Творы Мікалая Ляскова прыцягваюць рэжысёраў (тэатра і кіно) глыбінёй і псіхалагізмам, у тым ліку аповесць «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета». Аднак як выдатна яна кладзецца на стылістыку і магчымасці тэатра лялек, дзе ўдалося раскрыць саму сутнасць няпростых стасункаў галоўных герояў, якія вядуць да гібелі іншых людзей. Усё таму, што адна жанчына страціла розум і цалкам растварылася ў асобе мужчыны, падпарадкаваўшыся яго жаданням і маніпуляцыям.
«Лялечнае» рашэнне
Нездарма ў пастаноўцы рэжысёра Яўгена Карняга купчыха Кацярына Ізмайлава становіцца безаблічнай «лэдзі М.». Ды і наогул спектакль Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек уяўляе сабой не проста класічную драму, а адметны і смелы аўтарскі твор, дзе знаёмы сюжэт ператвараецца ў глыбокае даследаванне чалавечай прыроды. Жарсць у ім становіцца не апраўданнем, а хваробай, што пазбаўляе розуму. Менавіта жарсць рухае дзею ў спектаклі, які ідзе каля дзвюх гадзін без антракту, але захоплівае (нават заварожвае) атмасферай, пластыкай і адметным поглядам на гісторыю, якая магла б разгарнуцца не толькі ў ХІХ стагоддзі (як у пісьменніка), таму што архетыпы пазнавальныя: маладая жонка немаладога, але багатага мужа, якая засумавала без кахання і карыслівы спакуснік-альфонс.
Найбольш моцны рэжысёрскі ход — у «жаночай» гісторыі выкарыстаць выключна жаночы склад трупы. У руках актрыс усе мужчынскія персанажы ператвараюцца ў лялек. Гэта падкрэслівае тэму татальнай залежнасці і маніпуляцый у грамадстве. Прыём дапамагае выявіць, што ўсе «моцныя» мужчыны вакол галоўнай гераіні Кацярыны
Ізмайлавай насамрэч з’яўляюцца бязвольнымі марыянеткамі. Але сама лэдзі М. ад пачатку і да канца дзейнічае ў чалавечым абліччы, кіруючы сваім лёсам і не толькі. Яна яшчэ кіруе лялькай прыказчыка Сяргея, калі ў літаральным сэнсе становіцца з ёю адным цэлым у інтымных сцэнах, ці калі носіццца з ім — не яна, а ён у яе на руках. Ды як жа з такім не насіцца, бо ў параўнанні з іншымі мужчынамі — мужам і свёкрам — ён проста Апалон. І гэта падкрэсліваюць лялькі.
Візуальны рад
Мастачка Таццяна Нерсісян у супрацоўніцтве з Карнягам уразіла працай не ў адным спектаклі. Кожны раз задаешся пытаннем: ці надоўга ў іх хопіць вынаходлівасці і натхнення, каб так моцна ўражваць? І кожны раз здзіўляешся па-новаму.
Гэтым разам Таццяна Нерсісян стварыла лаканічную сцэнаграфію, якая, тым не менш, выклікае максімум эмоцый. Стрыманыя, шэра-тужлівыя колеры і выразныя формы лялек падкрэсліваюць унутраны стан гераіні: яе адзіноту, маркоту і даюць зразумець, адкуль узялася апантанасць Сяргеем. Ён яркі! Такі ж, як і яна! Чырвоны колер у іх адзенні — як сполах жарсці, якую немагчыма ўтаймаваць. Яна становіцца максімальна адкрытай і даступнай для яго жанчынай — і сукенка змяняецца белай сарочкай. Кожная дэталь тут невыпадковая: ці то хісткая кладка, па якой ходзіць артыстка, ці то віяланчэль як сімвал адзіноты і адначасова пачуццёвасці Кацярыны. Гэты вобраз з’явіўся дзякуючы оперы Шастаковіча, дзе тэму галоўнай гераіні падкрэслівае гэты інструмент, а напрыканцы мы бачым віяланчэль пазбаўленай жыцця і голасу: яе моцна падтачылі пацукі з насамі-піламі і чырвонымі агнямі вачэй, што злосна свецяцца ў цемры.
Святло тут як частка мастацкага афармлення і як канцэптуальны складнік, які дапамагае расставіць сэнсавыя акцэнты па ходзе дзеі. Святло і цені, змрок і паўзмрок падкрэсліваюць эмацыянальны стан гераіні і абставіны, у якія яна сама сябе заганяе кожны раз, калі рашаецца на чарговае забойства дзеля таго, каб захаваць таямніцу і пакінуць за сабой спадчыну мужа.
Разам з ёй згасае ўсё самае «светлае»: малалетні пляменнік купца Ізмайлава Фёдар, добры і ціхі хлопчык, які бавіць час з кнігамі. Яны — «светлыя» — таксама колюць вочы злачынцам. Святло знікае наогул.
Голас адчаю
Застаюцца гукі і словы, да якіх цяпер асабліва прыслухоўваешся. Аўтар музычнага афармлення спектакля Кацярына Аверкава здолела перадаць гукавымі сродкамі мцэнскую правінцыйнасць, якая раптам становіцца злачыннай жарсцю. Музыка і гукавыя эфекты ствараюць гнятлівую атмасферу, узмацняючы напружанне і падрыхтоўваючы гледача да непазбежнай трагедыі. І акцёрскія галасы праз спевы і словы тлумачаць ці ўдакладняюць сутнасць падзей.
Акцёрскі ансамбль дэманст-руе найвышэйшы ўзровень тэатральнага майстэрства і пластыкі. Артысткі выдатна працуюць, увасабляючы работніц і суседак, якія любяць папляткарыць, выступаюць і ў ролях катаржанак, жанчын няпростага лёсу. Адсутнасць слоў або іх дазіраванае выкарыстанне кампенсуюцца выверанымі рухамі, жэстамі і мімікай. Актрысы, кіруючы лялькамі-мужчынамі, падкэсліваюць складанае псіхалагічнае супрацьстаянне. Менавіта праз пластычныя рашэнні выяўляецца адчай гераіні, якую пазбавілі самага галоўнага — прадмета яе жарсці, дзеля якога яна гатовая прайсці праз катаргу, абы толькі яго бачыць. Ёй не баляць чужыя трагедыі, ёй баліць свая — здрада. І як вынік — страта самой сябе. Так некантралюемы інстынкт прыводзіць да сапраўднага самазнішчэння.
«Лэдзі М. цэнскага павета» ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек — пастаноўка не для лёгкага адпачынку, гэты спектакль падобны на сеанс псіхааналізу з дапамогай мастацтва. Ён патрабуе ад гледача суперажывання і інтэлектуальнай працы, поўнага ўключэння вобразнага ўяўлення. Рэжысёр і яго каманда пазбягаюць простых адказаў, стварыўшы складанае, шматслойнае палатно для дарослага гледача, чарговы раз засведчыўшы, што тэатр здольны гаварыць пра самыя заблытаныя з’явы чалавечай свядомасці і душы, у якой нават найлепшыя памкненні і пачуцці пры пэўных абставінах набываюць разбуральную сілу.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА