У віншавальных шэрагах
Архіўныя дакументы ілюструюць многія сюжэтныя лініі ў няпростай біяграфіі Алеся Пальчэўскага. Гэтым разам прыцягнула ўвагу ўсё, звязанае з яго жыццёвым і творчым трыумфам, што асабліва ярка праявілася падчас урачыстага святкавання 60-годдзя пісьменніка ў студзені 1965-га.
Нельга не пагадзіцца з беларускімі даследчыкамі В. Скалабанам, А. Карлюкевічам, якія неаднаразова выказвалі думку аб неабходнасці заснавання асобнага напрамку — юбілеялогіі. У нашым выпадку ў гэтым пераконваюць многія знакі афіцыйнага ўганаравання А. Пальчэўскага (з наступнымі памятнымі датамі статусна яны толькі падвышаліся), а таксама словы калег па пяры, тэлеграмы і лісты ўдзячных чытачоў.
Адметны мастацка-выяўленчы шэраг з аўтографамі вядомых людзей утвараюць віншавальныя адрасы: Дзяржаўнага камітэта па друку БССР, Саюза пісьменнікаў, выдавецтва «Беларусь».
Газета «Літаратура і мастацтва», якую ўзначальваў Нічыпар Пашкевіч, у той час выходзіла двойчы на тыдзень. Калектыў лімаўцаў узору сярэдзіны 1960-х гг. накіроўваў свае пажаданні «чалавеку мужнага і сумленнага лёсу, пісьменніку шчырага і светлага таленту». На асобнай старонцы графічны партрэт юбіляра, выкананы майстрам сяброўскага шаржу Міхаілам Лісоўскім.
Прамоўленае і захаванае
Творчы вечар у гонар 60-годдзя А. Пальчэўскага адбыўся 15 студзеня 1965 г. у клубе Саюза пісьменнікаў БССР (Мінск, вул. Энгельса, 9). Адметна, што запрашальны білет на гэтае мерапрыемства накладам у 600 экз. выйшаў у друкарні выдавецтва «Звязда».
Паводле праграмы імпрэзы, з уступным словам выступіў Іван Шамякін. Уладзімір Юрэвіч агучыў свой даклад «Творчы шлях Алеся Пальчэўскага». Наступнымі пунктамі значацца віншаванне юбіляра і канцэрт.
У фондах ЦНБ НАН Беларусі захаваўся не толькі запрашальны білет, які цяпер стаў архіўным дакументам, але і машынапіс даклада на 11 аркушах. Толькі ў арыгінале ён мае аўтарскую назву «Слова пра сябра». Адметна, што тут знаходзіцца і недатаваны рукапіс апавядання А. Пальчэўскага «Запрашальны білет». Гэта толькі некаторыя штрыхі персанальнага творча-біяграфічнага дыскурсу, падмацаваныя матэрыяламі акадэмічнай кніжніцы…
«Як жылі нашы продкі...»
Неаднойчы даводзілася чуць і чытаць выслоўе пра некаторых масцітых аўтараў савецкай пары, кшталту: «Той, хто зведаў гасціннасць стала [імя рэк]...» Такі штрых быў немалаважны ў абмалёўцы літаратурнага партрэта творцы, яго падкрэсленай шчодрасці ў дачыненні да калег па пяры.
Пэўную матэрыялізацыю названы выраз атрымаў пры азнаямленні з яшчэ адным сведчаннем — раней шараговага характару, а цяпер рарытэтнага. Гаворка пра «Меню да дня нараджэння — шасцідзесяцігоддзя Пальчэўскага Аляксандра Восіпавіча. 16 студзеня 1965 года».
Шыкоўны стол быў накрыты ў рэстаране «Беларусь». Спіс халодных закусак не можа не ўразіць сваёй разнастайнасцю: ікра зярністая, ласасіна з лімонам, асятрына заліўная, судак фаршыраваны, баравікі марынаваныя, цяляціна смажаная з хрэнам, індычка смажаная з яблыкамі... Далёка не ўвесь пералік толькі аднаго раздзела меню. «Цынандалі» — грузінскае віно № 1 у Савецкім Саюзе — прыўкраса стала, але не адзіны сярод напояў. Гэта, можам меркаваць, падкрэслены камплемент у гонар спадарожніцы жыцця віноўніка ўрачыстасці — Тамары Цулукідзэ.
Сапраўдны цуд. Асабліва калі памятаць, што за нейкія 10 гадоў перад урачыстай падзеяй А. Пальчэўскі жыў у ссылцы ў пасёлку Абан Краснаярскага краю, туліўся разам з жонкай у невялікім будане-шалашы, працаваў цесляром. Харчавалася сям’я вельмі сціпла і асаблівых надзей на кардынальныя змены ў сваім лёсе, па сутнасці, не мела.
Матэрыялы да святкавання юбілею пісьменніка захоўваюцца ў ЦНБ НАН Беларусі асобнай архіўнай адзінкай № 267. У спісе запрошаных на банкет (усе запрашэнні на асобных імянных картках) у алфавітным парадку значацца амаль выключна сямейныя пары — 52 сужэнствы. Не ўсе змаглі быць на ўрачыстасці, пра што ёсць адпаведныя паметы юбіляра.
Шляхетнае пісьменніцкае шэсце пачынае Эдзі Агняцвет з мужам Міхаілам Саламонавічам. У пераліку прысутных (пары значацца пад псеўданімамі творчых палавін): Бяганскія, Віткі, Вольскія, Грахоўскія, Гаўрукі, Мележы, Скрыганы, Семяжоны, Стральцовы, Шамякіны, Юрэвічы і інш.
Вядомае эсэ Адама Мальдзіса мае назву «Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі». Гісторыя аддаляе ад нас і, здавалася б, яшчэ нядаўнія падзеі савецкага перыяду, адхінае ў сферу музейна-архіўную, што патрабуе пэўных кампетэнцый пры найноўшым разуменні і асэнсаванні. Сёння ўжо іх чарга на адмысловую рэканструкцыю і белетрызацыю, асабліва ў дэталях і вызначальных рысах свайго часу — драматычных, будзённых, паспяховых і ўрачыстых.
У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фонду старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.