Top.Mail.Ru

Чаго чакаць ад «Чорнага замка»?

Аўтар: Ірына Прымак
11.12.2024 | 12:13

Не памылюся, калі назаву «Чорны замак Альшанскі» ці не адной з найлепшых кніг Уладзіміра Караткевіча. У ёй ёсць усё, за што і любяць яго творчасць: таямніцы, любоў да свайго краю і беларускай гісторыі, глыбіня і шматслойнасць успрымання сюжэта ў залежнасці ад досведу чытача, рамантычнасць, багатая лексіка, цікавы сюжэт, які інтрыгуе і трымае да фіналу. Менавіта таму дзіўна, што гэты твор экранізаваўся толькі аднойчы: у 80-я гады мінулага стагоддзя сваё прачытанне Караткевіча прапанаваў Міхаіл Пташук, прычым здымкі вяліся не ў Беларусі. Аўтарам сцэнарыя быў сам Уладзімір Сямёнавіч, таму тая стужка была блізкая да сюжэта яго твора. Ніхто доўга (болей за 40 гадоў!) не адважваўся прапанаваць сваю версію знакамітай і любімай многімі пакаленнямі кнігі Караткевіча. І нарэшце мы дачакаліся!


src="https://zviazda.by/sites/default/files/field/image/14_36.jpg" width="800">

Фота: БелТА

Сёлета адбудзецца прэм’ера «Чорнага замка». І гэта вялікі падарунак усім аматарам айчыннага кіно ў год яго векавога юбілею. 

— Прэм’ера ў Беларусі і Расіі прызначана на 12 снежня. Мы лічым «Чорны замак» адным з самых доўгачаканых фільмаў 2024 года, — з гонарам падкрэсліў на перадпрэм’ерным паказе стужкі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Павел Скалабан. — Будзем спадзявацца, што фільм добра прымуць гледачы. Акрамя таго, мы разлічваем на яго ўдзел у розных кінафестывалях, бо работа таго вартая.

Павел Вітальевіч таксама паведаміў, што «Чорны замак» —сумесны праект Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» з расійскай кампаніяй «Нью Арт Сінема Прадакшн». Паколькі рэжысёрам-пастаноўшчыкам з’яўляецца грузін Канстанцін Эсадзэ, гэту работу можна сапраўды назваць міжнароднай. 

Гэта не экранізацыя, фільм зняты па матывах кнігі «Чорны замак Альшанскі», таму расійскі рэжысёр-пастаноўшчык Кірыл Кузін параіў прыхільнікам твора глядзець яго стужку як зусім новае кіно. Раней ён наогул не быў знаёмы з творчасцю Уладзіміра Караткевіча, у дзяцінстве бачыў толькі фільм «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аднайменнай кнігі пісьменніка. А вось прадзюсар і аўтар сцэнарыя, наш зямляк Глеб Шпрыгаў, наадварот, чытаў «Чорны замак Альшанскі» болей за 10 разоў. Ён прызнаўся, што з’яўляецца вялікім прыхільнікам гэтага гістарычнага дэтэктыва і таму менавіта да яго прыйшла ідэя стварыць новую версію.

— Караткевіч стварыў шматгранную гісторыю, таму яе вельмі складана экранізаваць — настолькі многа ў ёй часавых пластоў і глыбіні, філасофскага падтэксту, — дзеліцца цяжкасцямі, з якімі яму давялося сутыкнуцца пры стварэнні сцэнарыя, Глеб Шпрыгаў. — Каб змясціць сюжэт у адзін фільм, ад чагосьці прыйшлося адмаўляцца, і гэта было вельмі няпроста! Аднак мне здаецца, што ад агульнай сутнасці рамана мы не адышлі. Хочацца верыць, што ўважлівы глядач убачыць і ацэніць тую павагу, з якой мы ставіліся да кнігі і творчасці Караткевіча, ствараючы гэтае кіно.

Глеба Шпрыгава можна назваць рызыкоўным чалавекам, бо ён дазволіў сабе перапісаць класіка. Падзеі кнігі перанесены з 70-х гадоў мінулага стагоддзя ў наш час. Галоўны герой Косміч значна памаладзеў. Гэта сучасны хлопец, які паспявае і круціць раманы, і кіраваць сваім антыквартным магазінам, і нават лекцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы чытаць. Ён уражвае ведамі гісторыі Беларусі ў такім маладым ўзросце і сваёй спартыўнай формай (далей без падрабязнасцей, каб не было спойлераў). А можа, гэта і добра, каб у маладога пакалення з’явіўся новы герой — харызматычны, разумны, мужны, гэтакая мешаніна Індыяна Джонса і прафесара Лэнгдана. 

Як растлумачыў рэжысёр Кірыл Кузін, фільм створаны з прыцэлам на кінапракат, таму стужка звярнула ў забаўляльны бок, а і яе галоўны герой такога ўзросту, каб чапляць асноўную кінааўдыторыю. Канечне, гэта зусім не значыць, што людзям у больш сталым узросце глядзець фільм будзе нецікава. Кожны знойдзе ў ім нешта сваё. Напрыклад, аўтар гэтых радкоў у час перадпрэм’ернага прагляду атрымлівала асалоду ад аператарскай працы — у фільме наша краіна паказана з вялікай любоўю. Лакацыі, у якіх пабывала здымачная група, сапраўды ўражваюць — настолькі вялікая геаграфія і прыгожыя краявіды. Тыя, хто шмат вандруе, з лёгкасцю пазнаюць любімыя вуліцы і знакамітыя беларускія славутасці, кавалачкі маршрутаў для пешаходных прагулак. Спецыяльна не стану называць гэтыя месцы, каб не ўплываць на ўражанне гледача ад фільма. Будзьце гатовыя да сюрпрызаў, бо часам героі ўваходзілі ў будынак у адным рэгіёне Беларусі, а выходзілі ў іншым. 

— Раней я не ведаў, што ў Беларусі настолькі вялікі турыстычны патэнцыял, — прызнаўся рэжысёр. — Падчас вандроўкі па ўсёй краіне і выбару цудоўных лакацый быў прыемна здзіўлены хараством мясцін, дзе запланавалі здымаць фільм. Калі вы добра знаёмыя з беларускай архітэктурай, то будзеце здзіўляцца, таму што мы заходзім у аб’ект у Мінску, узнімаемся па ім у Гродне, а выпадаем з яго ў Віцебскім раёне. Мова кнігі, вядома, адрозніваецца ад мовы кіно — працавалі па законах драматургіі і стваралі стужку для сучаснага гледача, які праз 20 хвілін можа захацець паглядзець у свой тэлефон. Але зрабілі ўсё магчымае, каб ён не адарваўся ад кінаэкрана.

Мяркую, аматарам Караткевіча будзе цікава даведацца, як кіношнікам удалося стварыць інтэр’еры замка ў памяшканнях «Беларусьфільма». Вялікая ўдача, што, як і ў фільме «Чорны замак Альшанскі», аўтарам сучаснага фільма ўдалося сумясціць на экране дзве рэальнасці (паралельна падзеі адбываюцца і ў XVII стагоддзі). Аматары гісторыі змогуць ацаніць прыгожыя гістарычныя касцюмы, сцэны бою, скачкі. Мастак-пастаноўшчык Наталля Наваенка адзначыла, наколькі няпроста і адначасова цікава было ствараць гістарычную частку карціны, бо ўсё, акрамя палёў, лясоў і рэк, рабілася рукамі дэкаратараў і мастакоў, а гэта тытанічная праца. 

— Я наогул люблю здымацца ў гістарычным кіно, таму што адпаведныя падзеі і гістарычныя касцюмы дапамагаюць пражываць ролю, — дзеліцца ўражаннямі ад здымак у «Чорным замку» народны артыст Расіі Віктар Вяржбіцкі. — У фільме задзейнічаны акцёры розных кінашкол і тэатраў, але мы ўсе здолелі стаць адзіным ансамблем, таму што вельмі паглыбіліся ў эпоху. Хвалююся, што скажа глядач, але, паверце, уся здымачная група паставілася да гэтай работы з вялікай адказнасцю. Канечне, мне як артысту маёй ролі не хапіла, бо заўжды хочацца раскрыць героя яшчэ больш. Але мне сапраўды было цікава ўжывацца ў свой вобраз.

Віктар Вяржбіцкі прызнаўся, што ў кіно працаваць складаней, бо ў тэатры можна нешта перарабіць у іншым спектаклі, з часам палепшыць сваё майстэрства дзякуючы рэпетыцыям, а ў кадры менш часу. 

— Вельмі адказна працаваць, калі кіно здымаецца па любімай кнізе вялікай колькасці людзей. Зразумела, мы шчыльна працавалі з аўтарам сцэнарыя. Ён расказваў нам пра гістарычныя мясціны і важныя моманты ў творы. 

У мяне былі эпізоды ў выдатным Мірскім замку! Гэта такі цікавы досвед, — згадаў прыемныя моманты артыст.

Акцёрская ігра сапраўды ўражвае! Персанажам верыш, ніхто не выпадаў з гістарычнага кантэксту, нават у эпізадычных ролях зняліся вядомыя акцёры, якія ўпрыгожылі фільм, напрыклад, Руслан Чарнецкі. Магчыма, хтосьці прадстаўляў іншымі Стасю Рэчыц ці Лыганоўскага, але гэта ўжо рэч суб’ектыўная. На маё пытанне наконт кастынгу на галоўныя ролі рэжысёр адказаў так:

— Амаль усе акцёры праходзілі пробы, нават Яўген Стычкін. Толькі Віктара Вяржбіцкага спецыяльна запрасілі на ролю Станкевіча. Было некалькі кандыдатур на ролі Стасі Рэчыц і Гардзіславы, але агучваць іх імёны будзе неэтычна. Тым, як артысты справіліся са сваімі ролямі, я застаўся задаволены. Вядома, трукі выконвалі каскадзёры, але некаторым акцёрам усё роўна ў шэрагу сцэн давялося выйсці за грані сваіх магчымасцей, напрыклад, авалодаць майстэрствам скачак. Хтосьці наогул выконваў некалькі роляў, пераўвасобіўшыся адразу ў некалькіх персанажаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю