З таго часу і доўжацца стасункі пісьменніцы з Каракумскага краю з Беларуссю. Зусім нядаўна Багуль паведаміла, што ў рэдакцыях туркменскіх выданняў, а таксама кіраўніцтвам выдавецкай службы гэтай краіны прынята рашэнне пра пашырэнне прасторы публікацый твораў беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на туркменскую мову.
— Беларуская літаратура для нас — гэта мост у Еўропу, магчымасць зазірнуць у іншыя мастацкія, літаратурныя прасторы, — заўважае Багуль Анабаева. — У маёй памяці тая падтрымка, якую беларусы аказалі мне асабіста публікацыямі маіх твораў у перакладзе на беларускую мову. Ірына Качаткова пераклала апавяданне «Партрэт». Яно было надрукавана ў газеце «Літаратура і мастацтва» ў верасні 2015 года. Для мяне было і застаецца вялікім гонарам, што ва ўрэзцы да публікацыі прагучалі імёны нашых класікаў — Агагельды Аланазарава, Атамурада Атабаева, Набаткулі Рджэпава, Героя Туркменістана Газель Шакуліевай, Камека Куліева. На той час усе яны працавалі ў літаратуры, радавалі чытача сваімі творамі. А ў часопісе «Полымя» праз пяць гадоў было надрукавана яшчэ адно маё апавяданне — «Лагода». У перакладзе Алеся Карлюкевіча.
У свой час «Мастацкая літаратура» выпускала серыі кніг, якія знаёмілі з іншымі нацыянальнымі літаратурамі, — «Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР». І туркменская проза і паэзія заўжды былі ў полі зроку беларускіх перакладчыкаў.
— Сёння нашы выданні — газета «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва»), часопісы «Гарагум» («Каракум»), «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») надзвычай уважлівыя да беларускай паэзіі і прозы, — расказвае Багуль Анабаева. — Джума Мулкіеў, Максат Бяшымаў, Аннамухамет Кіршэн, Чэмен Анабердыева і іншыя мае калегі звярнуліся да творчасці сучасных беларускіх пісьменнікаў, пераўвасобілі іх вершы, апавяданні на туркменскую мову. У многім гэтай працы спрыяюць добрыя стасункі з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, з рэдакцыямі беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў. Ведаем, што ў СП Беларусі працуе секцыя мастацкага перакладу.
І ўдзячны яе кіраўніку Рагнеду Малахоўскаму, што творы туркменскіх паэтаў час ад часу з’яўляюцца на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» у раздзеле «Дыпламатыя перакладу». Мы ўдзячны руплівасці галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», старшыні секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктару Шніпу, які на працягу многіх гадоў уважліва ставіцца да туркменскай паэзіі, выступае яе перакладчыкам. Вось і мы вырашылі, што беларуска-туркменскія літаратурныя сувязі прыйшлі да таго стану, што мы абавязаны працу над перакладамі з беларускай паэзіі і прозы аформіць, вылучыць асобным творчым праектам.
Бягуль Анабаева заўважыла, што цяпер у партфелях і «Эдэбіят ве сунгат», і часопісаў «Гарагум» і «Дунья эдэбіяты» — падрадкоўнікі, рускія пераклады яркіх вершаў, апавяданняў беларускіх творцаў. Менавіта яны і стануць асновай для шматабсяжнай працы туркменскіх літаратараў над пераўвасабленнем здзяйсненняў беларускіх пісьменнікаў.
Сяргей ШЫЧКО