Top.Mail.Ru

Анатоль Зэкаў адзначае юбілей

20.01.2025 | 13:36

Паўтараў і я неаднойчы тое класічнае сцвярджэнне, паводле якога, каб зразумець паэта, трэба абавязкова наведаць яго родныя мясціны. Сёння згаджаюся з ім толькі часткова. Усё яно так, але чаму, скажыце, мы не зможам зразумець паэта, добра ўчытаўшыся ў яго вершы? У іх жа павінна быць усё: ад самой зямлі, дзе ён нарадзіўся, да першага кроку на гэтай зямлі, а потым і самастойнай хады па ёй. Паэт і павінен паказаць не толькі сябе самога, але і ва ўсёй красе свой кут, сваю малую радзіму і, вядома ж, людзей свайго краю. А як ён гэта пакажа, якімі сродкамі, якім перакананнем — ужо яго справа.


Да гэтай думкі прыйшоў я, перачытваючы нядаўна паэтычныя кнігі шчыроўнага і нястомнага паэта Анатоля Зэкава. Даўно мы знаёмыя з ім, нават сябруем, але, прызнаюся, ні разу я не быў у яго Патапаўцы Буда-Кашалёўскага раёна, не быў у яго двары, у роднай паэтавай хаце, аднак сама яго вёска бачыцца мне з той жа яскравасцю, як і мае пушчанскія Малыя Навікі. Цёпла, па-гаспадарску шчыра тут усё і пасеяна, і скошана, і дагледжана, нават навігацыйна акрэслены сцяжыны да кожнага парога, дварышча... і чалавечага сэрца. Бульба тут пахне толькі маленствам, дажджы ліюць таксама з маленства. 

Падобныя да маіх землякоў і людзі — патапаўцы, патапаўчане, а найлепш за ўсё — свае, сваякі яму, а цяпер ужо і мне таксама. І турботы іх мне зусім знаёмыя:

І пачынаецца чарговы
Няпросты круг зямных турбот,
Які для вас зусім не новы.
Так паўтараецца штогод.

Ўсё пасадзіць і ўсё пасеяць —
У тым і клопаты адны.
Вясною нашы дні даўжэюць
І карацеюць нашы сны.

Заўжды бяжком,
Заўсёды ўпохап —
Зрабіць бы толькі справы ў час.
І кожны дзень — нібы эпоха.
То ж як на ўсё хапае вас?

Усё мне ў гэтых радках зразумелае і знаёмае ў такой жа ступені, як і нашы з ім чалавечыя клопаты. І калі аўтар пачынае згадваць у сваіх радках жаночыя імёны — і Тоці, і Просі, і Лёксы, — няхай і нязвыклыя для майго слыху, але за іх гучаннем бачацца мне і твары гэтых жанчын, і іх гаворка, і нават самі лёсы. Паэт здатны адухаўляць роднае слова тым цяплом, якое не можа не зачапіць і сэрца чытача, а той у сваю чаргу абавязкова мусіць адгукнуцца на ўсё ўжо сваім сэрцам. Гэтак яно заўсёды бывае ў паэзіі. Часта гэта і невытлумачальнае, але позвы слова пры добрым паэтычным шчыраванні заўсёды вяртаюцца да аўтара сваім добрым водгукам. Імёны і назвы ў Анатоля Зэкава не проста прамаўляюцца — яны на службе верша, выконваюць тую ж самую ролю, што і эпітэт, і рыфма, і вобраз. У адным з вершаў аўтар нават скажа так:

Я б кожнаму гораду
даў тваё імя,
каб потым
у кожным горадзе
адчуваць,
што ты са мной...

Як здагадваецца чытач, размова тут ідзе пра каханне. Грамадзянскі пафас найлепшых вершаў паэта добра падсвечаны лірычнымі разважаннямі пра гэтае вельмі далікатнае пачуццё, дзе заўсёды шмат не толькі цнатлівага і непаўторнага захаплення, але і не разгаданай дасюль таямніцы. Тэма гэтая асабліва выразна акрэслілася ў адной ці не з найгалоўнейшых кніг А. Зэкава «Прыгарадныя чайкі». Смутак, які з’яўляецца на душы героя аднайменнага верша, калі ён глядзіць на чаек, што крыляюць над прыгарадным лугам, ідзе ад птушак, а тыя адчуваюць наступ вялікага горада на лугавое багацце траў і красак, на цішыню, якая заўсёды настроена на птушыны спеў ды зумчанне пчалы, на водар самога паветра. 

Гэта адзнака і адначасова непазбежнасць новага часу. Няма ў аўтара прэтэнзій да вялікага горада, у якім жыве і сам, аднак ён сыноўняй любоўю прывязаны да роднай прыроды і ў творах сваіх выступае яе шчырым абаронцам. Але ўбачанае змушае паэта азірнуцца і на тое, што нябачным провадам цягнецца ў яго родныя мясціны, бо там не толькі растуць і набіраюць моцы родныя дрэвы, гняздуюць і выводзяцца птушкі, шуміць на палетках новымі ўраджаямі збажына, там нават магілы на кладах глядзяць на цябе «бы вочы продкаў». Было б надта мала для паэта проста заўважыць позірк гэтых вачэй — у яго задача значна большая: трэба далучыць той позірк да вачэй і сэрцаў тых, хто ідзе, і яшчэ прыйдзе на гэтую зямлю, каб падхапіць ужо існуючую ніць роднай повязі і, самае галоўнае, не даць ёй парвацца.

Нарадзіўся Анатоль Зэкаў 20 студзеня 1955 года ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Патапаўка на літаратурнай карце Беларусі застанецца адметнай і тым, што яна падаравала нашай літаратуры ажно тры імёны. Тут нарадзіліся таксама крыху старэйшыя ад Зэкава вядомыя чытачу празаік Таццяна Гарэлікава і паэт Уладзімір Дзюба. А першыя вершы Анатоля Зэкава друкаваў у часопісе «Бярозка» таксама зямляк з вёскі Буда-Люшаўская Мікола Чарняўскі. Цяпер яны абодва, і найстарэйшы з Буда-Люшаўскай, і малодшы з Патапаўкі, — ганаровыя грамадзяне Буда-Кашалёўскага раёна. 

Землякі паэтаў ведаюць цану мастацкаму слову, шчыра і сардэчна сустракаюць заўсёды творцаў, якія нарадзіліся на адной з імі зямлі, уважліва сочаць за іх творчымі набыткамі. Што тычыцца Анатоля Зэкава, дык ён не толькі ў вершах застаецца верным сваёй малой радзіме. У родныя мясціны ён прыязджае і ў якасці творчага настаўніка тых, хто яшчэ толькі пачынае свой шлях у літаратуру, прыязджае на сустрэчы з чытачамі заўсёды з пакункам новых кніг, ды і са сваімі шчырымі парадамі. Сумна было б пачувацца на роднай зямлі толькі нейкім госцем. На чарговым пасяджэнні рэдкалегіі часопіса «Вясёлка», дзе мы з ім часцей за ўсё і сустракаемся, ён зноў папрасіў у калег кніг з аўтографамі: «Ведаеце, які гэта будзе падарунак маім землякам, пераможцам творчага конкурсу!»

Калі мы пазнаёміліся з Анатолем Зэкавым, я яшчэ не ведаў, што гэты ўвішны журналіст (тады ён быў галоўным рэдактарам сталічнай газеты «Добры вечар») піша лірычныя вершы. Мяне захапілі яго задзірыстыя пародыі на вершы вядомых паэтаў. Вока на паэзію ў яго было вострае, і, здавалася б, у бездакорным вершы ён мог угледзець тое, за што можна зачапіцца і разгарнуць потым у нейкі смешны малюнак, да крыўднага непажаданы самому аўтару. Таму лірычныя вершы паэта, дзе пераважалі творы інтымнага характару, часта з імёнамі саміх прыгажунь, чытаць мне напачатку было неяк нязвыкла. 

Аднак усё гэта ўраўнаважвала і яго роздумная грамадзянская тэматыка. Трывожна і шчымліва гучалі вершы пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вязняў ГУЛАГа і Чарнобыльскую бяду, якая не абышла і родныя мясціны А. Зэкава. Але не лішняй здалася ў яго вершах і тая задзірыстасць, якая выдавала ў ім былога парадыста. Гэта нібы ажыўляла радок, дадавала яму своеасаблівага бляску, на што чытач заўсёды звяртае ўвагу. Не церпіць А. Зэкаў у сваёй творчасці, як прызнаецца сам, і так званага шматслоўя, расцягнутасці і радка, і самой думкі, шмат чаго ён пакідае лагічнаму шматкроп’ю, схіляючы да думкі і самога чытача яго вершаў:

Шматкроп’е стаўлю, каб далей
Радок расцягнута не доўжыць.
Тры кропкі усяго, але
Як шмат хаваецца за кожнай.

Але ўсё ж, насуперак сабе, кропкі часта даводзіцца ставіць і пасля кароткага верша. Згадзіцца варта і з тым, што знакі прыпынку ў вершы заўсёды неадназначна, але адчувальна рэгулююць хаду і рух самога верша.

Перачытваючы творы А. Зэкава, можна заўважыць, што паэт часта нібыта тэматычна паўтараецца. Хутчэй за ўсё гэта самадапаўненне ці пераасэнсаванне таго, даўней недаказанага, але прыкмечанага. Ён — паэт уражання. Галоўнае для яго — заўважыць, няхай ужо некім раней і заўважанае. Стадыя самога адбору ды і мастацкага абгрунтавання ўбачанага пачынаецца крыху пазней. А гэта мы, хто сам мае дачыненне да творчасці, бачым, а часам толькі здагадваемся. Але што ў тым дрэннага, калі паэту на некалі ўбачанае хочацца глянуць яшчэ раз, ужо з іншага ракурсу. Галоўнае, каб убачанае не паўтарала тое, ранейшае. 

Зрэшты, я кажу пра паэтаву Патапаўку. У ранейшых вершах ён змусіў мяне звярнуць увагу на жаночыя імёны сваіх вяскоўцаў, а крыху пазней — і на назвы вуліц. Яна, як відаць, і сапраўды немалая вёска, калі назвы вуліц слупкуюцца нават у нейкі геаграфічны верш. Падкупляе чытача не гэта, а сам зварот аўтара да родных вытокаў. У адным з вершаў прызнаецца, што ў сваёй творчасці ён больш давярае душы, чым вачам, «бо ты пільнейшая, чым вочы, і больш відушчая, душа». Маё ж чытацкае адчуванне падказвае мне, што аўтару больш шанцуе ў яго пошуку, калі і вочы, і душа глядзяць на жыццё адзіным позіркам згоды. 

А што тычыцца працоўнага шляху Анатоля Зэкава, дык пачынаўся ён з працы ў камсамоле — спачатку ў Гомельскім райкаме, потым у апараце ЦК ЛКСМ Беларусі. А пазней перамагла журналістыка. Шчыраваў ён у газеце «Чырвоная змена», узначальваў рэдакцыі мінскай гарадской газеты «Добры вечар», штотыднёвіка «Сталіца», «Беларускай лясной газеты». Была яшчэ праца ў часопісах «Вожык», «Полымя», «Вясёлка». 

Сем дзясяткаў пражытых гадоў даюць паэту права і на нейкую аглядку ды падсумаванне зробленага ў літаратуры. Дэбютаваўшы ў 1984 годзе ў калектыўным зборніку «Крыло», выдаў за гэты час звыш чатырох дзясяткаў кніг. А гэта не толькі лірыка. Звяртаўся і да прозы: выйшлі кнігі «Вясельнае падарожжа ў Стамбул» і «Генеральскі нумар». Не выключаліся з творчага абсягу, вядома ж, гумар і сатыра. Шырокае прызнанне ў чытача атрымалі вершаваныя пародыі, якія склалі кнігі «Дуэль» і «Дуэль-2». 

У творчым набытку і шматлікія кнігі для дзяцей. Добра прымае чытач і лірычныя мініяцюры А. Зэкава, якія ўсё часцей з’яўлюцца ў друку. Жыццёвы шлях доўжыцца, і новыя сустрэчы з цікавым і адметным паэтам яшчэ наперадзе.

Казімір КАМЕЙША

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю