Top.Mail.Ru

Архіўныя цікавосткі да 140-годдзя класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі

01.05.2026 | 17:41
У таполевай кроне

Жыццяпіс Самуіла Плаўніка (псеўд. Змітрок Бядуля; 1886–1941), выхадца з мястэчка Пасадзец, што ў сённяшнім Лагойскім раёне Мінскай вобласці, мае свае адметныя этапы і вехавыя мастацкія праявы, не ў апошнюю чаргу звязаныя з паняццем поліэтнічнасці, без ра-зумення якога немагчыма ўявіць ні вытокі таленту выбітнай асобы, ні шматгалосую культурную прастору Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ — першай паловы ХХ стст.

Асноўныя псеўданімы, якімі карыстаўся пісьменнік, — Змітрок Бядуля і Ясакар. На вокладцы паэтычнага зборніка «Пад родным небам» (Мінск, 1922), у значнай ступені падагульняльнага для важнага этапу ў творчасці аўтара, фігуруюць адразу два гэтыя імені, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным у гісторыі беларускай літаратуры і выдавецкай справы. 


На выніковы характар зборніка звярнулі ўвагу сучаснікі, у прыватнасці, Павел Любецкі. Рэцэнзія, падпісаная крыптанімам П. Л., была апублікавана на старонках літаратурна-навуковага весніка «Адраджэнне» (1922, сшытак 1),выдадзенага Інстытутам беларускай культуры. Пры агульнай характарыстыцы кнігі аўтар крытычнага агляду адзначыў, што Бядуля «выпаўніў у ёй абавязак кожнага беларускага паэта: аддаць дань адраджэнцтву, але ўчыніў гэта па-свойму і вельмі прыгожа». 


Калі псеўданім Змітрок Бядуля арганічна ўпісваецца ў народніцкую стылізацыю беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. з яе вядучым матывам сацыяльнай прыгнечанасці, то другі — Ясакар — скіроўвае да асэнсавання вобраза творчай асобы ў абсягу натурфіласофскіх традыцый і ўяўленняў пра лірычнага героя эпохі рамантызму. 

Паводле вызначэння «Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» (2022), ясакар (рус. тополь) — «дрэва сямейства вярбовых з цёмна-шэрай карой». 

Не бярэмся адзназначна сцвярджаць, пра матывацыю выбару творчага псеўданіма Самуілам Плаўнікам, але аўтару, які ў маладыя гады пісаў па-руску, маглі запасці ў душу радкі з верша «Тополь» (1847) папулярнага ў свой час паэта Апалона Грыгор’ева: 

Серебряный тополь, 

мы ровни с тобой, 

Но ты беззаботно-кудрявой главой 

Поднялся высоко <...>; 

Кудрявый мой тополь, 

с тобой нам равно тяжело 

Склонить и погнуть перед силою

ветра чело... 

«Кучаравае дрэва» (1925) — так называецца апавяданне Якуба Коласа, пры-свечанае Змітраку Бядулю, апублікаванае ўпершыню ў газеце «Савецкая Беларусь» 24 чэрвеня 1926 г. Зачынныя сказы адразу настройваюць на ўзнёслы лад жыццёсцярджэння: «Буйна-радасна, сакавіта-музычна шумела маладое лісце на Кучаравым дрэве. У гэтым шуме пераліваліся найдалікатнейшыя тоны тае песні, якую можна было б назваць песняю аднаўлення, бо была вясна, маладая, як пена разводдзя, прыгожая, бы світанне майскае раніцы, поўная сілы, радаснага парывання і таго няяснага адчування, што складае скарб і хараство моладасці».

У творчасці Змітрака Бядулі сышліся розныя нацыянальныя складнікі, звязаныя з выхаваннем, адукацыяй, традыцыямі роднага краю. Пры гэтым магістральным шляхам для пісьменніка ў выніку стала беларуская літаратура. 

Змена прыярытэтаў

У кніжных і рукапісных зборах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі) захоўваецца шэраг архіўных матэрыя-лаў, звязаных з жыццём і творчасцю Змітрака Бядулі. 

Асобнік паэтычнай кнігі «Пад родным небам» (1922) утрымлівае дароўны надпіс: «Паважанаму А. Гр. Багдановічу. Слаўнаму бацьку нашага вялікага песняра Максіма Багдановіча ў знак шчырай пашаны і прыхільнасці. З. Бядуля. 3/VІ-23 г. Мінск». У чэрвені 1923 г. аўтар змог асабіста пазнаёміцца з Адамам Багдановічам, які прыехаў з Яраслаўля і перадаў у Інбелкульт захаваны архіў свайго сына, прыняў удзел у шэрагу мерапрыемстваў. 

У кастрычніку 1916 г. — лютым 1917 г.

Змітрок Бядуля і Максім Багдановіч жылі пад дахам аднаго будынка. Сёння «Беларуская хатка» — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, які прайшоў свой шлях мемарыя-лізацыі. У грамадскай свядомасці ён найперш звязваецца з аўтарам «Вянка» (1913). У мінулыя часы, калі гэты дом быў звычайнай жылой пабудовай, існавалі іншыя іменныя прыярытэты. Так, на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» ад 6 красавіка 1957 г. пад здымкам Уладзіміра Крука змешчаны подпіс: «Па вуліцы імя Л. Талстога ў Мінску, у доме № 14 жыў выдатны беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. Нядаўна на доме была ўстаноўлена мемарыяльная дошка». Побач выява дошкі з тэкстам: «У гэтым доме з 1915 па 1918 год жыў выдатны беларускі пісьменнік ЗМІТРОК БЯДУЛЯ». 

Сяброўскія росчыркі

Кнігазбор Пятра Глебкі даваеннага часу, што захоўваецца ў якасці асобнай калекцыі ў ЦНБ НАН Беларусі, асабліва каштоўны і з пункту гледжання мемарыяльнай значнасці, і па прычыне наяўнасці інскрыптаў.

Асобнае выданне аповесці «Салавей» утрымлівае дароўны надпіс: «Шчыраму песняру Савецкай Беларусі П. Глебку ў знак супольнай працы ў „Узвышшы“. З. Бядуля. 11/VII-28 г.».


Экзэмпляр рамана Змітрака Бядулі «Язэп Крушынскі» (Мінск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1931), выданне другое, папраўленае і дапоўненае аўтарам, утрымлівае падкрэсліванне асобных радкоў і абзацаў чырвоным, сінім і карычневым алоўкамі. Заўвагі на палях таксама сведчаць пра ўважлівае, крытычнае прачытанне тэксту. 

Маецца і разгорнутая заўвага П. Глебкі пасля раздзела «Мы павінны багацець». Кампазіцыйная частка рамана завяршаецца радкамі: «Так праводзіліся кожны раз рэвалюцыйныя святы, у такіх настроях працавала школа, зарганізоўваўся кааператыў. Усё рабілася пры гарачых прамовах Крушынскага пад лозунгам: „Мы павінны багацець“». Рэпліка былога ўласніка кнігазбору: «Значыць і „багацелі“, а дзе ж бедната была, чаму яна не паказана?!». 

Не без сенсацый

Творчыя іпастасі Змітрака Бядулі добра вядомыя: паэт, празаік, публіцыст. Пісьменнік цікавіўся гісторыяй беларускага тэатра, пісаў артыкулы пра батлейку, рэцэнзіі на спектаклі, але пры гэтым не было аніякіх звестак пра яго як аўтара п’ес. Архіўныя зборы не толькі разбураюць устаялыя погляды, але і здольныя прапанаваць сенсацыйныя матэрыялы.

У рукапісным фондзе ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца два фрагменты з незавершанага драматургічнага твора З. Бядулі, датаваныя 12 лютага 1916 г.: «Фіміам» і «Змей». Аўтарскае вызначэнне жанру і назва мастацкага праекта змешчаны ў якасці падзагалоўка да «Фіміама»: «Адрывак з маёй яшчэ няскончанай фантастычнай драмы „Плач у гарах“».

Унікат уяўляе сабой здвоены аркуш паперы буйнога фармату. Каліграфічна аформленыя тэксты запісаны чырвоным чарнілам. Пашкоджанні аркушаў і сляды рэстаўрацыйных работ толькі дадаюць аўтографам пісьменніка мемарыяльную значнасць.

Архіўныя матэрыялы здольныя прапанаваць яшчэ шмат цікавостак да жыцця і творчасці сёлетняга юбіляра — пісьменніка Змітрака Бядулі. 

У якасці ілюстрацый выкарыстаны матэрыялы фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю