— Алесь Мікалаевіч, наколькі XXXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш важная падзея для выдаўцоў і літаратараў? Якія магчымасці яна дае?
— Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — гэта ўнікальнае мерапрыемства! Па-першае, таму што ў адным месцы збіраюцца ўсе кнігавыдаўцы: можна абмяняцца думкамі, вопытам, даведацца пра тэндэнцыі кніжнага рынку ў іншых краінах свету. Гэта і далейшыя кантакты, бо мы выдаём і творы замежных аўтараў. Па-другое, там можна пабачыць адразу шмат сучасных пісьменнікаў. А па-трэцяе, кожны дзень на выстаўку прыходзяць чытачы, таму ёсць магчымасць сустрэцца з тымі, дзеля каго і працуем, пагутарыць з імі, даведацца, што ім падабаецца ў літаратуры. Гэта сапраўды важна.
Выстаўка для нас — яшчэ і магчымасць прадэманстраваць усе навінкі і найлепшыя кнігі, якімі сапраўды ганарымся. Кожны год у нас з’яўляюцца не толькі новыя кнігі — новыя серыі. І гэта ў тым ліку дзякуючы нашым чытачам, запытам бібліятэк, навучальных устаноў. Мы заўсёды вельмі ўважліва ставімся да ўсіх прапаноў.
— Чым сёлета будзе адметны ўдзел у выстаўцы «Мастацкай літаратуры»?
— Сёлета адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі, таму мы, вядома, рыхтаваліся да гэтай падзеі. Напрыклад, у серыі «Бібліятэка беларускай паэзіі» выйшаў зборнік «Прысяга ў акопах». У ім сабраны вершы толькі некаторых беларускіх паэтаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Для аматараў беларускай паэзіі і літаратуры ўвогуле гэтая кніга цікавая не толькі тым, што там змешчаны адметныя творы, але і тым, што дзякуючы ёй можна ўявіць, якой была б беларуская паэзія, калі б аўтары не загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны і працягнулі працаваць у беларускай літаратуры. Гэта былі надзвычай таленавітыя паэты, якія б, безумоўна, сталі класікамі нашай літаратуры і ўзбагацілі яе.
Таксама да 80-годдзя Вялікай Перамогі мы выдаём кнігу «Перамога — наша бяссмерце. Паэзія барацьбы і міру». Гэта зборнік твораў, знаёмых не аднаму пакаленню беларускіх чытачоў, пра вайну і пра пасляваенны час, пра тое, што беларусы ўмеюць змагацца, але хочуць жыць у міры.
На выстаўцы мы таксама прадставім новую кнігу «Слова пад кулямі». У ёй расказваецца пра беларускую журналістыку і літаратуру ў гады Вялікай Айчыннай вайны, бо многія працавалі ў падпольных партызанскіх выданнях, у розных рэдакцыях. Пісаліся і вершы, і публіцыстычныя артыкулы. Укладальнік гэтай кніжкі Віктар Шніп. Ён сабраў многа цікавай інфармацыі пра тых, хто загінуў і выжыў.
Акрамя таго, перавыдаём творы беларускіх класікаў пра Вялікую Айчынную вайну. У новай серыі «Бібліятэка беларускай аповесці» выходзяць «Знак бяды» Васіля Быкава і «Гандлярка і паэт» Івана Шамякіна.
Але мы таксама пастараліся не забыць і пра іншыя даты. На выстаўцы будуць прадстаўлены кнігі, што выйшлі да сёлетніх юбілеяў беларускіх літаратараў, — гэта Уладзімір Караткевіч, Іван Навуменка, Ніна Галіноўская. А яшчэ ў нас выходзіць унікальнае выданне да 90-годдзя Мітрапаліта Філарэта. Укладальніца — Наталля Якавенка, якая сабрала цікавыя звесткі пра яго жыццё і службу на карысць беларускага народа.
Адзначу, дарэчы, яшчэ адну важную падзею, якая выпадае на гэты год: сёлета спаўняецца 80 гадоў нашаму часопісу «Нёман», які з’явіўся адразу пасля вайны. Ведаю, што рыхтуецца вельмі цікавая прэзентацыя, удзел у якой прымуць вядомыя беларускія пісьменнікі.
— Што асабіста для вас значыць кніга? Ці змянілася яе роля ў грамадстве з цягам часу?
— Я глыбока перакананы: роля кнігі з часам не мяняецца. І было б несправядліва гэтую ролю ставіць у залежнасць ад таго, у якой прапорцыі выдаюцца ў свеце сур’ёзная і масавая літаратура. Гадоў дзесяць таму я быў на сустрэчы ў адной мінскай кнігарні з французскім пісьменнікам Мішэлем Луё. І задаў яму пытанне: каго б з цікавых, на яго думку, сучасных французскіх празаікаў ён парэкамендаваў пачытаць? Ён з сумнай усмешкай адказаў, што кнігі тых празаікаў, якіх ён мог бы парэкамендаваць пачытаць, мне знайсці будзе вельмі цяжка, таму што і ў Францыі яны выходзяць мізэрнымі тыражамі ў невялікіх прыватных выдавецтвах. І тое, што сказаў Мішэль Луё, характэрна і для іншых краін свету. Але перавага сур’ёзнай літаратуры, якая прымушае думаць, перад масавай, тым больш бульварнай, якая толькі забаўляе чытача, у тым, што адзін выдатны твор уплывае на чалавецтва ў значна большай ступені, чым тысячы твораў масавай літаратуры. Таму роля літаратуры неацэнная. У кожнага з нас з самага дзяцінства ёсць настаўнікі, якіх мы не выбіраем, як і сваіх бацькоў: гэта выхавацелі ў дзіцячым садку, педагогі ў школе і выкладчыкі ва ўніверсітэце. А вось кнігі — настаўнікі, якіх мы можам выбіраць самі, і гэта вельмі важны момант, каб «вучоба» была і карыснай, і цікавай адначасова.
— Як папулярызаваць кнігу і ці можна паўплываць на цікавасць да чытання?
— Справа ў тым, што чытаць і мець неабходнасць у чытанні — крышку розныя паняцці. Як можна навучыць чалавека палюбіць сімфанічную музыку? Вось Вольгу Бузаву палюбіць прасцей, бо просценькае, прымітыўнае лягчэй зразумець і прыняць. А вось тое, што патрабуе сур’ёзнай працы, напрыклад, зразумець таго ж Дастаеўскага, ужо не так лёгка. Нейкай чужой дапамогі, каб навучыцца чытаць сур’ёзную літаратуру, быць не можа. А вось паспрабаваць накіраваць на сур’ёзнае мастацтва, кіно, тэатр, музыку, літаратуру магчыма праз добрую рэкламу. Але ці пойдзе чалавек на пэўныя спектакль, канцэрт, выстаўку, ці здолее дачытаць кнігу да канца — зусім іншая справа.
Прымусіць палюбіць кнігу нельга. Тут важная роля бацькоў, выдаўцоў, пісьменнікаў, бібліятэк... Канешне, любоў да кнігі пачынаецца з дзяцінства, таму пісьменнікам трэба пісаць добрыя творы для сённяшніх дзяцей, яны павінны быць цікавыя тым, хто ўжо, можна сказаць, нараджаецца з мабільнікамі ў руках. Выдаўцы павінны рабіць усё магчымае, каб кнігу хацелася ўзяць у рукі, а бацькі хацелі чытаць яе сваім дзецям, пакуль тыя самі яшчэ не ўмеюць. У гэтым кірунку мы многае робім. Напрыклад, у нас ёсць вельмі цікавая серыя «100 пытанняў пра Беларусь» — выданні навукова-папулярнага кірунку. І выкарыстанне QR-кодаў у іх дапамагае ажывіць кніжныя старонкі, каб маленькія чытачы сталі слухачамі ці гледачамі. Яны могуць пачуць галасы звяроў і птушак, а калі возьмуць кніжку пра беларускі фальклор, то паслухаць беларускую казку ў выкананні акцёраў. Пры дапамозе QR-кодаў маленькі чытач можа паглядзець таксама, якую вопротку насілі яго прабабуля ці прадзядуля. Такім чынам, мы таксама спрабуем «падагрэць» цікавасць сучасных юных чытачоў да кнігі. А яшчэ ў невялічкае выданне не змесціш усё, што хочацца, таму гэта дазваляе працягнуць чытанне.
— Чаго, на вашу думку, не хапае беларускай літаратуры сёння?
— Шчыра кажучы, я не бачу, што ёй нечага не хапае. Літаратура — гэта творы і аўтары. У нас вельмі багатая, разнастайная літаратура, якая мае значныя дасягненні і ў жанры паэзіі, і ў жанры прозы. Калі гаварыць пра белетрыстыку, то ёсць аўтары, якія пішуць цікавую фантастыку, гістарычную літаратуру, дэтэктывы. У нас на гэты год, дарэчы, запланавана новая кніга серыі «Бібліятэка беларускай аповесці». У яе ўвойдуць такія аўтары, як Генадзь Аўласенка, Сяргей Белаяр і Уладзімір Мажылоўскі. Калі збіралі па бібліятэках заказы на яе, баяліся, што не будзе запатрабаванай і не зможам набраць тыраж, бо гэта ж не класікі, якіх больш за ўсё просяць бібліятэкі. Але ўсё атрымалася.
Іншая справа, што той, хто хоча, каб да яго сёння чытачы ставіліся гэтак жа, як у свой час ставіліся да Мележа, Шамякіна, Быкава, Караткевіча і іншых нашых класікаў, павінен не толькі ў сваім творчым багажы мець яркія творы, але яшчэ і сам быць яркай асобай. Шараговаму чытачу павінна хацецца яго бачыць і слухаць, знаходзячы ў яго словах нешта вельмі важнае для сябе, што тычыцца самых розных аспектаў грамадскага, культурнага, духоўнага жыцця. Вось такіх яркіх асоб ніколі зашмат не бывае, і заўсёды хочацца, каб іх было больш. Гэта паўплывала б на раскрутку літаратуры, бо сама па сабе асоба з’яўляецца добрым піярам. Ніхто не ведаў, пра што новы раман Івана Шамякіна, але, калі ён з’яўляўся ў продажы, кнігу хацелі прачытаць ужо з-за імя.
— Вы ўжо 10 гадоў узначальваеце выдавецтва «Мастацкая літаратура», самі з’яўляецеся вядомым пісьменнікам... Ад чаго залежыць поспех аўтара? Ці магчыма стварыць беларускі бестселер?
— Наіўна думаць, што сёння для таго, каб з’явіліся яшчэ адна «Новая зямля», «Людзі на балоце» (можна назваць любы класічны твор), трэба зрабіць элементарную рэч — сесці найлепшым сучасным аўтарам і напісаць. На жаль, так проста не атрымаецца. Каб твор меў важнае значэнне, патрэбна нейкая «хімічная рэакцыя», але ніхто дакладна не ведае, што трэба змяшаць і які кампанент сыграе сваю ролю ў поспеху кнігі.
Я глыбока перакананы, што сучасная паэзія не горшая, чым паэзія XX стагоддзя. Але чаму сённяшнія паэты не такія папулярныя, як іх папярэднікі, цяжка адказаць адназначна. Таго ж Багдановіча мы выдалі двойчы, прычым перавыдалі па просьбе «Белкнігі», бо зборнік быў вельмі запатрабаваны. Таму нельга сказаць, што паэзія не цікавая сучаснаму чытачу: у прыватнасці, лірыка Міхася Стральцова, Яўгеніі Янішчыц... Чаму сёння чытач аддае перавагу класіцы? Відаць, таму, што само слова «класіка» з’яўляецца сінонімам высокай якасці.
Наконт вашага пытання пра поспех магу прывесці такі прыклад. Як чытач яшчэ школьнікам я захапіў той час, калі неверагодна папулярнымі былі паэты Андрэй Вазнясенскі, Яўген Еўтушэнка і Роберт Раждзественскі. І ў той жа час выходзілі паэтычныя кнігі Юрыя Кузняцова, пра якога я — ды каб жа адзін я — увогуле нічога не чуў. І толькі ў канцы 80-х адкрыў яго для сябе як аднаго з найлепшых рускіх паэтаў, надзвычай глыбокага і арыгінальнага. Ці можна яго працу ў літаратуры назваць паспяховай? Безумоўна. Гучнай? Не, вядома. Прынамсі, у параўнанні са славай таго ж Вазнясенскага, якому ён, наколькі я ведаю, зусім не зайздросціў. Таму поспех бывае розным, і залежыць ён у тым ліку і ад таго, якім ты яго сабе ўяўляеш.
Не люблю ўжываць слова «бестселер», бо яно нічога не гаворыць пра якасць, значыць толькі, што кніга добра раскупляецца. Але добра прадавацца можа і абсалютная графаманія, калі як след яе разрэкламаваць.
А можа быць наадварот: кніга выходзіць невялікім тыражом, доўга прадаецца, але пасля смерці аўтара творы, якія склалі яе, становяцца агульнапрызнай класікай. У якасці прыкладу можна прывесці Стэндаля, далёка не самага папулярнага аўтара пры жыцці.
— А калі б вас папрасілі даць параду, што пачытаць з сучаснай беларускай літаратуры…
— Я б параіў звярнуцца ў першую чаргу да тых кніг, якія сталі лаўрэатамі нашай Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Яна сапраўды адлюстроўвае той стан, у якім знаходзіцца літаратура цяпер. На маю думку, беларуская літаратура арыгінальная і сапраўды заслугоўвае ўвагі сучаснага чытача. А яшчэ... Літаратура чытаецца як розумам, так і сэрцам. Вельмі добра, калі і розум, і сэрца аднолькава рэагуюць на той ці іншы твор. Але бывае па-рознаму... Я належу да тых чытачоў, для каго вельмі важны стыль, уменне аўтара арыгінальна пабудаваць фразу, якая можа стаць афарызмам, прыдумаць цікавы дыялог, праз які выразна бачны характары герояў. І калі заўважаю, што творца не працуе над стылем, які б інтрыгоўны сюжэт у яго ні быў, мяне гэта хутчэй за ўсё не зачэпіць. А калі стыль цікавы, а ў творы, здаецца, нічога такога не адбываецца, буду чытаць з задавальненнем. Таму наўрад ці варта прымаць мае густы як нейкі прыклад. Для мяне ўзоры стылю — Міхась Стральцоў (як паэзія, так і проза), навелістыка Вячаслава Адамчыка, якога з задавальненнем перачытваю па вечарах. Таксама люблю Івана Пташнікава. Але гэта не значыць, што камусьці спадабаецца тое, што і мне.
Ірына ПРЫМАК