Пераможцай у такім прэстыжным конкурсе гэтая кніга стала невыпадкова. Таму што нікога не пакіне абыякавым яе змест. А ён такі цікавы, займальны і змяшчае столькі неабходнай і карыснай для дзяцей інфармацыі, што твор смела можна назваць своеасаблівай энцыклапедыяй паводзін для малышоў. А самае важнае — твор нясе пазітыўны настрой, вучыць дабру і справядлівасці.
На маю думку, ён дастойны сапернік, процівага нашумелай калісьці кнігі пра Гары Потэра. Дзякуй богу, сціх ажыятаж вакол тых тэкстаў, у якіх галоўны герой — хлапчук − вядзе сябе дзёрзка, нахабна, прапагандуецца непаслухмянства, можна сказаць, хуліганства. Карацей, нічога добрага. Але ж пэўныя сілы настойліва прасоўвалі яўна адмоўнага персанажа ў якасці героя для дзяцей...
Дык вось Наталля Шастакова стварыла праўдзівы калектыўны вобраз героя — гэта дапытлівыя, сумленныя, настойлівыя ў дасягненні высакародных мэт, добра выхаваныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія паважаюць сваіх бацькоў і старэйшых людзей. Яны дрэнна сябе пачуваюць, калі побач хтосьці робіць нешта нядобрае, імкнуцца быць справядлівымі і прынцыповымі. Безумоўна, дзеці ёсць дзеці, у кожнага — свой характар, а ў асобных з іх часам прарываюцца негатыўныя паводзіны, але ж яны самі або з дапамогай сяброў-аднакласнікаў ці настаўнікаў прыходзяць да ісціны, выпраўляюць свае памылкі. Напрыклад, адзін з персанажаў кнігі — Дзіма Шурупаў — непрыгожа паводзіў сябе ў школьнай сталовай, нават скінуў на падлогу катлету ды яшчэ спіхнуў віну на іншых. Тут ужо праявілася рыса таго самага Гары Потэра. Але ж аднакласніца смела выкрыла гэты агідны ўчынак Дзімы. Тут аўтар умела выкарыстоўвае выхаваўчы момант.
А галоўныя героі — Платон Бярозкін і Вася Ванечкін — могуць быць узорам для дзяцей: любяць і шануюць родную прыроду, яе насельнікаў. Без сумнення, запомніцца юным чытачам эпізод, як гэтыя хлапчукі хвалююцца, перажываюць, калі па іх віне загінуў прыгожы матылёк. Аднак і яны не ідэальныя, і з імі здараюцца непаразуменні. Так, калі бацькі купілі мабільны тэлефон для Васі, а ён не адразу дазволіў сябру Платону пакарыстацца ім, адбыўся непрыемны інцыдэнт, сябры на нейкі час пасварыліся.
У творы заўсёды да месца выкарыстоўваюцца шматлікія прыказкі, прымаўкі, выслоўі, яны вучаць народнай мудрасці.
Новая кніга Наталлі Шастаковай, якая сама працавала педагогам дадатковай адукацыі ў сельскай школе і выдатна ведае псіхалогію дзяцей, не будзе залежвацца на паліцах у бібліятэках. А калі яе набудуць у кнігарнях бацькі для сваіх дзетак, то не пашкадуюць, бо твор гэты стане надзейным памочнікам у выхаванні падрастаючага пакалення!
Міхась СЛІВА