Top.Mail.Ru

Алег Усачоў:«Я спрабаваў ачалавечыць гісторыю праз лёсы людзей»

Аўтар: Ірына Прымак
28.10.2025 | 11:00

Рэдактар аддзела пісем Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Алег Усачоў не лічыць сябе пісьменнікам, нягледзячы на тое, што ў яго ўжо ёсць кнігі, якія асабліва актуальныя ў юбілейны год Вялікай Перамогі. Зразумела, штотыднёвік «ЛіМ» не змог абмінуць увагай важную падзею: у выдавецтве «Беларусь» нядаўна выйшла трэцяя праца (а інакш, гледзячы на маштаб праведзеных даследаванняў, і не скажаш) Алега Усачова на ваенную тэму — «Беларускія партызаны — Героі Савецкага Саюза». 

У выданне (яго наклад 2500 асобнікаў) увайшлі 17 гісторый партызан і падпольшчыкаў, якія набліжалі Перамогу на нашай зямлі. Аўтар распавядае пра лёсы мужчын і жанчын, паказваючы факты з іх біяграфій такім чынам, каб чытач зразумеў, чаму гэтыя людзі сталі Героямі Савецкага Саюза і чаму наогул ішлі на смерць дзеля мірнага жыцця нашчадкаў.


— Алег Аляксандравіч, для каго ў першую чаргу вы пісалі? Бачна, што гэта тытанічная праца: у выданні ёсць дакументы, фотаздымкі, «партрэты» герояў вайны... 

— Гэтую навукова-папулярную кнігу пісаў перш за ўсё для маладых людзей. У ёй не так шмат пра баі, мала дат. У першую чаргу я адштурхоўваўся ад людзей, а не падзей. Гэтая кніга — гісторыя ўсёй нашай краіны, якая складаецца з маленькіх гісторый канкрэтных асоб. Яны апынуліся ў віры падзей па волі лёсу. Па сутнасці, ад нас гэтыя людзі нічым не адрозніваліся. Працуючы над кнігай, я хацеў зразумець, чаму яны ішлі ў бой, чаму не шкадавалі жыцця. Кожная гісторыя мяне ўразіла. Не магу выдзеліць адну, бо ўсе яны асаблівыя, таму змешчаны ў кнізе ў алфавітным парадку. І ўсё ж ёсць гісторыя, што мяне зачапіла, — Веры Харужай, якая пачынала вайну ў атрадзе Васiля Каржа. Калі загінуў яе муж (на той момант ёй было 38 гадоў), яе, цяжарную, пераправілі ў Расію ў тыл, каб там нарадзіла дзіця. Але калі хлопчыку было два месяцы, а дачцэ пяць гадоў, яна папрасіла, каб яе адправілі ваяваць з фашыстамі ў Беларусь. І я задумаўся: чым яна кіравалася? Я размаўляў з праўнучкай Веры Харужай Таццянай Кірушчанка-Харужай, цікавіўся, няўжо не было мацярынскага пачуцця, што Вера так вырашыла зрабіць? Гэта ж жанчына, якая толькі нарадзіла. Навошта ёй лезці ў самы вір страшных падзей, дзе з высокай доляй верагоднасці чакае смерць? І мы ведаем, што так і адбылося... На што пачуў: «Мая прабабуля не бачыла розніцы паміж радзімай і сям’ёй». Я доўга не мог гэтага зразумець, а пасля ўсвядоміў: у той час гэта было ў крыві. Пачаў разбірацца і прыйшоў да высновы: ёсць гісторыя вялікая — сваёй дзяржавы, роднага краю, а ёсць гісторыя маленькая — сваёй сям’і — крыж на могілках, дом, дзе ты нарадзіўся... На жаль, цяпер у нас гэты ланцужок паміж гісторыяй вялікай і маленькай разарваны, а ў іх тады не... Нам цяжка зразумець, чаму няма розніцы паміж гісторыяй краіны і сям’і, а для іх гэта была адзіная агульная каштоўнасць.

— Якія адкрыцці вы яшчэ зрабілі для сябе, працуючы над кнігай? Магчыма, знайшлі тое, што аб’ядноўвае ўсіх герояў?

— Некаторыя з герояў былі знаёмыя, сябравалі. Я заўважыў, што дзеці гэтых мужных людзей, якія выраслі нават без бацькоў, многага дасягнулі ў жыцці.

Пэўна, у іх родзе быў закладзены моцны генетычны код. Напрыклад, сын Веры Захараўны Сяргей Сяргеевіч Харужы стаў вядомым вучоным у Расіі. І гэта не адзіны прыклад. Я шкадую, што мне давялося гутарыць толькі з далёкімі нашчадкамі — унукамі, праўнукамі... Любы факт з часам усё ж трансфармуецца, прычэсваецца. 

І таму я па-добраму зайздрошчу Уладзіміру Калесніку, Алесю Адамовічу і Янку Брылю, у якіх была магчымасць з 1970 да 1973 года паездзіць па спаленых вёсках (іх было больш за 170). Такім чынам удалося апытаць звыш 300 чалавек. 

— Можа, менавіта іх праца і натхніла вас стварыць штосьці падобнае? Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя кнігі?

— Насамрэч ідэя маёй першай кнігі на тэму Вялікай Айчыннай вайны належыць дырэктару выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрыю Аляксандравічу Жуку. Ён сказаў: «Алег, ты ўжо так многа напісаў пра партызан, збяры гэтыя матэрыялы, зробім кнігу». Так і з’явілася выданне «Партызаны Беларусі», а пасля адразу і кніга «Маладыя героі Вялікай Айчыннай вайны». Апошняя кніга выйшла ў свет дзякуючы напамінам дырэктара выдавецтва «Беларусь», старшыні СПБ Алеся Мікалаевіча Карлюкевіча, які перыядычна цікавіўся, калі ж будзе гатовы рукапіс, бо сапраўды вельмі важна працягваць тэму Вялікай Айчыннай вайны і сёння. 

Што ж датычыцца дакументальнага зборніка «Я з вогненнай вёскі», то я чытаў яго, канешне, і нават пазнаёміўся з дачкой Адамовіча і ўнукам аднаго з герояў — Макара Зайца (пісаў матэрыял у «СБ»). Яго гісторыя жахлівая. На яго вачах забілі жонку і траіх дзяцей, каб выдаў партызан, але ён гэтага не зрабіў і змог вырвацца... Той тэкст не апрацоўваўся, як цяпер, напрыклад, раблю я. Але, без сумення, вялікая каштоўнасць кнігі «Я з вогненнай вёскі» менавіта ў тым, што яе стваральнікі размаўлялі з тымі, хто непасрэдна стаў героем гэтага выдання. Адамовіч гаварыў, што ён даў магчымасць выказацца самому жыццю на старонках кнігі. 

У мяне, на жаль, такой магчымасці не было... Але я паспрабаваў выказацца па-свойму. Згадаю, што ўсе яны — Адамовіч, Брыль, Калеснік самі ваявалі, мелі ўзнагароды, таму разумелі відавочцаў вайны, размаўлялялі з імі на адной мове. Мы ж яшчэ не ўсё разумеем, і таму гэты пласт — асэнсаваць учынкі і лёсы герояў вайны — яшчэ не вычарпаны.

— На вашу думку, што новага можна сказаць сёння пра падзеі 80-гадовай даўніны?

— У кнізе «Беларускія партызаны — Героі Савецкага Саюза» я спрабаваў ачалавечыць гісторыю праз лёсы людзей. Мне здаецца, так прасцей дайсці да розумаў маладых людзей, бо дат і голых фактаў, якія выкладаюцца ў школе, універсітэце, недастаткова, каб зразумець каштоўнасць подзвігу нашых продкаў. Падзеі ў маёй кнізе не перагружаюць, а дапаўняюць выданне, якое ў першую чаргу пра людзей.

Мне здаецца, сёння вельмі важна працягваць расказваць пра вайну і даносіць праўду. Але не слепа капіраваць. На жаль, асобныя журналісты гэта робяць тыражуючы недакладнасці. Напрыклад, калі я размаўляў з дачкой Прытыцкага Тамарай Сяргееўнай, яна распавяла, што ўсе пішуцьне тую дату нараджэння. Аднойчы хтосьці памылкова напісаў, і далей пачалі паўтараць, што ён нарадзіўся 1 лютага. У сям’і ж дзень нараджэння Сяргея Восіпавіча адзначаюць 18 лютага (ёсць паперы, дзе пазначана менавіта гэтая дата). 

Я заўсёды стараюся правяраць інфармацыю, удакладняць яе у музеях, архівах, не толькі ў родных. Так, я доўга разбіраўся з гісторыяй пра Кірыла Арлоўскага, які падчас адной з аперацый паляваў на гаўляйтара Кубэ. Калі скласці ўсё, то адшукаў, якія раненні ён атрымаў, якую руку яму ампутавалі, — атрымліваецца нейкая каша. Таму мне прыйшлося сапраўды правесці вялікую працу, каб данесці дакладную інфармацыю. А пра Аляксандра Азончыка, гісторыя якога і адкрывае кнігу, наогул мала хто ведае. Я знаходзіў даныя па крупінках праз самых розных людзей... 

— У якім узросце вы даведаліся пра жорсткую праўду вайны?

— Паколькі я савецкі школьнік, то вырас на кнігах «Піянеры-героі», «Ніколі не забудзем», «Як гартавалася сталь». У сям’і пра вайну распавядаць было не прынята, бо гэта цяжкая тэма: вайна прайшлася смерчам па нашым родзе. Мае абодва дзяды загінулі ў першыя гады вайны: аднаго забілі рабаўнікі, на той час гэтага таксама хапала, а другі, які служыў у трыццатыя гады мінулага стагоддзя пад кіраўніцтвам Георгiя Жукава, трапіў у фашысцкі канцлагер, дзе было вельмі падарвана яго здароўе. Праз два месяцы дзед памёр. 

З-за вайны мая маці пайшла ў першы клас толькі ў 10 гадоў, а павінна была ісці ў 1941-м... Таму тэма вайны для мяне сапраўды блізкая, і лічу неабходным пра яе расказваць надалей. Дарэчы, у маёй кнізе ёсць і невялічкая, але важная гісторыя маёй роднай цёткі, якая добра ведала падпольшчыка Мікалая Кедышку і была ў яго закаханая, але ў таго была дзяўчына. 

Я хацеў паказаць, што героі вайны не каменныя ідалы, якім трэба пакланяцца. Яны працягвалі жыць, кахаць, верыць у найлепшае да апошняга... Гэтыя гісторыі сапраўды кранаюць душу. Вельмі хочацца, каб кнігу прачыталі дзеці, падлеткі. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў ствараць гэтае выданне. Мне наогул шанцуе на людзей, якія знаходзяцца, звяртаюцца, пішуць — быццам адкрываецца нейкі інфармацыйны партал. Так з малых гісторый нараджаецца вялікая гісторыя нашай краіны.

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю