Top.Mail.Ru

Арыгінальная вынаходка

Аўтар: Ларыса Цімошык
24.11.2025 | 14:04
Так можна сказаць пра фільм Андрэя Андрыянчыка «Чалавек-вынаходнік».

Але такое адчуванне, што ён яго не столькі зняў, колькі вынайшаў. Спачатку «прыдумваў фільм». А калі прыдумаў, то пачаўся працэс стварэння сцэнарыя ў сакавіку 2020-га, і быў ён не надта хуткім (у працу пайшоў пяты варыянт). Пасля шукаў, як задуманае ажыццявіць. На мантаж стужкі працягласцю ў 37 хвілін пайшло яшчэ два гады. Што ж шукае цягам 37 хвілін герой фільма Андрэя Андрыянчыка? Тут, вядома, кожны можа прапанаваць свой адказ, у залежнасці ад таго, як прачытае зашыфраваны ў вобразах пасыл аўтара. Але ж варыянты могуць быць ад побытавых да глыбока філасофскіх. 

  • Таму што герой фільма (а ён тут фактычна адзін) у прынцыпе шукае адказ на пытанне: што перашкаджае яму жыць? Мы бачым чалавека, які спрабуе прыбрацца ў старой кватэры. Яна нібы пустая, але пакрыта пылам. Дык пыласос у дапамогу. Але ён не дапамагае: пыл не збіраецца, а разлятаецца. Прымаецца рашэнне — удасканаліць пыласос. Герой гэта робіць, убачыўшы перад сабой вобраз чалавека, у якога ўсё атрымліваецца. Вось гэты — другі — самая вялікая загадка карціны. Бо ён з’яўляецца нечакана, часам з ніадкуль (ці з нейкай таямнічай цёмнай прасторы, дзе няма больш нікога апроч яго), і такое адчуванне, што ён ведае і ўмее ўсё. Герой спачатку паддаецца спакусе стаць такім жа ідэальным у сваёй чыстай замкнёнай кватэры, даследуе прыбор, глядзіць, што і як робіць гэты майстар на ўсе рукі, вывучае правады, якія выходзяць у цёмную прастору і часам «іскраць». Гэтая барацьба з ідэальным чалавекам забірае ўсе сілы галоўнага героя, але пыл усё адно ў кватэры збіраецца, прымушаючы яго зноў і зноў змагацца з «непарадкам». І такое адчуванне, што змагаецца ён не з кімсьці іншым, а сам з сабою. Бо той, другі, — гэта як унутранае я, што прымушае самаўдасканальвацца і вычышчаць смецце з уласнай свядомасці. 

Пра тое, што мы маем магчымасць зазірнуць у чалавечую свядомасць, напэўна, здагадаюцца не ўсе. Пыласос і пыл — настолькі канкрэтны і звыклы вобраз, што далёка не ў кожнага з’явяцца алегорыі. Але чорная прастора (амаль як матэрыя) за дзвярыма і па-за сценамі, у якой прадметы і героі знаходзяцца ў нейкім падвешаным стане, указваюць на абстрактнасць і развіццё гэтай гісторыі у іншым вымярэнні. Фільм — пра свядомасць ды падсвядомасць, паспрабуй у іх разабрацца. Усё няпроста. Але ж вельмі арыгінальна!.. Думаецца, аўтар добра ведаў, пра што здымае. І для каго. «Мне здаецца, што кожны аўтар, які нешта стварае, робіць гэта ў першую чаргу для сябе, — прызнаваўся пасля паказу Андрэй Андрыянчык. — Фільм зроблены так, што ён адлюстроўвае ўнутраны свет чалавека. Думаю, што частка гледачоў глядзела яго не разумеючы. Другая частка ўспрымала як жарт. Трэцяя частка ўбачыла двайныя ці трайныя сэнсы... І кожны зразумеў правільна». 

А можна сказаць інакш: кожны з нас мае сваё альтэр эга, але не кожны гэта ўсведамляе. Падобна, што Андрэй Андрыянчык не толькі вельмі разумны малады чалавек, але схільны да самааналізу, адлюстраваннем чаго і стаў гэты фільм, дзе герой у выніку выходзіць са сваёй пыльнай кватэры ў белы свет з чыстым паветрам і шырокімі прасторамі. Аўтар фільма «Чалавек-вынаходнік», скончыўшы БНТУ, займаецца творчасцю, кіно здымае ўжо 9 гадоў, і гэта яго трэцяя карціна (да гэтага былі «Жыццё пад чорным капелюшом» і «Святло азарэння»). Яна ўжо ўдзельнічала ў міжнародных кінафестывалях, а ў Чабаксарах была адзначана як «самы арыгінальны фільм».

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю