Гэтая навінка для тых, хто захапляецца марскімі глыбінямі і іх насельнікамі: у Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга Наталлі Хмялеўскай «Дэльфінчык Агу». Выданне напоўнена карыснай інфармацыяй пра насельнікаў мораў і акіянаў, а таксама цёплымі гісторыямі пра сяброўства, узаемадапамогу і захаванне прыроднага балансу.
Галоўны герой казачнай аповесці Наталлі Хмялеўскай дэльфінчык Агужыве разам з баць-камі каля берагоў прыгожага вострава Барбадас, які знаходзіцца ў Карыбскім моры непадалёку ад Паўднёвай Амерыкі. Агу — звычайны «падлетак» у марскім свеце, які таксама не хоча хадзіць у школу, слухаць настаўнікаў і рабіць нецікавыя дамашнія заданні. Разам з сябрамі Мікушай і Карпушай яны даследуюць марскія глыбіні ў пошуках незвычайных рэчаў, пераймаюць паводзіны дарослых і імкнуцца знайсці сваё прызначэнне.
Праз розныя жыццёвыя выпрабаванні дэльфінчыка Агу пісьменніца адлюстроўвае складаны працэс сталення асобы. Галоўны герой часта сутыкаецца са складаным маральным выбарам, які патрабуе не толькі смеласці, але і ўмення слухаць сваё сэрца. Кожны раздзел кнігі прысвечаны розным прыгодам юных дэльфінаў, іх вынаходніцтвам і неверагодным з’явам у цёплых водах Карыбскага мора. Разам з марскімі жыхарамі чытач апынецца ў эпіцэнтры падзей, калі трэба выбіраць паміж уласнай бяспекай і выратаваннем сяброў, паміж страхам і адказнасцю.
Кніга ў лёгкай і займальнай форме знаёміць юных чытачоў з марскімі жыхарамі, іх звычкамі і асаблівасцямі. Найбольш цяжкія паняцці пісьменніца тлумачыць асобна альбо запрашае знайсці адказ самастойна ці з дапамогай бацькоў. Таксама ў творы размешчаны цікавыя заданні, якія можна выконваць разам з сябрамі і аднакласнікамі.
Заўважна, што негатыўныя ўласцівасці, якія характарызуюць марскіх драпежнікаў, прабачаюцца дэльфінам. Акулы Наталляй Хмялеўскай паказваюцца як агрэсіўныя і небяспечныя істоты, у той час як дэльфіны, нягледзячы на сваю здольнасць паляваць і абараняцца, апісваюцца з цеплынёй і разуменнем. Гэтая аўтарская пазіцыя падкрэслівае асаблівую сімпатыю да дэльфінаў як істот, здольных на эмацыянальную сувязь, узаемадапамогу і нават альтруізм. Такі падыход падштурхоўвае чытача да ўласных разважанняў пра складанасць маральнай ацэнкі ў прыродзе, бо нават казачны свет нельга падзяліць на чорнае і белае.
Выданне ўпрыгожваюць яркія ілюстрацыі Кірыла Задворнага, якія дапамагаюць паглыбіцца ў твор і бліжэй пазнаёміцца з персанажамі.
Кніга Наталлі Хмялеўскай падыходзіць для сямейнага чытання, бо у працэсе сталення асобы (нават дэльфіна) важную ролю іграюць бацькі, якія накіроўваюць дзіця на правільны шлях. Цёплая і шчырая гісторыя пра сяброўства і ўзамадапамогу, вечныя маральныя каштоўнасці, якія існуюць і на сушы, і ў моры, вучаць маленькіх чытачоў прымаць самастойныя рашэнні, абапіраючыся на ўласны жыццёвы досвед і парады старэйшых.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА