Рэжысёрам першай айчыннай карціны пра школьнае жыццё стаў Кірыл Халецкі, аўтарам сцэнарыя — Андрэй Курс, кампазітарам Максім Пятруша. У фільме пакажуць розныя поры года, запланавана 35 здымачных дзён з лютага да мая. На экране абяцаюць вельмі «смачныя» кадры з пункту гледжання аператарскай работы.
Асаблівы статус карціне надае той факт, што ў ёй здымецца міністр культуры Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі. «Руслан Іосіфавіч зацверджаны на ролю кіраўніка камісіі па размеркаванні ў БДПУ яшчэ да свайго назначэння на пасаду міністра культуры. Роля эпізадычная, але яркая, у яго характары і тыпажы, таму мы вельмі чакаем, што нічога не зменіцца і Руслан Іосіфавіч далучыцца да нас у маі, калі і будзе здымацца яго сцэна, — распавядае рэжысёр. — Сярод вядомых артыстаў таксама — Тамара Міронава, якая выканае ролю каменданта інтэрната, Віктар Рыбчынскі, Святлана Нікіфарава, Алег Ткачоў і іншыя».
У першы дзень здымалі важную размову, якую плануецца паказаць у фільме прыкладна праз 20 сцэн, па сутнасці, сярэдзіну карціны. «У кіно не ўсё ідзе па парадку. Гэта робіцца спецыяльна, каб героі адразу паглыбіліся ў гісторыю і настроіліся як след на патрэбны лад, — тлумачыць Кірыл Халецкі. — Хачу звярнуць увагу на тое, што гэта не проста нейкае забаўляльнае кіно, хоць мы і ствараем цікавы і прывабны фільм. Гэта праект сацыяльнага значэння, бо ў ім распавядаецца пра вельмі важную для нашага грамадства прафесію. Мы нават не задумваемся, колькі сіл у нас укладваюць настаўнікі, нягледзячы на свае жыццёвыя клопаты і хваляванні па-за школай. І менавіта пра гэта наша кіно. Такім чынам, фільмам мы павышаем прэстыж прафесіі настаўніка і яго аўтарытэт у грамадстве. Калі пасля выхаду „Класнай“ у БДПУ будзе аншлаг, значыць, мы ўсё зрабілі правільна. Але мяне задаволіць, калі пасля прагляду людзі патэлефануюць сваім класным і даведаюцца, як у іх справы».
Назва «Класная» абрана невыпадкова. Кіно распавядзе пра дзяўчыну, якая пасля заканчэння педагагічнай ВНУ трапіла па размеркаванні ў аграгарадок, дзе стала класным кіраўніком 11 класа. Абставіны ўскладняе тое, што з вучнямі ў настаўніцы невялікая розніца ва ўзросце (ім — па 16–17 гадоў, ёй — 24), таму школьнікі не ўспрымаюць яе сур’ёзна.
На думку Кірыла Халецкага, выканаўца галоўнай ролі — актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Ірына Мароз — стапрацэнтнае пападанне ў вобраз, бо яна яшчэ наіўная, шчырая, улюбёная ў прафесію. У кадры будуць рэальныя дзеці, якія выканаюць ролі адзінаццацікласнікаў, бо рэжысёр прынцыпова не хацеў браць 25—30-гадовых акцёраў. «Работа з дзецьмі, канешне, крыху ўскладняе здымачны працэс, бо гэта не прафесійныя акцёры. Але мы вырашылі рабіць усё па максімуме, таму не шукаем лёгкіх шляхоў, — прызнаецца Кірыл Халецкі. — У нашым фільме здымецца і цік-токер Кірыл Малышаў, каб падагрэць цікавасць да стужкі. Імкнёмся стварыць сучаснае яркае кіно, а не нейкае занудства, таму будзе многа экшну, нават давядзецца працаваць з каскадзёрамі і дублёрамі, бо ў сцэнарыі ёсць розныя няпростыя сітуацыі».
Ірына Мароз прызналася, што з ахвотай чакае сцэн, дзе ёй трэба будзе знаходзіць агульную мову з вучнямі. Станаўленне маладога педагога ў прафесіі яна лічыць актуальнай і вострай тэмай. «Гісторыя „Класнай“ узята з жыцця. Сітуацыя, калі маладога спецыяліста размяркоўваюць у школу, а некаторыя падлеткі не ўспрымаюць яго як настаўніка з-за невялікай розніцы ва ўзросце, даволі распаўсюджаная. Гэта ў вопытных, сталых педагогаў ужо вялікі аўтарытэт! — разважае Ірына Мароз. — Хочацца, каб наш фільм дапамог маладым педагогам знайсці падыход да дзяцей і застацца ў прафесіі, а самі вучні няхай пачнуць больш прыязна ставіцца да іх. Вядома, і тым, і другім няпроста ў школе і ў жыцці, таму, я лічу, праект „Класная“ ў духу нашага часу».
Актрыса ўпэўнена, што карціна падыдзе для сямейнага прагляду, бо ў стужцы будзе многа сапраўды цікавага пра адносіны людзей і, канешне, рамантычная лінія. «Я вырасла на такіх добрых вядомых фільмах, як „Службовы раман“, „Каханне і галубы“, „Іронія лёсу, ці З лёгкай парай“, мы таксама будзем ствараць душэўнае кіно. І ўсё ж мая пазіцыя: трэба натхняцца майстэрствам сваіх папярэднікаў, але рабіць нешта новае, цікавае для гледача. Для мяне гэта вельмі важны праект, бо я ўпершыню выканаю галоўную ролю ў поўнаметражным фільме. Адчуваю вялікую адказнасць і таму, што са мной упершыню будзе здымацца чатырохгадовая дачка. Для мяне як для маці гэта вельмі хвалюючы момант, як усё пройдзе, ці спадабаецца ёй. Дачка будзе іграць маю малодшую сястру».
Ірына Мароз вучылася не ў аграгарадку, а ў баранавіцкай СШ № 10. У яе засталіся вельмі цёплыя ўспаміны, з некаторымі настаўнікамі да гэтай пары бачыцца, калі прыязджае. «Вядома, нейкія рысы характару сваіх школьных педагогаў у вобраз класнай я бяру. Аднак хацела б прыўнесці яшчэ і нешта сваё асабістае, таму гэта будзе хутчэй зборны партрэт настаўніцы. Мая мара — каб, паглядзеўшы наш фільм, усе з цеплынёй думалі пра школу незалежна ад таго, хто, калі і дзе вучыўся», — падсумавала актрыса.
Падчас першага здымачнага дня ўдалося пагутарыць і з іншымі акцёрамі. «Мой персанаж — станоўчы чалавек, ён добры, надзейны, душа кампаніі, — кажа акцёр Аляксей Анісеня. — Гэта ўжо другі фільм з Кірылам Халецкім, але ў „Кіношніках“ у мяне быў герой-антаганіст, а тут — поўнае пападанне, бо ў настаўніка інфарматыкі, ролю якога мне даверылі, шмат маіх рыс характару. Акрамя таго, я вельмі любіў гэты прадмет у школе. Але, паколькі ў маёй сям’і настаўнікаў няма, трэба будзе прымяраць на сябе прафесію. Мне цікава паглыбіцца ў школьнае жыццё аграгарадка, бо я сам з Віцебска і вучыўся там жа. Спадзяюся, маім настаўнікам фільм спадабаецца!»
Святлане Нікіфаравай дастаўся даволі складаны персанаж — завуча, па сутнасці, адмоўнай гераіні. Аднак актрыса, наадварот, рада: «Гэта чалавек, які любіць сваю працу і цалкам аддаецца ёй. Так, яна робіць памылкі, але паводзіны завуча можна апраўдаць. Калі прачытала сцэнарый, у мяне нават навярнуліся слёзы, бо ў першую чаргу я пабачыла жанчыну. Школа і ёсць яе сям’я, бо сваіх дзяцей няма, яна засталася без мужа. І гэта драматычная сітуацыя. Ёй няма з кім падзяліцца горам, свае пачуцці яна хавае ад іншых глыбока ўнутры. Такую ролю вельмі цікава выконваць».
Святлана Нікіфарава згадала, што яе любімы фільм пра школу — «Дажывём да панядзелка». І калі ён толькі выйшаў, яна была вельмі ўражана ігрой Вячаслава Ціханава і Ірыны Пячэрнікавай. Для яе гэта — прыклад добрага фільма пра педагогаў. Але цікавых гісторый на тэму стасункаў настаўнікаў і вучняў у нашым савецкім мінулым сапраўды дастаткова («Вялікая перамена», «Госця з будучыні», «Прыгоды Электроніка» і г. д.).
Цяпер настаў час ствараць роднае цікавае кіно пра школьную пару.
«Я шчаслівая, што нарэшце ў нас з’явіцца свая карціна, якая зноў узнімае адвечнае пытанне стасункаў дзяцей і дарослых. Сама з ахвотай яе пагляджу. Для мяне гэтае кіно ў першую чаргу пра падлеткаў. Магчыма, я сама неяк не так успрымала свайго сына ў гэтым узросце, — дзеліцца думкамі Святлана Нікіфарава. — Цяпер яму трыццаць, але ён для мяне ўсё роўна дзіця на ўсё жыццё. Як маці разумею, што такія фільмы вельмі патрэбны для выхавання дзяцей. А яшчэ яны дапамагаюць бацькам, дзецям і настаўнікам паглядзець на сябе збоку».
Вядома, галоўную ацэнку «Класнай» паставіць глядач, але выдатна ўжо тое, што «Беларусьфільм» адкрыў новую старонку ў гісторыі нацыянальнага кіно. Будзем чакаць прэм’еры, якую абяцалі сёлета.
Ірына ПРЫМАК
Фота Лізаветы ГОЛАД