— Алесь Мікалаевіч, у апошнія два-тры дзесяцігоддзі звыклым тэзісам у дачыненні да стасункаў нацыянальнай літаратуры з іншамоўнымі прасторамі прыгожага пісьменства было перакананне, што, маўляў, «няма таго, што раньш было...» Ці так гэта насамрэч?
— Безумоўна, часы адрозніваюцца... Быў усплёск у выданні кніг іншанацыянальных літаратур у Беларусі. І было даволі шмат увагі да беларускай літаратуры ў Расіі, на ўсёй постсавецкай прасторы, ды і ў краінах за межамі былога СССР... Але сказаць, што развал Савецкага Саюза, як і развал сацыялістычнага лагера, раструшчылі, знішчылі само паняцце міжнародных літаратурных сувязей, — няправільна, гэта не адпавядае рэчаіснасці.
— І якія факты, прыклады пацвярджаюць ваша перакананне?
— Найперш — шырокая ўвага да беларускага мастацкага слова ў розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. Можна нават смела сцвярджаць, што адбываецца пэўны рэнесанс. Вось толькі што прыйшла бібліяграфія кніжных выданняў беларускай паэзіі і прозы ў Чувашыі. Невялікі народ — у Расіі пражывае крыху болей чым мільён чувашоў. У Чувашскай Рэспубліцы — болей чым палову з ліку тых, хто жыве ў Расіі. І за ўсю гісторыю беларуска-чувашскіх літаратурных стасункаў выйшла дзевяць кніг беларускіх аўтараў. Тры калектыўныя — зборнік прозы і паэзіі «У краі, дзе неба жураўлям адкрыта», зборнік «Беларускія апавяданні», аўтарская анталогія паэтычных перакладаў Валеры Тургая «Любоў мая — Беларусь!..», кнігі Янкі Купалы (тройчы!), Васіля Быкава, Валянціна Лукшы, Міколы Мятліцкага. Першая з беларускіх кніг пабачыла свет у Чэбаксарах у 1955 годзе («Беларускія апавяданні» — ад Якуба Коласа, Ядвігіна Ш. — да Янкі Брыля і Паўла Кавалёва, усяго творы 15 аўтараў). І з гэтых дзевяці кніг з 1991 да 2025 года выйшла, лічы, палова — чатыры. І калі вершы Янкі Купалы ў 2007 годзе склалі пераклады 12 чувашскіх паэтаў, то астатнія тры (у 2019 і 2025 гг.) — згаданая анталогія «Любоў мая — Беларусь!..», «Санеты» Янкі Купалы і зборнік Міколы Мятліцкага «Белай квеценню засыпаны сад» пераўвасоблены на чувашскую мову народным паэтам Чувашыі Валеры Тургаем. Такі прыклад перакладчыцкага, сяброўскага шчыравання ўражвае.
— І сам Валеры Тургай — аўтар многіх паэтычных публікацый на старонках газеты «Літаратура і мастацтва»...
— Чувашскі паэт неаднойчы бываў у Беларусі, пасябраваў з Міколам Мятліцкім, быў яго дарадцам у перакладах чувашскай паэзіі. У Мінску выйшлі тры кнігі чувашскіх паэтаў у перакладах Міколы Мятліцкага: зборнікі Мішы Сеспеля, Юрыя Семендэра, Валеры Тургая. Усе ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі»... Гэты прыклад беларуска-чувашскай еднасці пераконвае, што сёння як ніколі развіццё стасункаў, пашырэнне прасторы літаратуры ў іншанацыянальным свеце залежыць ад намаганняў энтузіястаў, рупліўцаў на ніве мастацкага перакладу. Так працавалі і працуюць у Кабардзіна-Балкарыі Саліх Гуртуеў, які нядаўна пайшоў з жыцця (вядомы на Паўночным Каўказе творца пераклаў і выдаў тры кнігі беларускіх пісьменнікаў), у Калмыкіі — Эрдні Эльдышаў, Вера Шуграева, Рыма Ханінава, у Чачэнскай Рэспубліцы — Лула Куні, Пецімат Петрымава, Адам Ахматукаеў. Пецімат Петрымава выпусціла «беларускі нумар» перакладнога часопіса «Гоч», Лула Куні на працягу амаль дзесяцігоддзя прапагандавала беларускую літаратуру на старонках часопіса «Нана», дзе знайшлося месца творам і класікаў, і сучаснікаў, а таксама — артыкулам пра беларускіх пісьменнікаў. Адам Ахматукаеў падрыхтаваў аўтарскую анталогію беларускай паэзіі на чачэнскай мове. І цяпер працягвае пераўвасабляць творы нашых класікаў, пераклаў паэму Янкі Купалы «Нікому» і ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». А ўсяго бібліяграфія беларускіх пулікацый Адама Ахматукаева за 2017 — 2025 гг. налічвае болей за 120 пазіцый. Дадайце да гэтага яшчэ аўтарскую анталогію «Старонкі беларускай паэзіі»! Увага таленавітага перакладчыка распаўсюджваецца на творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Уладзіміра Караткевіча, Міколы Купрэева, Яўгеніі Янішчыц, Навума Гальпяровіча, Алеся Каско, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Міхася Пазнякова, Міколы Пракаповіча...
— Сапраўды, гэта ўражвае! Такіх шчырых сяброў беларускай літаратуры павінны ведаць у Беларусі!..
— Мару пра тое, што здзейсненае, зробленае перакладчыкамі беларускай літаратуры ў XXI стагоддзі будзе дбайна аглядацца, вывучацца, вартую ацэнку яму дадуць і нашы, беларускія, літаратуразнаўцы, і ўвогуле даследчыкі беларуска-расійскага літаратурнага пабрацімства — з Масквы і Санкт-Пецярбурга, іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі... Як мару і пра тое, што ў нашай дзяржавы знойдзецца магчымасць адзначыць плён працы і Тургая, і Ахматукаева, і шмат яшчэ каго...
Даволі шмат зрабіў для беларускай літаратуры на сучасным этапе развіцця Рэнат Харыс, народны паэт Татарстана, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі. Ён выдаў у сваім перакладзе на татарскую мову кнігу санетаў Янкі Купалы і аўтарскую анталогію перакладаў з беларускай паэзіі. Дзеля таго, каб выканаць гэтую работу на высокім узроўні, ён неаднойчы прыязджаў у Мінск, вандраваў па Беларусі. Мы памятаем і народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна, які, на вялікі жаль, нядаўна пайшоў з жыцця. Менавіта Роберт Мінулін выбудаваў масты супрацоўніцтва з татарскімі пісьменнікамі для беларускіх дзіцячых аўтараў.
Напрыканцы 2023 года ў Мінску і Мінскай вобласці прайшлі Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі. Прыязджала вялікая дэлегацыя пісьменнікаў на чале з кіраўніком творчага Саюза Айгізам Баймухаметавым. Як вынік — праз год ці нават крыху меней ва Уфе пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай прозы і паэзіі на башкірскай мове. І цяпер даволі часта на старонках башкірскіх літаратурна-мастацкіх часопісах друкуюцца творы беларускіх пісьменнікаў. Мы пастараліся таксама аддзячыць башкірскім сябрам. І вось толькі што ў выдавецтве «Беларусь» пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі пабачыла свет анталогія сучаснай башкірскай паэзіі на беларускай мове — «Ляці, мая страла...». Дарэчы, секцыя мастацкага перакладу СПБ на чале з Рагнедам Малахоўскім спраектавала і цэлы шэраг іншых ініцыятыў па прадстаўленні нацыянальных літаратур Расіі на старонках літаратурнай перыёдыкі ў перакладзе на беларускую мову. Гэтыя ініцыятывы падаюцца даволі важкімі, грунтоўнымі, іх рэалізацыя паспрыяе і болей шырокаму прадстаўленню беларускага прыгожага пісьменства ў розных рэгіёнах Расійскай Федэрацыі на розных мовах.
— Такая работа па знаёмстве свайго чытача з беларускай літаратурай патрабуе пэўнай сістэмы, пэўнай далучанасці да літаратурнага працэсу непасрэдна ў самой Беларусі... Іначай як зрабіць правільны выбар, каго і што перакладаць?
— Мастацкі пераклад — не толькі мост дружбы, але і ў пэўнай ступені міннае поле, калі так можна сказаць. На крайні выпадак — пераход праз мост, які пракладзены над бурнай мастацкай ракой, што віруе, бурапеніцца... Пачынаючы з 2007 года у Беларусі, дзякуючы падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Выдавецкага дома «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», Саюз пісьменнікаў Беларусі праводзіць штогод круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», а таксама (пачатак пакладзены ў 2015 годзе) — Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». За гэтыя 17 гадоў у Мінск, а таксама ў гарады, дзе праводзіўся Дзень беларускага пісьменства, прыязджалі паэты, празаікі, публіцысты, літаратуразнаўцы з Сербіі, Чарнагорыі, Польшчы, Італіі, Германіі, Вяікабрытаніі, Турцыі, Італіі, Ізраіля, Балгарыі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Грузіі, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Туркменістана, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Кітая, Манголіі, Індыі, Малдовы, Украіны, Славакіі, Ірана, Егіпта, Пакістана...
— Гэта ўражвае!
— І, што цікава, кожны ці амаль кожны з замежных пісьменнікаў павёз да сябе на радзіму не проста часцінку Беларусі, а яшчэ — і новыя ідэі, новыя, незнаёмыя дагэтуль кнігі і тэксты. Напрыклад, моцна пасябравала з Беларуссю доктар філалагічных навук Флора Наджы. Яна і не раз прыязджала ў Мінск, і шмат разоў удзельнічала ў нашых круглых сталах, розных канферэнцыях анлайн. Паступова Флора Наджы сфарміравала каманду перакладчыкаў і перадала калегам, аднадумцам сваё захапленне творчасцю Уладзіміра Караткевіча. У выніку з’явіўся том яго прозы і паэзіі ў перакладзе на азербайджанскую мову. Кніга пабачыла свет летась. Шмат добрых слоў можна сказаць пра сяброўства з беларускай літаратурай і ўвогуле нашай краінай кандыдата філалагічных навук з Алматы Святланы Ананьевай. Яна — і аўтар нашых часопісаў «Нёман», «Беларуская думка», і шмат зрабіла для таго, каб творы беларускіх пісьменнікаў друкаваліся ў Казахстане на казахскай, рускай, уйгурскай, карэйскай, курдскай мовах. У Алматы быў выпушчаны і альманах «Казахстан — Беларусь». Дарэчы, нядаўна казахстанскіх пісьменнікаў Святлану Ананьеву і Любоў Шашкову прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Святлана Віктараўна ўжо другую адметнасць сфарміравала — яна сама і кола іншых літаратуразнаўцаў Казахстана пачалі даследаваць беларуска-казахскія літаратурныя сувязі, займацца параўнальным аналізам з’яў казахскай і беларускай літаратур. Даволі цікава чытаць ацэнкі літаратуразнаўцаў з іншым светапоглядам, іншым менталітэтам. Да гэтай працы далучыліся Карына Галай, Нурдаўлет Акыш, Кенжэхан Матыжанаў, Аляксандр Барон, Дзіяр Кунаеў, Алімжан Хамраеў... Дарэчы, літаральна ў самы пярэдадзень сёлетняй кніжнай выстаўкі ў Мінску, Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» Святлана Ананьева правяла цікавы круглы стол у Алматы. Шмат гаворыць яго назва: «Літаратуры этнасаў Казахстана на беларускай мове: гісторыя і сучаснасць». А якія ў час гэтага міжнароднага круглага стала гучалі даклады: «Пра казахска-беларускія літаратурныя сувязі», «Мухтар Аўэзаў і беларуская літаратура», «Пераклады уйгурскіх пісьменнікаў на беларускую мову», «Старонкі беларуска-казахскага супрацоўніцтва»...
— І гэта ўсё дзякуючы руплівасці, сяброўству з Беларуссю Святланы Ананьевай?
— Так. Яна — яшчэ і аўтар, і суаўтар кніг пра беларуска-казахскія літаратурныя сувязі, выдадзеных у Мінску. Святлана Віктараўна — і даследчыца, якая прыязджае ў Маскву, каб падтрымаць нас, беларусаў, на круглых сталах у час Маскоўскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая штогод ладзіцца ў сталіцы Расіі ў верасні. Даследчыца прыязджае з ідэямі, дапамагае сфарміраваць супольнасць для абмеркавання самых розных аспектаў у развіцці і нашай, і казахстанскай, і рускай нацыянальных літаратур. Такое сяброўства носіць шматзначны характар, такое сяброўства дарагога варта!
— Алесь Мікалаевіч, а як складваюцца стасункі з літаратурамі іншых краін Цэнтральнай Азіі?
— У Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час» сёлета прымае ўдзел узбекская пісьменніца Рысалат Хайдарава, якая адказвае ў Саюзе пісьменнікаў Узбекістана за міжнародныя сувязі. Часопіс «Полымя» нядаўна надрукаваў яе даволі цікавую апавесць у перакладзе на беларускую мову. Рысалат Хайдарава і раней друкавалася ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы, у альманаху «Созвучие» (пабачыла ўжо шэсць яго выпускаў). Гэтым разам яна прыехала ў Мінск з канкрэтным клопатам. Разам з калегамі пісьменніца ўкладае стотомную анталогію сусветнай дзіцячай літаратуры. І ўзбекскія сябры, разумеючы маштабы зробленага ў беларускім прыгожым пісьменстве, вырашылі нашай дзіцячай літаратуры прысвяціць адразу некалькі тамоў. Мяркуецца, што ў беларускую частку анталогіі ўвойдуць творы 130 дзіцячых пісьменнікаў Беларусі. Хіба не ўражвае такі маштаб?! У нас даволі часта даводзіцца чуць на розных экспертных пляцоўках пра адсутнасць... беларускай дзіцячай літаратуры. Дзіўна! З Узбекістана яе ўсё ж такі здолелі разгледзець! За такі падыход да справы, за будучыя беларускія тамы на ўзбекскай мове мы ўдзячны старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана Сіражыддзіну Саіду, які таксама прыязджаў у Беларусь, удзельнічаў у Дні беларускага пісьменства ў Іванаве на Берасцейшчыне.
Складваюцца добрыя адносіны паміж беларускай і туркменскай нацыянальнымі літаратурамі. У апошнія гады ў Туркменістане надрукаваны вершы і апавяданні Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Валерыя Казакова, Міколы Мятліцкага, новыя пераклады нашых класікаў — Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча... Шмат намаганняў дзеля гэтага прыкладаюць рэдакцыйныя калектывы часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»), газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), іх супрацоўнікі — Джума Мулкіеў, Мерэт Ягмыраў. Творы беларускіх пісьменнікаў у Туркменістане перакладаюць Бягуль Анабаева, Алаяр Чурыеў... І беларусы не застаюцца ў даўгу. На старонках «ЛіМа», у альманаху «Далягляды» з’явіліся публікацыі вершаў і апавяданняў Махтумкулі, Курбанназара Эзізава, Бердыназара Худайназарава, Каюма Тангрыкуліева, Агагельды Аланазарава, Керыма Курбанняпесава, Джумагельды Мулкіева, Максата Бяшымава, Камека Куліева і іншых творцаў розных пакаленняў.
У Таджыкістане, пачынаючы з 2009 года, выйшаў цэлы шэраг кніг беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на таджыкскую мову — Мікалая Чаргінца, Алеся Бадака, Юрыя Сапажкова, Міколы Мятліцкага. Выдадзена анталогія сучаснай беларускай літаратуры — «Вячэрняе вогнішча». Паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры ў гэтай краіне з’яўляецца народны пісьменнік Таджыкістана драматург, празаік, перакладчык Ато Хамдам. Следам за ім з увагай да беларускай літаратуры працуе доктар філалагічных навук Салім Хатлані, які пераклаў і выдаў анталогію беларускай сучаснай дзіцячай літаратуры. Некаторы час Салім Хатлані знаходзіўся ў Беларусі на дыпламатычнай службе. Ён пазнаёміўся з многімі беларускімі пісьменнікамі, пабываў у розных куточках краіны. Безумоўна, такое знаёмства будзе і надалей падмуркам для перакладчыка ў пераўвасабленні твораў беларускіх аўтараў на таджыкскую мову.
— У айчынных медыя зрэдчас згадваюцца факты супрацоўніцтва беларускіх пісьменнікаў з Кітаем, публікацыі твораў беларускіх аўтараў у Паднябеснай...
— І не толькі зрэдчас... З 2022 да 2024 года ў Кітаі пабачылі свет пяць кніг беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую мову: два калектыўныя зборнікі і тры аўтарскія кнігі. Падзеяй у Кітаі стаў выхад тома паэзіі і прозы Алеся Бадака. На кітайскую мову нядаўна здзейснены і пераклад «Дзікага палявання караля Стаха». Перакладчык — Сунь Фаньці, зусім малады літаратар. Пакуль што гэта перакладчыцкая праца надрукавана ў часопісе. Спадзяюся, у хуткім часе пабачыць свет і кітайская кніга Уладзіміра Караткевіча. А Сунь Фаньці ўжо ўзяўся за пераклад другога твора нашага класіка — «Чорны замак Альшанскі». Над перакладамі беларускай паэзіі і прозы на кітайскую мову працуюць Гу Юй, Чжан Хуэйцінь, Хань Сяае, Сунь Фаньці. Хань Сяае пачаў працу над перакладам ёмістага тома паэзіі аднаго з нашых класікаў... Пакуль што не будзем гучна дэклараваць гэта. Але ранейшыя здзяйсненні шчыра ўлюбёнага ў Беларусь і беларускую літаратуру кітайца пераконваюць, што пачынаецца новы этап у кітайскім прачытанні беларускай класічнай паэзіі.
Гутарыў Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ