Top.Mail.Ru

Алесь БАДАК: «Культура — азонавы слой над нашымі сэрцамі, без якога немагчыма жыць»

Аўтар: Наталля Святлова
15.12.2025 | 11:58

Кажуць, язык касцей не мае, але косці ламае. Калі перагаворы аб стабілізацыі сітуацыі ў сумежнай дзяржаве пераходзяць у актыўную фазу, дзеля ўрэгулявання ўзброенага канфлікту, наладжвання дыялогу ў ход ідзе якраз слова — тая мірная зброя, якая можа як зламаць, так і ацаліць. Вырашаць спрэчныя пытанні мірным шляхам — прэрагатыва слова, тым больш мастацкага, якое нясе любоў, якое знітоўвае пакаленні, закліканыя наладжваць канструктыўны дыялог у няпростай ваенна-палітычнай абстаноўцы, памятаючы пра культуру, гуманізм і высакароднасць. 

Як ваяваць з дапамогай слова, якая цяпер роля творцы ў грамадстве, разважаем з пісьменнікам, дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесем Бадаком.



— Чаго патрабуе сённяшні час, калі не змяншаецца ваеннае напружанне? Пісьменніку брацца за зброю ці за пяро?

— Калі азірнуцца назад, то мы бачым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны беларускія пісьменнікі на фронце, у партызанах, у падполлі ваявалі і са зброяй у руках, і з дапамогай слова: выдавалі газеты, часопісы, пісалі тэксты для лістовак, выступленні для радыё. Калі сапраўды вісіць пагроза вайны, трэба быць гатовым да таго, што давядзецца займацца ўсім. Але мастацкае слова і ў мірны час можа зрабіць вельмі шмат, каб ваенныя канфлікты не распаўсюджваліся па свеце, як вірус. Можа, мы ўжо ступілі б на шлях самаразбурэння. Культура — азонавы слой над нашымі сэрцамі, без якога немагчыма жыць. І калі чалавек гаворыць, што не чытае кніг, яшчэ не значыць, што ўнутраны «азонавы слой» яго не аберагае. Таму што гэты чалавек слухае мудрыя думкі, прачытаныя ў кнігах яго сябрамі і знаёмымі. Ён глядзіць фільмы, знятыя па літаратурнай класіцы. Слухае музыку, народжаную ад судакранання яе аўтараў з літаратурай, і гэтак далей. Мастацкае слова вакол нас кожны дзень. А значыць — і ў нас.

— Можа, яно магло б спыніць гонку ўзбраення?

— Парадокс у тым, што пастаянны рост і ўдасканальванне зброі адбываюцца найперш для самаабароны сябе як дзяржавы і сваіх саюзнікаў. Так, ва ўсялякім разе, дэкларуецца. Але чалавецтва складаецца з індывідуумаў, у кожнага з якіх сваё разуменне самаабароны ці справядлівасці. У гэтым плане мы мала адрозніваемся ад нашых далёкіх продкаў і вельмі адрозніваемся ад усіх астатніх прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія ваююць паміж сабой толькі ў выніку неабходнасці — напрыклад, каб не памерці з голаду. Яны не разумеюць, што такое пастаяннае ўзбагачэнне, на якое трэба пакласці жыццё. Як ні дзіўна, на практыцы чалавек больш далёкі ад выканання Божых запаведзяў, чым хто іншы. Мы з’явіліся на гэтым свеце і ўвесь час думаем толькі пра свой — чалавечы —дабрабыт. Спачатку знішчаем прыроду дзеля сваіх патрэб, а потым ганарымся, што пачалі яе аднаўляць. Нам усё больш цесна на гэтай зямлі, і мы ўсё менш пакідаем месца для іншых яе насельнікаў. Так, колькасць людзей пастаянна расце, але ўсе іншыя жывыя істоты без праблем рэгулююць гэты працэс.

— Якая, на вашу думку, роля пісьменніка ў грамадстве?

— У немалой ступені гэта вызначае час і само грамадства. Калі ты не можаш сказаць нічога новага, важнага, таленавітага, то, як ні сілься, грамадства цябе не заўважыць і ты будзеш плесціся недзе ў хвасце грамадскага жыцця і літаратурнага працэсу. І, наадварот, калі ты, можа, і не вялікі аратар, але напісанае табой слова свежае, яркае, патрэбнае народу, то грамадства само вылучыць цябе ў свае першыя шэрагі. 

— Ці даводзілася вам адмаўляць маладому аўтару ў дапамозе, падтрымцы, а потым адчувацьвіну? Ці здаралася такое ў адносінах да вас у пачатку шляху? 

— Мне пашанцавала, бо калі пачынаў пісаць і ледзь не кожны тыдзень дасылаў свае вершы, а то і нейкія празаічныя абразкі, допісы ў «Піянер Беларусі» ці «Бярозку», там працавалі спагадлівыя і вельмі цярплівыя людзі: Алесь Емяльянаў, Мікола Чарняўскі... Яны мусілі адказваць на кожны мой ліст, а ім жа кожны дзень прыходзілі пачкі такіх лістоў з усёй Беларусі! Дарэчы, гэтыя выданні ў той час былі вельмі добрай пачатковай літаратурнай школай. Так атрымалася, што пасля заканчэння ўніверсітэта я сам стаў працаваць у часопісе «Бярозка». 

А паколькі яшчэ вельмі добра памяталася тое хваляванне, якое перапаўняла сэрца, калі на нашым надворку з’яўлялася паштарка з туга набітай рознай карэспандэнцыяй сумкай, то я і сам стараўся адказваць на ўсе лісты і падтрымліваць кожнага, у каго былі хоць нейкія творчыя задаткі. Канешне, маладых трэба падтрымліваць. Але калі ты чытаеш бездапаможныя ва ўсіх адносінах вершы, а аўтар — неабавязкова малады — паводзіць сябе так, быццам трапіў да цябе проста з вяршыні Парнаса, дзе меў прыемную размову з класікамі, то як ты яму не адмовіш — адмаўляеш, вядома. Пачуццё віны праз тое, што ты падтрымаў графамана, вядома, меншае, чым пачуццё віны перад тым, чый талент не разгледзеў, але, паверце, яно таксама ў глыбіні душы прысутнічае.

— Пісьменнік Алесь Камароўскі расказваў, што, калі працаваў у дзіцячай рэдакцыі тэлебачання, дзесьці 1985–1986 гады, запрасіў вас, юнага паэта, чытаць свае вершы. «Я тады ўжо бачыў, што ён будзе цудоўным паэтам», — згадваў Алесь Адамавіч. З якімі пачуццямі ўспамінаеце тыя першыя выступленні. Дзе сёння маладому выступаць? Цяпер жа няма такіх перадач на тэлебачанні...

— Не, першы раз Алесь Адамавіч запрасіў мяне на тэлебачанне на перадачу «Літаратурныя сустрэчы», калі я вучыўся, здаецца, у восьмым класе, таму гэта быў недзе 1981 год. Паехаў у суправаджэнні свайго класнага кіраўніка Алены Іванаўны Сёмухі: дзіця — не дзіця, а дагэтуль у Мінску я быў толькі раз, ды і то праездам у піянерскі лагер «Зубраня» па пуцёўцы «Піянера Беларусі». Другі раз, тут ужо памятаю больш дакладна, на запіс паехаў — ужо самастойна — у лютым 1982 года. Уражанні, вядома, незабыўныя. Студыя, тэлекамеры, асляпляльнае святло сафітаў, мікрафоны. Іншы свет! 

І дзіўнае адчуванне, што цябе бачыць і слухае ўся рэспубліка менавіта ў гэтыя хвіліны, калі ідзе запіс, а не тады, калі перадача выйдзе ў эфір. Цяпер такіх перадач няма, затое ёсць інтэрнэт — хоць кожны дзень выкладвай сваё відэа. Але, мне здаецца, такога хвалявання, адчування нечага таямнічага сацыяльныя сеткі ў цяперашніх школьнікаў не выклікаюць, як калісьці ў нас выклікалі тэлекамеры.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю