Дэтэктыўная аповесць Людмілы Маркоўскай пабачыла свет у серыі Выдавецкага дома «Звязда» «Пераходны ўзрост». Твор «Сакрэт закінутага дома» адрасуецца дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту: аўтар улічвае, што для падлеткаў важна не толькі загадка, яна засяродзілася і на развіцці мыслення чытачоў, закранула этычныя і сацыяльна значныя тэмы.
Героі і чытачы
З галоўнымі героямі твора — равеснікамі чытачоў — мы знаёмімся загадзя, іх рэкамендуюць асаблівым чынам, як гэта робіцца ў п’есах. Перад намі паўстае тыповая схема персанажаў: некалькі хлопчыкаў і адна дзяўчынка. Іх характары, мноства сюжэтных хадоў і таямніц, безліч дыялогаў — усё з адсылкамі на класічныя творы Артура Конан Дойла ды іншых аўтараў дэтэктываў і не толькі. Дарэчы, спасылак у тэксце таксама хапае: Людміла Маркоўская імкнецца не толькі ратлумачыць, магчыма, незразумелае чытачу значэнне слоў, але і папросту звярнуцьувагу на тыя ці іншыя лексемы, узбагаціць слоўнікавы запас школьнікаў. Як выглядае этажэрка? Што сабой уяўляе ватоўка? У чым асаблівасць бра? Сапраўды, гаворка часцей ідзе аб прадметным свеце — гэтага патрабуюць у тым ліку асаблівасці традыцыйнага дэтэктыўнага сюжэта, у якім размова ідзе пра антыкварыят і рарытэты, аднак нярэдка чытачу расказваюць і пра абстрактныя паняцці.
Галоўным жа героем стаў трынаццацігадовы Цімафей Стральцоў, апісаны як лідар, знаходлівы і ўсебакова развіты, «вялікі інтэлектуал, камп’ютар — яго другое „я“, любіць рашаць складаныя галаваломкі». Людміла Маркоўская не скупіцца на кампліменты ў адрас самых розных персанажаў. Пісьменніцы, здаецца, важна, каб чытач засяродзіўся на пазітыве. Сама гісторыя пабудавана так, каб даць яму асэнсаваць прапісныя ісціны аб сяброўстве, вернасці, узаемадапамозе...
Прастора і час
Дзеянне ў аповесці «Сакрэт закінутага дома» адбываецца ў наш час у беларускім гарадку Свіранску. Выдуманае паселішча апісана, тым не менш, даволі падрабязна як тыповае: «Райцэнтр быў невялікім і самым звычайным, такіх дзясяткі ў Беларусі. Хлопчык праехаў па цэнтральнай вуліцы з прыгожымі акуратнымі пяціпавярховікамі з аднолькавымі зялёнымі дахамі, будынкам мясцовага выканкама са сцягам, аб’ехаў вакол помніка Леніну, спыніўся каля кінатэатра і разгледзеў афішы. Пакінуўшы веласіпед каля ўваходу, ненадоўга зайшоў у мясцовы ўнівермаг і паехаў далей. Пошта, школа, кафэ. Затым пайшлі прыватныя дамы з прыгожымі дворыкамі і кветнікамі. Неўзабаве гарадскі пасёлак закончыўся.
На яго краі размясціліся будынак міліцыі, аўтазапраўка, а за ёй, каля самага лесу, прыцягваў увагу двухпавярховы дом з незвычайнай архітэктурай». Зразумела, уся гісторыя сканцэнтравана вакол гэтага збудавання, не характэрнага для Беларусі, — нібыта «стары англійскі радавы маёнтак з фільмаў жахаў». Тут хаваецца галоўная загвоздка сюжэта: вялікі асабняк быў пабудаваны хутка і ў якасці сховішча для сям’і, якой пагражала страшэнная небяспека. Пытанне, ці можна ажыццявіць задуманае «ў глыбокай таямніцы» ў ціхім райцэнтры, няхай і наводдаль ад Мінска, усё ж застаецца адкрытым.
Шукаючы адгадкі, героі, галоўныя і другарадныя, так ці інакш вяртаюцца ў мінулае. Мы знарок не закраналі асаблівасці сюжэта: іх якраз неабходна вывучаць самастойна. Галоўнае ў аповесці «Сакрэт закінутага дома» — тэма справядлівасці, аднаўлення добрага імені чалавека. Своеасаблівы рэванш прызначаны паказаць наступствы і маральны выбар, адрозненне памылак, зробленых у мінулым, ад тых, што здараюцца сёння, і шляхі іх пазбягання.
Яўгенія ШЫЦЬКА