— Які жаночы вобраз вам імпануе — матывуе, падтрымлівае...
— Падтрымлівае Дзева Марыя, з кароткага звароту да якой пачынаю свой дзень. Гэтая традыцыя з’явілася выпадкова пасля незвычайнага знаёмства з адным святаром у пачатку 2000-х: мы перасякліся на чыгуначным вакзале ў Крыме. Ён прасіў даць хоць колькі грошай (яго выгналі з манастыра за п’янства) і ў якасці ўдзячнасці прамовіў мне малітву да Багародзіцы. Гэтая дзіўная сітуацыя мяне зачапіла: я расла ў атэістычным асяроддзі, нават здавала ў інстытуце прадмет «навуковы атэізм». З таго часу кожную раніцу звяртаюся да Дзевы Марыі, каб яна абараніла ад бед, і мне здаецца, так лягчэй жыць.
Калі згадваць жаночыя вобразы, то хутчэй успомню творчых жанчын: пісьменніц, рэжысёраў, асабліва тых, хто валодае жывым пачуццём гумару, якое я вельмі цаню ў людзях. Напэўна на маё станаўленне паўплывалі вершы Марыны Цвятаевай і Юны Морыц, фільмы-казкі Надзеі Кашаверавай, анімацыя Інесы Кавалеўскай, камедыі Святланы Дружынінай... Што датычыцца ўражальных літаратурных вобразаў, то іх бясконца шмат... Напрыклад, Плачка са зборніка Яна Баршчэўскага «Шляхціч Захальня». Цудоўная жанчына блукае па зямлі, і ніхто не ведае, чаму яна пакутуе. Добрым і моцным духам людзям яна дорыць шчасце. Вобраз Плачкі увасабляе сумленне беларускай зямлi. Ён вельмі моцны. Лічу, да Баршчэўскага варта прыслухацца, сама б хацела стварыць новы фільм па матывах гэтага твора (калісьці такую стужку зняў мой бацька), але праблема экранізацыі ў тым, што сюжэты гэтай кнiгi раскіданыя. Аднак калі задацца мэтай, пакінуць менш персанажаў і аб’яднаць іх адной ідэяй, сапраўды будзе вельмі цiкавы фантастычны аповед пра нашу Беларусь.

— А калі згадваць жанчын у вашай творчасці, хто адразу ўспамінаецца, калі кажам пра Год беларускай жанчыны?
— У першую чаргу Соф’я Гальшанская. Некалькі гадоў з аншлагам у нашым музычным тэатры ішла рок-опера пра яе. Рада, што таксама мела да гэтага дачыненне, узельнічала ў стварэнні сцэнарыя... Соф’я Гальшанская — наша зямлячка, якая стала польскай каралевай. Яна праявіла жаночую мудрасць, каб знайсці ўзаемапаразуменне з каралём, у якога была не першай жонкай, але іншыя не нарадзілі для яго сыноў... Канешне, нельга сказаць, што ў рок-оперы ўсё гістарычная праўда, бо гэта ў першую чаргу мастацкі твор.
— Як у вашым жыцці з’явілася любоў да літаратуры? Вы нават вучыліся на філалагічным факультэце...
— Я з ранняга дзяцінства любіла чытаць. Асабліва казкі. Перачытала ўсе, што былі ў нас дома, што магла ўзяць у сяброў, у дзіцячых бібліятэках... Шмат кніг маці прыносіла мне з бібліятэкі кінастудыі. Гэта былі казкі самых розных народаў — славянскія, грузінскія, італьянскія, кітайскія, нават казкі індзейцаў Паўднёвай Амерыкі...
У старэйшых класах любіла гатычныя казкі Андэрсана, Гофмана, Гаўфа: яны прыцягвалі сваёй нестандартнасцю. Але падчас навучання на філалагічным факультэце ўніверсітэта адкрыла для сябе даволі жорсткі складнік народных казак. З цікавасцю даведалася, што такое рака Смародзіна і Калінаў мост, праз які праходзяць душы. Пэўна, мала хто ведае этымалогію гэтых назваў: яны ніяк не звязаны з ягадамі, а іх паходжанне ад рускіх слоў «смердеть» і «раскалённый». Менавіта дзякуючы філалагічнай адукацыі, калі я начыталася ўсяго, і славянскага, і замежнага, у мяне з’явілася думка: якую ж вялікую работу правялі збіральнікі фальклору, перакладчыкі, філолагі, якія прывялі некаторыя ўзоры сусветнай літаратуры ў той выгляд, які б не наносіў шкоду чалавечай псіхіцы, асабліва падрастаючаму пакаленню, бо ёсць нюансы і ў «Чырвонай шапачцы», і ў маёй любімай «Прыгажуні, якая спіць». Таксама, калі пазнаёміцца з творчасцю таго ж Андэрсана ў арыгінальнай версіі, а не ў звыклай для нас ды-снееўскай анімацыйнай форме, можна ўпэўніцца, што яго казкі вельмі жахлівыя.
— Над чым працуеце цяпер?
— Над 12-серыйным анімацыйным фільмам «Ваўчок». Ён ствараецца па арыгінальным сцэнарыі, які пісалі Ірына Тарасава, Ганна Емяльянава і я. Прэм’ера запланавана на красавік. Галоўны герой — цікаўнае Ваўчаня, якое можа пераўтварацца ў ваўчка — цацку, якая круціцца. Работа не будзе мець абмежаванняў па ўзросце, але разлічана, канешне, больш на аўдыторыю з дзіцячага садка, бо распавядае пра дзяцей, іх станаўленне ў соцыуме, школу жыцця. Гэта забаўляльны серыял пра прыгоды Ваўчаняці і яго сяброў, але ў кожнай серыі ёсць пэўная думка, якая прынясе карысць дзецям.
— Вы часта ўваходзіце ў журы конкурсаў розных кінафестываляў, маеце вялікі творчы досвед... Якіх фільмаў нам не хапае цяпер?
— Варта вярнуцца да кінакарцін з цікавымі, захапляльнымі сюжэтамі: камедый, меладрам, прыгод, дэтэктываў, казак. Цяпер усё больш здымаюць дыдактычныя гісторыі альбо фільмы-атракцыёны (калі дазваляе бюджэт). Людзі ж хочуць перажываць за герояў. І вядома ж, фільмы не павінны быць сумнымі. Глядач даруе нават наіўнасць сюжэта, але толькі не нуднасць... Нядаўна я пераглядала польскую стужку «Знахар», французскую «Цацку» з П’ерам Рышарам. Канешне, гэта простыя гісторыі, але людзям патрэбны такія фільмы. І ў беларускім кіно таксама былі падобныя меладрамы, напрыклад, «Павадыр», «Хам».
— Магчыма, самі б маглі нешта такое зняць? Ці хацелі б паспрабаваць сябе ў іншых жанрах?
— Кожны павінен рабіць тое, што ў яго лепш атрымліваецца. Напрыклад, мой бацька здымаў геніяльныя ваенныя фільмы, выдатна экранізаваў класіку... Але яму не даваліся казкі. Так, ён зрабіў «Гора баяцца — шчасця не відаць», але не вельмі любіў гэтую стужку. Дарэчы, усё сваё жыццё ён выношваў ідэю стварыць фільм пра Перамогу і назваць яго «Фіеста-45». Ён хацеў паказаць вызваленне Еўропы брацкімі сіламі, людзей, якія шчыра верылі ў тое, што яны перамаглі фашыстаў разам, і што такое зло ніколі больш не паўторыцца. У задумцы бацькі быў аповед пра жанчыну, якая вярталася з канцлагера ў Магілёў пасля вызвалення. Яна ішла пешшу праз усю Еўропу з двума дзецьмі. Гэтая ідэя аўтабіяграфічная, бо мая бабуля Марыя так вярталася з працоўнага лагера ў Аахене з Віцем і Светай, маім бацькам і яго сястрой.

Бацька марыў зрабіць гэтае кіно разам са сваім сябрам Генадзем Шпалікавым, але не атрымалася... Я помню, як у бальніцы, а бацька пайшоў з жыцця рана — у 60, ён пераглядаў свае запісы. Я таксама загарэлася гэтай ідэяй, але знайсці яго сцэнарый не змагла. Аднак з Валянцінам Залужным мы ўжо абмяркоўвалі матэрыял, як зрабіць фільм і каб было пазначана: «па ідэі Віктара Турава». Сёлета бацьку было б 90 гадоў і таму мне вельмі хочацца запусціць гэты праект, сцэнарый ужо створаны. Вядома ж, такі праект павінен здымаць сур’ёзны рэжысёр, годны пераемнік беларускага Майстра. У цэнтры сюжэта заяўлены вельмі моцны вобраз беларускай жанчыны. Гэта было б сімвалічна для такога года!
— Вы пайшлі вучыцца на філолага, аднак лёс усё роўна адразу прывёў у кінематограф... Як ваша сям’я і вы гэта ўспрынялі?
— Гэта насамрэч складаная гісторыя. Пасля размеркавання я павінна была ісці на працу ў рэдакцыйны аддзел кінастудыі, але з-за таго, што там не было месцаў, пайшла асістэнтам рэжысёра ў студыю анімацыйных фільмаў. Гэта была вельмі сціплая пасада, на якую бралі школьніц пасля 10 класаў, а ў мяне вышэйшая адукцыя з чырвоным дыпломам і шмат амбіцый. Усё ж хацелася працаваць, таму пайшла і, канешне, яшчэ тады зразумела: ад свайго лёсу не ўцячэш.
— Вас больш ведаюць як творцу. Але, пэўна, ёсць нейкія цікавыя хобі, пра якія вы б маглі распавесці...
— Я люблю вандраваць — гэта новыя сустрэчы, кантакты, інфармацыя, якая потым можа спатрэбіцца для ажыццяўлення праектаў. Яшчэ ў мяне заўсёды была любоў да кветак. Мне вельмі падабаецца састаўляць букеты, ствараць ікебаны. Я і пад сваім акном зрабіла палісаднік, за прыгажосцю якога заўсёды сачу, нягледзячы на тое, што там вельмі кепская зямля. Раней суседзі глядзелі на мяне, як на «гарадскую звар’яцелую», а цяпер нават дапамагаюць.
Ірына ПРЫМАК
Фота з сямейнага архіва