Top.Mail.Ru

Браты Пруднікавы праславілі на ўсю Беларусь роднае паселішча

Аўтар: Алесь Марціновіч
14.02.2025 | 07:00

Вёска Стары Дзедзін цяперашняга Клімавіцкага раёна вядома не толькі тым, што ў ёй нарадзіліся два паэты: 14 красавіка 1910 го-
да — Алесь Пруднікаў, а 14 ліпеня 1911-га — Павел Пруднікаў. 

Да ўсяго яны — стрыечныя браты. Некаторыя штрыхі з біяграфіі брата Павел Іванавіч апублікаваў у сваіх успамінах «Яго забыць нельга», надрукаваных у зборніку «Дзень паэзіі — 71». Пакінуў і некаторыя іншыя згадкі пра яго. Аднак, паколькі Алесь Пруднікаў пражыў усяго 31 год, яны не надта багатыя на фактычны матэрыял. Але па іншых публікацыях відаць, што сваякі па жыцці і творчасці не толькі рана да паэзіі далучыліся, але і праславілі на ўсю Беларусь роднае паселішча. 


Адбылося ўсё пасля таго, як летам 1926 года селянін Старога Дзедзіна Трафім Гудкоў, аручы ўласны надзел зямлі, знайшоў гліняны гаршчок. Адкрыў яго, а там — незнаёмыя манеты. 

У вёсцы толькі і гаворкі было пра гэтую знаходку. Зацікавіліся ёю і браты Пруднікавы. Нягледзячы на юны ўзрост, яны ўжо спрабавалі пісаць вершы, іх лічылі мясцовымі паэтамі. Да ўсяго пісалі і допісы ў газеты. Асабліва старэйшы. Матэрыял жа аб знойдзеных манетах напісалі разам і паслалі ў газету «Беларуская вёска».

Манеты ж хутка трапілі ў Акадэмію навук БССР. Убачыўшы іх, навукоўцы не хавалі захаплення: рэдка так шанцуе. 204 са схаваных манет, за выключэннем трох, былі дырхемы. Гэтая рабская сярэбраная манета, уведзеная ў абарот у канцы VII стагоддзя. Яны чаканіліся ў Багдадзе, Самаркандзе, Бухары, іншых месцах. Відаць, праз Стары Дзедзін некалі праходзіла адно з адгалінаванняў шляху з варагаў у грэкі. А схаваў гэтыя манеты нейкі багаты гандляр.

Здавалася б, браты Пруднікавы пасля такога навуковага адкрыцця, няхай сабе і ўскосна далучаны да яго, выберуць прафесію, звязаную з гісторыяй. Ды выбар, па сутнасці, імі ўжо быў зроблены, калі пачалі пісаць вершы. Існавалі і аб’ектыўныя прычыны. Асабліва разлічваць на дапамогу не выпадала. Павел нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. У Алеся абставіны склаліся яшчэ горш. У тры гады застаўся без бацькі. Яго са старэйшым братам Сымонам і сястрой Марыяй выхоўваў айчым. Не да вучобы было. Праўда, у пачатковую школу пайшоў, як і трэба, у 1917 годзе. Але тры класы — скончыў толькі ў 1925-м. Прычына — грамадзянская вайна, разруха... Скончыўшы ў 1929 годзе Мілаславіцкую сямігодку, усяго год вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме. 

Прычына, відаць, ранейшая: трэба дбаць пра хлеб надзённы. У 1930-м ўдзельнічаў у будаўніцтве чыгункі Асіповічы — Магілёў — Рослаў. Пераехаўшы ў Мінск, працаваў чорнарабочым на будоўлях. Пасля ўладкаваўся на кніжную базу. Быў стыльрэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэпарцёрам БелТА. Год правучыўся на творчым аддзяленні літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута. Пасля службы ў арміі працаваў у рэдакцыі клімавіцкай раённай газеты «Камунар». 

Дэбютаваў як паэт у 1930 годзе. Ды не ў адным выданні. Яго вершы былі змешчаны ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена». Наступны год таксама стаў плённым. Пашырылася і кола выданняў, у якія прапаноўваў свае творы. 

Ужо стаў не толькі аўтарам «Маладняка» і «Узвышша». Выйшаў на старонкі часопісаў «Полымя», «Чырвоная Беларусь», газеты «Калгаснік Беларусі» (цяперашняя «Сельская газета»), «Рабочий» (сёння «СБ. Беларусь сегодня»). Публікацыя ў «Полымі» адметная тым, што ў гэтым аўтарытэтным часопісе выступіў з паэмай «Зямныя зоры». Яна дала і назву яго першай, на жаль, адзінай кнізе, якая выйшла ў 1932 годзе. 

На яе адгукнуўся ў «ЛіМе» Павел Кавалёў. Назва рэцэнзіі, праўда, не прэтэндавала на арыгінальнасць — «„Зямныя зоры“ Алеся Пруднікава». Аднак адпавядала зместу асобных строф, у якіх апяванне роднай зямлі займала далёка не апошняе месца. Аднак Алесь Пруднікаў вылучаўся тым, што на матэрыяле, які для гэтага нібы і не падыходзіць, паспрабаваў суаднесці дзень сённяшні з учарашнім.

Сведкамі розных падзей выступаюць два неадушаўлёныя персанажы. Першы з іх — рака, якая шмат пабачыла на сваім вяку. У гэтым упэўнівае ўжо раздзел «Замест уступу»:

Люстрам зялёным вады
легла усцяж рака;
па берагах крутых
скібы раскідала скал.

Многа прайшла шляхоў,
многа стварыла лук,
хваляў сваіх сахой 
кроіла роўны луг.

«Скібы скал», «хвалі скал», «роўны луг, пакроены ракою» — не сумняваюся, шмат хто і з сучасных паэтаў, асабліва маладых, можа пазайздросціць такой назіральнасці, вобразнаму ўспрыманню рэчаіснасці. А вось млын, з’яўляючыся прадметам неадушаўлёным, ператвараўся ў пакрыўджанага лёсам:

...Тут, як жабрак-сірата,
стаяў над вадою млын
і прагна ваду глытаў
зяхам вірлівых глыб.

Можа, прайшлі б гады
і млынавы след знік бы,
як на паверхні вады
кругі некранутыя нікнуць...

На кнігу «Зямныя зоры» адгукнуўся менавіта Павел Кавалёў невыпадкова. Пры газеце «Камуна» раней працавала літаратурнае аб’яднанне. Алесь Пруднікаў аднавіў яго. Раней у «Камуне» друкаваліся Аляксей Кулакоўскі і той жа Павел Кавалёў, якія потым сталі знакамітымі беларускімі пісьменнікамі. То чаму б не падтрымаць пабраціма па пяры?

Аднак творы Алеся Пруднікава, апублікаваныя ў 1930 годзе, не першыя яго вершы. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца і верш «***Зацвітаюць бялявыя вербы...», датаваны 16 чэрвеня 1929 года. Па змесце відаць, што ў ім малады паэт спрабаваў паэтычна перадаць хараство роднай прыроды, блізкай яму з маленства. Безумоўна, яму хацелася, каб гэта адрознівалася ад таго, што прамаўляюць іншыя творцы. Але жаданне сарыгінальнічаць не дало належнага выніку. Вобразы хоць і нечаканыя, але надуманыя:

Як квітнела ў тумане свяча —
залаціў месяц нечую голень,
можа, клёна ды ліпу вянчаў,
можа, дзеўчына спала на полі.

Не выратоўвае твор і тое, што следам за гэтымі ідуць радкі, у якіх лірычны герой ужо не толькі сузіральнік. Ён па-свойму выказвае жаданне заўсёды быць з гэтай зямлёй: «Ой, калі ўсеецца дымам // ды пялёсткі пасыпле на жвір, // а калоссі зярняты падымуць // чалавечай вышэй галавы, — // прысланюся пад шатамі ясеня... // Струны крануцца надзіва. // І радзіма тады не пагасне у песнях маіх лебядзіных». Нават не верыцца, што гэта і наступнае напісана адным і тым жа аўтарам. Усяго год прайшоў, але лірычны герой зусім ужо іншы. Не толькі таму, што перабраўся ў горад. Ён спрабуе, як і кожны, разабрацца у новай для яго рэчаіснасці. Не ўсё спачатку падабаецца, ёсць нават і тое, ад чаго не па сабе:

Ноч глухая...
Цярушыцца снег,
Затапляецца ў зарыве горад.
Месяц плечы кастлявыя гне —
Падымаецца ціха ўгору.

Ад чаго і роздум — зусім не радасны: «Я стаю. // Доўга думаю я... // І не верыцца нават самому, // Што мяне ўзгадавала зямля // Каля гумен, прапахлых саломай. // Дзесьці крок рыфмуе цягнік... // Гуд губляецца // Ў шпаркім разбезе...» Ды толькі ўсё гэта жыццё. Не тое, у якім жыве звычайны чалавек, нешта адмаўляючы, штосьці ўспрымаючы. У таго, хто надзелены паэтычным бачаннем рэчаіснасці, іншае жаданне: «Зацвітае ў маёй крыві // Малая пара паэзіі». Пасля такога ўсведамлення горад, які спачатку падаецца чужым, паўстае іншым:

Ноч прайшла.
Пачынаецца дзень.
Свечкі зор патухаюць, бы ў моры...
...Ты сустрэўся сягоння мне
Невыказнаю радасцю, горад.

Лірычны герой Алеся Пруднікава быў напоўнены звонам абшараў новай зямлі. «Звоняць абшары» — адзін з яго вершаў. Гэты звон адгукаўся і ў сэрцах чытачоў. Пра пору, пасля якой пачынаецца зіма, напісана: «Восень звонкая — звіняць абшары, // Павуціны сцелюцца па полю... // Манеўруюць качкі ў падхмар’і // Над празрыстым люстрам вадапою». Думкі ў лірычнага героя не толькі тужлівыя. Прычына для таго часу зразумелая, ён радуецца новаму жыццю. Па-свойму радуецца. Двума радкамі пра гэта гаворыць. Але так упэўнена:

Я стаю. У садзе дрэвы зябнуць.
Думы рвуцца ў палявую цемень...
Асыпаецца лістота з яблынь
На палёў абстрыжанае цемя.
Не шкадую згубенай красы іх,
Не сумую больш па іх увечар.
Зразумеў, што на прасторах сініх
Шлях другі праложан чалавекам. 

І як да сябе самога, так і да іншых гучыць заклік, асабліва блізкі ў час абнаўлення, калі верылася толькі ў добрае і харошае, а небасхіл наперадзе ўяўляўся такім заманлівым і жаданым. І не толькі пра саміх сябе думалася, але і пра нашчадкаў. Хацелася і для іх працаваць, каб зямля твая стала і іх зямлёю, але была яшчэ больш шчаслівай: «Я пайду на шторм свайго імкнення, // У страі тварцоў да мэты мчацца, // Каб тварыць другому пакаленню // На зямлі маёй зямное шчасце!».

Сувязь з Беларуссю ў Алеся Пруднікава перапынілася ў 1936 годзе, калі паступіў у Ленінградскі педагагічны інстытут. Зразумела, з землякамі перапісваўся, прынамсі, з Паўлам Пруднікавым. Але ўзнікае пытанне: а чаму выбраў такую далёкую ад родных мясцін навучальную ўстанову? Відаць, гэта звязана са спецыялізацыяй літаратурнага факультэта, на якім атрымліваў веды. Ён рыхтаваў кадры для тагачаснай Аўтаномнай Карэльскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Павел Пруднікаў успамінаў, што «гэтая казачная краіна даўно вабіла да сябе маладога паэта, і ён быў рады выкарыстаць выпадак». Карэлія ж, як вядома, — не толькі дзівосны край, але і багаты фальклор. Найперш карэла-фінскі паэтычны летапіс «Калевала», які складаецца з 50 рун — так называюцца тамашнія народна-эпічныя песні.

Скончыўшы інстытут ў 1936 годзе (навучанне было паскоранае), настаўнічаў у Спаскагубскай сярэдняй школе Пятроўскага раёна, потым быў у ёй завучам, пасля працаваў інспектарам Пятроўскага раёна. Асноўная праца не перашкаджала паспяхова займацца творчасцю. За тры гады напісаў кнігу вершаў, некалькі паэм, апавяданняў. Праявіў сябе і ў новым кірунку, да якога прывяло знаёмства з «Калевалай». 

Прачытанне гэтага ўнікальнага твора ў рускім перакладзе падштурхнула самому заняцца запісам мясцовага фальклору. Як і заўсёды, працаваў з вялікай энергіяй і натхненнем. Балазе, як пераканаўся, у гэтай сферы непачаты край работы. Хоць аўтар запісаў рун для «Калевалы» Эліяс Лёнрот і зрабіў вялікую работу, іншыя жанры чакалі сваіх даследчыкаў. У выніку Алесь Пруднікаў назбіраў цэлы том унікальных матэрыялаў. Як цяпер кажуць: аўтэнтычных. Па прыездзе ў Мінск збіраўся занесці рукапіс у Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Пра гэта паведаміў Паўлу Пруднікаву ў лісце, адпраўленым у маі 1941 года.

Толькі па радыё прагучала выступленне Вячаслава Молатава аб нападзе Германіі на Савецкі Саюз, у Петразаводску адбыўся агульнагарадскі мітынг, на якім удзельнікі падавалі заявы з просьбай адправіць на фронт. Падобныя мітынгі праходзілі паўсюдна. Усяго за месяц было 10 тысяч заяў. Адну з іх напісаў і Алесь Пруднікаў. 

Спачатку знаходзіўся ў народным апалчэнні, пасля стаў разведчыкам знішчальнага батальёна. Як і іншыя, часта глядзеў смерці ў твар. Як і іншыя, нярэдка трапляў у сітуацыі, у якіх толькі цудам заставаўся жывым. У баі 5 жніўня 1941 года каля вёскі Утукі тагачаснага Пятроўскага, цяперашняга Кандапожскага раёна Карэліі, па сцвярджэнні Паўла Пруднікава, «трапіў у рукі фашысцкіх карнікаў. 5 жніўня 1941 года пасля цяжкіх катаванняў ворагі яго павесілі». 

Прыгадаўшы заключныя радкі з верша «*** Зацвітуць бялявыя вербы...», можна сказаць, што надта рана песня яго стала лебядзінай. Але «маладая пара паэзіі» Алеся Пруднікава не павінна забывацца... 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю