000 экзэмпляраў.
Здавалася б, чым можа быць карысны чарговы даведнік? Навукова-папулярнае выданне «Нацыянальны здабытак Беларусі» расказвае пра асноўныя славутасці Мінска і абласцей. Кожны раздзел адкрывае аповед пра самыя галоўныя з іх: перш за ўсё закранаюцца цэнтры рэгіёнаў (выключэнні — Міншчына, бо пра сталіцу гаворка ідзе асобна, і Брэстчына, таму што пералічэнне яе багаццяў пачынаецца з Белавежскай пушчы). Недзе аўтары спыняюцца на цэлых гарадах, іншым разам — на аграгарадках. Традыцыйна асноўная ўвага
ўдзяляецца архітэктурнай спадчыне, памятным мясцінам, прыродным скарбам… І як заўсёды, спіс мог бы быць значна шырэйшым — зразумела, стваральнікі заўсёды вымушаны абмяжоўваць сябе і вызначацца з прыярытэтамі. І тут амаль заўсёды хаваецца зачэпка для дыскусій. Без чаго ніводнае падобнае выданне абысціся не можа, што павінна быць уключана, а што не абавязкова — гэтыя пытанні адразу абмярковаюць паміж сабой аўтары кнігі, а пасля адказы на іх шукаюць чытачы. Напрыклад, у спісе славутасцей Мінска 17 пунктаў, увага надаецца і дасягненням апошняга часу. Тут не знайсці каштоўных звестак, падрабязнасцей пра Нацыянальны мастацкі музей, Вялікі тэатр оперы і балета ці Храм Аляксандра Неўскага — затое ў пералік увайшлі Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і Мінск-Арэна. Спрэчнае рашэнне, улічваючы нават тое, што кніга прызначана не выключна для турыста, якому абавязкова трэба ахапіць найбольш значнае і ў пэўнай паслядоўнасці.
Тэксты ўяляюць сабой сціслы пераказ гісторыі таго ці іншага населенага пункта ці будынка. Лаканічныя даведкі суправаджаюцца ёмістымі тлумачэннямі пэўных з’яў. Шматлікія здымкі адлюстроўваюць цяперашні стан палацаў і сядзіб, музеяў і храмаў, між тым шэраг артыкулаў праілюстраваны таксама каштоўнымі архіўнымі фатаграфіямі, творамі мастацтва, гістарычнымі дакументамі.
У кнізе «Нацыянальны здабытак Беларусі» выкарыстаны работы мноства фатографаў, сярод якіх — К. Шастакоўскі,
А. Дыбоўскі, А. Каменчукоў. Відавочная мастацкая вартасць большасці выяў, хоць некаторыя, бясспрэчна, саступаюць ім па якасці і змесце. Такія дапаўняюць матэрыял, знаёмяць са славутасцямі, аднак не даюць уяўленне пра асаблівасці і дэталі аб’екта. Яны пазбаўлены почырку мастака і з’яўляюцца адбіткам рэчаіснасці з пэўнага ракурсу, не болей. Ды наогул падыход, які мае на ўвазе неаднастайнасць у мастацкім афармленні, не самы ўдалы.
Тым не менш галоўную задачу — натхніць чытача на займальныя падарожжы па Беларусі, зацікавіць і падштурхнуць да больш уважлівага вывучэння гісторыі, культуры, геаграфіі і прыродазнаўства — кніга, безумоўна, выконвае. Між іншым, сённяшнюю гаворку мы пачалі з незаменных мабільных прылад. Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», працуючы над даведнікам, засяродзілася на тэхналогіі дапоўненай рэальнасці і прапануе вывучаць нацыянальныя здабыткі праз відэа з каментарыямі. Для прагляду якраз патрэбна праграма, якую без перашкод можа скарыстаць чытач, прынамсі, самы зацікаўлены.
Яўгенія ШЫЦЬКА