З кнігапісу эпохі
Зварот да збораў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей — ЦНБ НАН Беларусі) дазваляе дадаць некалькі цікавых штрыхоў на шляху да візуалізацыі літаратурнага працэсу пачатку ХХ ст.
Арганізацыю выдавецкай справы, пачатковыя этапы культурна-асветніцкай дзейнасці адлюстроўваюць кніжныя выданні. «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (Пецярбург, 1906) —важная вяха на гістарычных этапах фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці. «Творы Цёткі (Алаізы Пашкевіч)» (Мінск, 1934), выдадзеныя пад рэдакцыяй Івана Замоціна і Алеся Кучара, — прэцэдэнт акадэмічнага прачытання спадчыны пісьменніцы.
У пераліку рарытэтных экзэмпляраў з фондаў ЦНБ НАН Беларусі вылучаецца зборнік «Хрэст на свабоду» (Жоўква, 1906). На вокладцы маецца штамп прыватнай бібліятэкі Антона Бычкоўскага. Імаверна, былы ўладальнік гэтай тоненькай кніжкі — рэлігійны дзеяч пачатку ХХ ст., адзін з заснавальнікаў і аўтараў газеты «Беларус» (Вільня, 1913—1915). Звестак пра Антона Бычкоўскага (1887—1942) захавалася мала. Тым большая важнасць такога прадмета музейнага значэння, як названы асобнік з акадэмічнай бібліятэкі.
Рукапісныя зацемкі
Адмысловы тэматычны блок для своеасаблівай гістарычнай рэканструкцыі ствараюць мемуарныя запісы з архіўных збораў ЦНБ НАН Беларусі.
У 1960-х гг. Ванда Лёсік (у дзявоцтве Лявіцкая) на запыт Юльяна Пшыркова, супрацоўніка Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, запісала найбольш помныя жыццёвыя эпізоды
Ядвігіна Ш., Язэпа Лёсіка. У фармаце сціслай даведкі аўтар мемуарных запісаў зафіксавала сваю біяграфію, з якой нас зацікавілі радкі, прысвечаныя Мінску 1910-х гг., калі маладая Ванда Лявіцкая працавала ў «Беларускай кнігарні», часопісах «Саха» (рэдактар А. Уласаў) і «Лучынка» (выдавец А. Уласаў, рэдактар А. Пашкевіч):
«Работа была бясплатная (для ідэі, як тады мы гаварылі). Тут жа пры кнігарні жылі мы з бацькам (пісьменнікам Ядвігіным Ш. — М. Т.). У 1915 г. пайшла працаваць у Мінскую гарадскую бібліятэку імя Пушкіна, куды мяне рэкамендавала А. Кейрыс (пісьменніца “Цётка”). Там працавала вячэрнюю змену, не пакідаючы работы ў Беларускай кнігарні і часопісах. Калі заснавалася “Беларускае Таварыства помачы ахвярам вайны”, працавала там выхавацелькай дзяцей-уцекачоў».
Лапідарны тэкст дазваляе вылучыць у іпастасі Цёткі (прозвішча па мужу — Кейрыс) малавядомыя штрыхі арганізатара, які не толькі дбаў пра выхад беларускіх перыядычных выданняў, але і рупіўся пра якое-кольвек фінансавае забеспячэнне іх супрацоўнікаў-энтузіястаў.
Куды больш эмацыянальныя мемуарныя запісы Аляксандры Рамановіч (у дзявоцтве Зотавай), знаёмай Якуба Коласа, з якой беларускі паэт у снежні 1907 г. ажыццявіў чатырохдзённую паездку ў Пецярбург.
У віленскім часопісе «Беларускі летапіс» (1936, № 1) былі апублікаваны «Успаміны аб Коласу», падпісаныя ініцыяламі А. Р. Таямніца, аўтарства раскрыта толькі ў пачатку 1960-х гг. Янка Шутовіч асабіста пазнаёміўся з Аляксандрай Рамановіч, якая не толькі напісала новы варыянт успамінаў пра класіка, але і занатавала свае згадкі пра рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гадоў. У поўным выглядзе гэтыя матэрыялы ў перакладзе з рускай мовы апублікаваны намі на старонках часопіса «Маладосць» (2024, № 11). Гэтым разам нас цікавяць толькі асобныя эскізныя накіды, што працуюць на ўзнаўленне падзей мінулага часу і вызначэнне месца ў іх сёлетняй юбіляркі.
Пра Аляксандру Рамановіч на пачатку 1960-х гг. Янка Шутовіч пісаў наступным чынам (захоўваюцца некаторыя асаблівасці правапісу арыгінала):
«У Вільні пражывае на восемдзесятых гадох жыцця вельмі сымпатычная і культурная жанчына, пенсіянерка, настаўніца па прафесіі, блізкі друг і прыяцель народнага паэта Якуба Коласа. Гэта Аляксандра Георгіеўна Рамановіч. Жанчына выключна цікавая сваім пазытыўным характарам, скромнымі грамадскімі заслугамі так на ніве школьнай, як і праз удзел у рэвалюцыйным руху гадоў 1905—1907. Сціплая, сардэчная, з высокімі маральнымі і чалавечымі якасцямі, поўная абаяльнасці і прывабнасці этычнай, яна прадстаўляецца кожнаму, хто яе наведывае, хто з ёю мае гонар гаварыць».
Можам меркаваць, мемуарыстка зважала на ідэалагічны кантэкст савецкага часу, калі рэвалюцыя 1905—1907 гг. характарызавалася як «лакаматыў рускай гісторыі», «генеральная рэпетыцыя 1917 года», таму ўвага звернута менавіта на гэты перыяд ва ўласнай біяграфіі.
Запісы шмат гавораць пра іх аўтара як асобу, захопленую ідэямі свайго часу. Сярод добрых знаёмых сям’і Зотавых у Вільні браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка). Іх постаці ва ўспамінах А. Рамановіч пазначаны вельмі цікавымі, запамінальнымі штрыхамі.
У мемуарных запісах не названы па імені яе бацька, Георгій Георгіевіч Зотаў, — настаўнік, інспектар народных вучылішчаў, а таксама мачыха — Любоў Міхайлаўна Зотава (Маслоўская). Звернемся да некаторых фрагментаў тэксту ў скарочаным выкладзе:
«1905 год застаў мяне вучаніцай восьмага педагагічнага Віленскага Марыінскага Вышэйшага жаночага вучылішча. У гэты час заняткі ў школах часам перарываліся. Бацька сёлета адкрыў у сваёй школе нядзельную школу для непісьменных дарослых, купіў адэкалону, піпетку, духмяніў класы, клікаў мяне: “Панюхай, як хвояй пахне!”
Я цэлымі днямі кідалася па горадзе, выконвала даручэнні партыйцаў, знаёмствы з якімі ў мяне ўсё пашыраліся. Партыйцы, якія прыносілі мне забароненую, агітацыйную літаратуру і адрасы, па якіх я яе разносіла, усе былі сумленнымі людзьмі. (Сярод іх браты Луцкевічы).
Аднойчы далі мне адрас на Зарэчнай вуліцы, каб я там узяла новы запас літаратуры. Прыйшла я туды — і зусім сумелася: сустрэла мяне бабулька — ну якая ўжо тут рэвалюцыя?! Думала я, што не туды патрапіла, але, калі сказала пароль, пачула ветлівы і правільны адказ. Узяла бабулька кошык, пайшла ў склеп па літаратуру і знікла на гадзіну. Я была ўпэўнена, што яе арыштавалі і па мяне зараз прыйдуць. Але яна прынесла патрэбнае і растлумачыла, што скляпоў шмат, ходы ў іх заблытаныя і пераблытаныя з боязі ператрусу. Я ішла і ганарылася бабулямі, якія служаць рэвалюцыі.
Да мяне з “пасылкамі” завітвалі многія. Раз мачыха з задаволеным тварам зазірае ў спальню і кажа: “Хоць раз да цябе прыстойны чалавек прыйшоў, добра апрануты, ветлівы, ручку пацалаваў… а то ўсё нейкія абарванцы ходзяць”. Аказалася, гэта Іван Луцкевіч, за якім ужо было вялікае шпігаванне. Ідзе ён ад біскупа, які даў яму дазвол агледзець скляпы пад касцёламі Св. Ганны і Святаміхальскага. Запрасіў мяне на гэты агляд. Аказалася — вельмі цікава.
Па горадзе ездзілі казакі. Дзе-нідзе ім удалося збіць бізунамі неасцярожных. Мяне нястрымна цягнула ўвечары на вуліцу.
Часта да нас забягала Цётка. Падабаліся ёй мае бацькі і мае “парадкі”. Калі адсутнічала, мы ведалі: дапамагае недзе бабам лес красці. Вельмі ксяндзоў лаяла Цётка. Аднаго разу мяне паслалі да яе сказаць пра сход. Прыходжу, а яна ляжыць хворая, і доктар строга забараніў уставаць. Я пасядзела ў яе і пайшла, нічога не сказаўшы, а калі вярнулася на сход — першай убачыла Цётку, яна раней за мяне туды з’явілася».
Прыведзеныя мемуарныя ўрыўкі — не адзіныя архіўныя матэрыялы да жыццяпісу беларускай паэтэсы пачатку ХХ ст.,што захоўваюцца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі. Выяўленне, сістэматызацыя, публікацыя такіх крыніц — пачэсная даследчыцкая справа на шляху як мага больш поўнага, шматграннага, эмпатычнага прачытання гісторыі нацыянальнай культуры.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фондаў
Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук