Top.Mail.Ru

Чаму ў беларускай літаратуры няма «нерва»?

14.01.2025 | 07:45

З аднаго боку, беларуская літаратура, як і ўся сусветная, апошнім часам развіваецца ў новых умовах. Звычайнай кнізе з’явілася альтэрнатыва — сеткавая літаратура (нават з’яўляюцца спробы генерыравання тэкстаў нейрасеткамі). Сёння роля сусветнага павуціння часцяком вызначае далейшы творчы шлях пісьменніка, выбар тэм, жанраў, тэхнікі падачы сюжэтнай інфармацыі, рэкламы сваёй творчасці. Але нашым літаратарам удалося захаваць сваю самабытнасць, арыгінальнасць, паказаць праз творы душэўную чысціню беларуса.


Чаму ў беларускай літаратуры няма «нерва»? Гэта, найперш, адлюстраванне нашага менталітэту. Міралюбнасцю, талерантнасцю, здольнасцю да нетаропкіх разваг і мудрых высноў, глыбокай павагай да бацькоў, радзімы, роднага слова, удумлівым позіркам у сваю гісторыю і ўдзячнасцю за тое, чым жывём сёння, вылучаецца сучасны беларус. Гэта прыемна здзіўляе замежных чытачоў, і гэтай адметнасцю мы можам ганарыцца. Сучасныя творцы заклапочаны ўзбагачэннем нацыянальнага мастацкага слова, працуюць у розных жанрах, выдаецца шмат кніг краязнаўчай накіраванасці, шырокаму чытачу даступная літаратура на любы густ.

Так, часта пытаюцца, дзе ж тытаны беларускай літаратуры, якія ідуць услед за Якубам Коласам, Уладзімірам Караткевічам, Васілём Быкавым, Іванам Шамякіным? Літаратура — справа сур’ёзная, таму поспех заўсёды замацоўваецца часам і не мае тэрмінаў. Літаратуразнаўцы, чытачы на працягу стагоддзяў удумліва адкрываюць для сябе таямніцы пісьменніцкай працы. Я ўпэўнена, што творы многіх сучасных паэтаў і празаікаў з цягам часу стануць залатым фондам нашай культуры і нашчадкі будуць захапляцца творчасцю пісьменнікаў пачатку XXI стагоддзя.

Скразная праблематыка ва ўсе часы ў пісьменнікаў адна — супрацьстаянне дабра і зла і роля чалавека ў грамадстве. Сёння і літаратараў, і чытачоў хвалююць тэмы Вялікай Айчыннай вайны, гістарычнай праўды, мастацкае асэнсаванне працэсаў нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі 1921–1939 гадоў праз вывучэнне творчасці і лёсаў паэтаў, актыўных удзельнікаў усенароднай барацьбы, праз успаміны знаёмых і родных. Паглыбляючыся ў літаратурную спадчыну, мы падводзім чытача да аналізу мінулага і сучаснага, да разумення таго, якой цаной нам дасталіся наша дзяржаўнасць і сённяшні дабрабыт. Таму задача сучаснага пісьменніка — выхаваць беларусапатрыёта, захопленага надзённымі добрымі справамі на карысць свайго народа.

Сёння паэт больш, чым паэт. Паэзія — свет, які, мабыць, у паўсядзённым жыцці мы і не заўважаем. А ўявіце, калі мы выключым у сваім унутраным пакойчыку «лямпачку»? Адразу згубім сябе ў цемры. У 1965 годзе рускі літаратуразнаўца Яўгеній Мазалькоў, які прысвяціў сваю работу беларускім творцам, назваў нашу краіну «спеўнай зямлёй». Прыгожае пісьменства — не толькі асабісты поспех майстра слова, гэта духоўнае развіццё кожнага чалавека, грамадства. Саюз пісьменнікаў Беларусі падтрымлівае таленты, папулярызуе сапраўдную творчасць, дапамагае навесці масткі паміж пісьменнікам і чытачом. Пры гэтым немагчыма развіццё літаратурнага працэсу без пераемнасці пакаленняў, захавання традыцый. Лічу, што ў творчасці не можа быць канкурэнцыі, бо кожны аўтар самабытны, займае сваю нішу. 

Берасцейшчына знаходзіцца на культурным скрыжаванні, паміж Усходам і Захадам. Адметнасць гісторыі наклала свой адбітак на развіццё літаратуры. 

Дыялектныя гаворкі, культурныя набыткі, звычаі, якія праз вякі пранеслі берасцейцы, узбагацілі беларускую літаратуру. Сучасная творчасць Берасцейшчыны вызначаецца сваёй разнастайнасцю. Напрыклад, Віктар Рэчыц усё жыццё прысвяціў сатыры і гумару, Сяргей Белаяр захапляе навуковай фантастыкай, Анатоль Бярнацкі пашырае кругагляд чытача, працуючы ў жанры нон-фікшн, даволі глыбокімі краязнаўчымі працамі вылучаецца творчасць Таццяны Канапацкай і Анатоля Бензерука, Анатоль Брытун здзіўляе аматараў літаратуры прыгодніцкімі кнігамі, Зінаідзе Дудзюк і Расціславу Бензеруку падуладны ўсе жанры ад афарызмаў да драматургіі, прафесійна нашы пісьменнікі займаюцца і перакладчыцкай дзейнасцю, пішуць творы для дзяцей і падлеткаў. Брэстчына асабліва моцна выяўляецца ў паэтычных творах. Лірыкі звяртаюцца да ўласнай памяці, гісторыі роднага краю, навакольнай прыгажосці, агульнай філасофіі жыцця і свайго асабістага вопыту. 

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю